Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Споведзь Сяргея Пальчэўскага: «Пад псэўданімам „Артур“ я падпісаў супрацу з КДБ»


Сяргей Пальчэўскі
Сяргей Пальчэўскі

Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што даў падпіску аб супрацы з КДБ пад псэўданімам «Артур». У сваёй заяве, распаўсюджанай ў сацсетках, ён напісаў, што каецца ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі.

Сяргей Пальчэўскі расказаў, што на першым жа допыце ў цэнтральным апараце КДБ ён меў размову без адваката з двума супрацоўнікамі КДБ.

«Яны адразу пачалі патрабаваць, каб я распавядаў ім нешта пра „справу патрыётаў“. Я адмовіўся. Тады мяне пачалі шантажаваць. Мне была выказана пагроза крымінальнага перасьледу і дадатковага тэрміну за ДТЗ з маім удзелам. Справа ў тым, што сёлета ў лютым я, рухаючыся за стырном, зьбіў на пешаходным пераходзе жанчыну. Дзякуй Богу, ДТЗ абышлося без пераломаў, але пашкоджаньні здароўю кваліфікаваныя як менш цяжкія і за гэта, пры жаданьні пацярпелай, можа быць заведзеная крымінальная справа».

Паводле Сяргея Пальчэўскага, таксама была агучана пагроза публікацыі нейкіх інтымных падрабязнасьцяў пра ягонае асабістае жыцьцё.

«Па шчырасьці сказаць, я і ня вельмі зразумеў, пра што вядзецца гаворка. Цяпер прыгадваю, што за некалькі дзён да арышту мне грукаліся ў сетцы „УКантакце“ невядомыя людзі і казалі, што ведаюць пра тое, што я гей, ды прапаноўвалі мне адкрыцца ў „шчырай размове“. Гэтых людзей я заблякаваў, але калі вычварэнцам з КДБ цікава, сёньня я прызнаюся: я ня гей. На завяршэньне мне пагражалі „пятушатнямі“ ў зоне», — распавядае Пальчэўскі.

Ён вырашыў даваць паказаньні, «зважаючы на шантаж і тое, што ня вёў ніякай злачыннай дзейнасьці, ня ведае ніякіх сакрэтаў».

«Пасьля таго, як мы паразмаўлялі прыватна, гэбэшнікі загадалі паўтарыць усё гэта пры адвакаце і далі мне на подпіс падпіску аб супрацы. Пад псэўданімам „Артур“ я падпісаў супрацу з КДБ, разважаючы пра тое, што па вызваленьні прызнаюся аб гэтым маім сябрам. І сёньня я каюся ў гэтым учынку перад Богам і людзьмі. Калі нехта мяне асуджае за ўчыненае, я лічу, што кожны мае на тое поўнае права».

Дашкевіч пра прызнаньне Пальчэўскага: «Гэта мужны крок»

Зьміцер сказаў, што з павагай ставіцца да Сяргея і ўдзячны за яго мужны крок.

«Гэты мужны крок, вельмі складаны для яго. Ён перажывае, сам сябе судзіць, залішне нават у гэтай сытуацыі. Гэта мужны ўчынак, калі людзі прызнаюцца пра тую ці іншую форму гвалту над сабой. Ён не зрабіў ніякага злачынства. Наколькі магу, буду яго падтрымліваць. Нічога не памяняецца ў стаўленьні да яго.

Калі чалавек агучвае, што яго спрабавалі вэрбаваць, то гэтыя пагрозы, ціск зьнікае. Толькі ў таемнасьці і невядомасьці чэкісты могуць рабіць свае захады. Цяпер уся грамадзкасьць будзе сачыць за лёсам Сяргея. Я паважаю Сяргея за ягоную шчырасьць, пасьвячонасьць беларушчыне, і буду яго падтрымліваць», — сказаў Зьміцер Дашкевіч Свабодзе.

Зьміцер Дашкевіч дадаў, што падобныя факты былі і раней. Калі Наста Палажанка сядзела ў СІЗА КДБ за акцыі 2010 года, то Міколу Дземідзенку прапанавалі падпісаць дакумэнт аб супрацы з КДБ, абяцаючы выпусьціць на волю Насту. Ён падпісаў, Тады Насту насамрэч вызвалілі.

«Нічога новага няма ў гэтых мэтадах: зладзеі могуць дзейнічаць толькі як зладзеі нейкімі пагрозамі. Таму я раю Сяргею не зважаць на правакацыі, інсынуацыі ворагаў, далей дзейнічаць. Кожны чалавек робіць тыя ці іншыя памылкі», — сказаў Дашкевіч.

Бяляцкі: Пальчэўскі нічога не парушыў

Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа Свабодзе, што выдаваньне падпісаньня дамовы з КДБ ня цягне нейкіх юрыдычных наступстваў для чалавека, які пра такую дамову распавёў:

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«Нічога не бывае! Хіба нейкую птушачку ставяць, мабыць, і будуць больш пільна адсочваць, шукаць магчымасьць на хвост наступіць. Людзі нічога не парушаюць, гэта па-за заканадаўствам. Ён правільна зрабіў, што расказаў. Гэта нашая настойлівая парада: калі нешта падпісаў, трэба казаць, паведамляць адразу, а яшчэ лепш увогуле не падпісваць. І гэта мая рэкамэндацыя і як праваабаронцы, і як былога палітычнага „сядзельца“».

Такія выпадкі апошні раз былі пасьля акцыяў 2010 году, калі затрымалі багата людзей на Плошчы. Некаторыя, каго адпусьцілі, прызналі, што падпісалі такія дамовы, расказалі потым пра гэта. І ўсе гэтыя дамовы ператварыліся ў нішто«.

Міхалевіч: гэтыя дамовы ніякай юрыдычнай сілы ня маюць

Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Алесь Міхалевіч быў у ліку затрыманых пасьля Плошчы 19 сьнежня 2010 году, ён прызнаваўся, што падпісваў дамову з КДБ, а потым уцёк за мяжу і атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі. Міхалевіч кажа Свабодзе, што ніякага законнага перасьледу за такое прызнаньне быць ня можа:

Алесь Міхалевіч
Алесь Міхалевіч

«Гэтыя дамовы ніякай юрыдычнай сілы ня маюць, гэта хутчэй дамова, каб чалавек баяўся нешта зрабіць і лічыў сябе абавязаным. Нічога за выдаваньне такой дамовы не пагражае з гледзішча права. Іншае пытаньне, што бяспраўна ў беларускай дзяржаве можна рабіць шмат чаго.

Вельмі цяжка сказаць, у выніку чаго наступае перасьлед. Пасьля майго ад’езду ў мяне быў экстрадыцыйны працэс, падалі ў вышук праз „Інтэрпал“, Беларусь патрабавала мяне выдаць у Чэхіі, шмат разоў затрымлівалі на розных межах... Перасьлед нейкі можа быць, але юрыдычна ён ніяк не зьвязаны з дамовай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG