Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Падтрымка будзе меншай, але дастатковай, каб выжыць», — МЗС Польшчы пра фінансаваньне «Белсату»


Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski)
Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski)

Міністэрства замежных спраў Польшчы працягне фінансавую падтрымку тэлеканалу «Белсат», але ў меншых абʼёмах. Пра гэта ў інтэрвію газэце Rzeczpospolita сярод іншага сказаў міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі.

«Мы будзем працягваць падтрымку. Яна будзе меншай, але дастатковай для таго, каб выжыць».

Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што палякі, якія жывуць у Беларусі, хочуць глядзець TVP Polonia і TVP Kultura, а не «Белсат».

«У нас ёсьць вельмі супярэчлівыя зьвесткі пра ўплыў тэлеканалу „Белсат“ на беларускае грамадзтва. Падтрымка грамадзянскай супольнасьці можа ажыцьцяўляцца па-іншаму і больш эфэктыўна», — сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства. Як нагадвае БелаПАН, пра тое, што МЗС Польшчы скарачае фінансаваньне «Белсату», а таксама пра магчымы перавод тэлеканалу на расейскамоўнае вяшчаньне стала вядома летась у сьнежні. Той жа Вітальд Вашчыкоўскі расказаў пра пляны абʼяднаць усе замежныя рэдакцыі TVP Polonia ў адну.

Скарачэньне фінансаваньня «Белсату» чыноўнік патлумачыў павелічэньнем выдаткаў на польскія консульскія службы і на падтрымку сырыйскіх уцекачоў. Пры гэтым падкрэсьліў, што польскі ўрад — не ўладальнік «Белсату», а толькі адзін з донараў, тэлеканал мае магчымасьць шукаць іншыя крыніцы фінансаваньня.

На пачатку году сьпікер Сэнату Польшчы Станіслаў Карчэўскі ў інтэрвію Rzeczpospolita заявіў, што падрыхтаваныя папраўкі, якія дазволяць фінансаваць дзейнасьць «Белсату» на ранейшых умовах.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал «Белсат» вяшчае на Беларусь ад сьнежня 2007 году. Ён створаны як структурнае падразьдзяленьне Польскага тэлебачаньня, рэдакцыя месьціцца ў Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG