Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Даўно ад Лукашэнкі не гучала такой ідэалягічнай нянавісьці да эўрапейскіх каштоўнасьцяў»


Чаму так варожа кіраўнік дзяржавы выказаўся пра палітыку Эўразьвязу?

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Глод: Сёньня кіраўнік краіны заявіў, што Беларусь гатовая стаць пляцоўкай для новага Хэльсынскага працэсу:

«Падзеі, што адбываюцца сёньня ў сьвеце і на кантынэнце, зноў і зноў дэманструюць актуальнасьць беларускай ініцыятывы па наладжваньні новага маштабнага дыялёгу паміж Усходам і Захадам, аналягічнага Хэльсынскаму працэсу. Пацьвярджаю: Менск гатовы ў любы момант стаць месцам дыялёгу, накіраванага на асэнсаваньне новых правілаў усясьветнага ладу», — заявіў Лукашэнка.

Адзінае, што зрабіла Беларусь за апошнія гады на міжнароднай арэне, — гэта дала сваю пляцоўку для перамоваў па Ўкраіне. Праўда, апошнім годам усе канстатуюць, што Менскі працэс амаль спыніўся. Пакуль зь яго ніхто не выходзіць, бо іншага не прапануецца. Але, мабыць, нешта тут зьменіцца. Магчыма, Лукашэнка адчувае, што час ідзе і тыя дывідэнды, якія ён атрымаў ад менскай пляцоўкі, памалу растаюць. Таму шукаецца ня проста нешта новае, а надзвычай важнае. Бачыце, Хэльсынскі працэс у Менску!

Мала што атрымаўшы ў матэрыяльным пляне, Лукашэнка, падобна, расчараваўся ў палітыцы зьмякчэньня адносінаў з Брусэлем.

Падобна, што Лукашэнка пераглядае свае дачыненьні з Эўразьвязам. Мала што атрымаўшы ў матэрыяльным пляне, Лукашэнка, падобна, расчараваўся ў палітыцы зьмякчэньня адносінаў з Брусэлем. Мабыць, таму ён сёньня зьвярнуўся да эўрачыноўнікаў. Ён заклікаў іх адумацца. Лукашэнка заявіў, што людзі з боепрыпасамі, зброяй рвуцца да нас з усіх бакоў. А вы — маецца на ўвазе, чыноўнікі з Эўропы — правы чалавека «качаеце»? А як да мігрантаў ставіцеся? Да тых дзетак, што тонуць у моры? Гэта ж вы разварушылі Блізкі Ўсход. Як вам ня сорамна валіць на Беларусь? Вось вы, Польшча, пяць тысяч уцекачоў перажаваць ня можаце. А мы 160 тысяч з Украіны прынялі. Вы хочаце і тут дэстабілізаваць абстаноўку? Увесь эўрапейскі кантынэнт палае. І калі Беларусь нешта можа зрабіць у гэтым кірунку, то вазьміце ў нас.

Аднак экспэрты ўдакладняюць, што 160 тысяч уцекачоў з Украіны ў Беларусі — гэта толькі фэйк. Насамрэч іх усяго 1642. А Лукашэнка толькі сёньня тройчы згадаў лічбу 160 тысяч. Гэтая лічба ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю.

Паводле зьвестак Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, на працягу 2014–2015 гадоў па статус уцекача ці «па дадатковую абарону» зьвярнуліся 1642 грамадзяніна Ўкраіны. Зь іх толькі адзін грамадзянін Украіны атрымаў афіцыйны статус уцекача. Часовы (на год) або пастаянны дазвол на жыхарства за пэрыяд з 1 студзеня 2014 году па 1 ліпеня 2016 году ў Беларусі атрымалі 35 157 грамадзян Украіны. Гэта пераважна працоўныя мігранты.

Навошта Лукашэнку спатрэбілася так завышаць лічбу? Экспэрты называюць у якасьці магчымай прычыны жаданьне атрымаць ад ААН і ЭЗ дадатковыя сродкі, фармальна — на інфраструктуру для ўцекачоў.

Цыганкоў: Аналітыкі не чакалі ад выступу Аляксандра Лукашэнкі радыкальных зьменаў у замежнай палітыцы. Новым, магчыма, прагучалі рэзкія словы на адрас эўрапейскіх партнэраў. На фоне нармалізацыі адносін з Эўропай у апошнія гады Аляксандар Лукашэнка ўстрымліваўся ад нейкіх крытычных ці зьедлівых выказваньняў. Але сёньня не сказаць, што выказваньні былі занадта рэзкія, але гучалі яны досыць палемічна і жорстка.

У даволі вялікім экспромце, адарваўшыся ад тэксту, Лукашэнка эмацыйна казаў пра прэтэнзіі эўрапейцаў да беларускай рэчаіснасьці. Маўляў, чаго вы ад нас хочаце? Мы дэманстрантаў вадой не палівалі, газам не труцілі, а вось вы гэта рабілі. А самі пачынаеце нас папракаць.

Даволі новая зьява апошніх гадоў: вы самі хутка зразумееце свае памылкі, вы зьменіцеся і станеце такімі ж, як і мы.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей ажно высах ад заходняй крытыкі. Маўляў, ён ужо баіцца туды прыходзіць, каб ня слухаць усю гэтую крытыку.

Гэта азначала, па-першае: адчапіцеся, прымайце нас такімі, як ёсьць, іначай будзе горш. Мы і мігрантаў прымаем, і тэрарыстаў мы перахапілі на нашай тэрыторыі — а то ня будзем гэта ўсё рабіць.

І па-другое, даволі новая зьява апошніх гадоў: вы самі хутка зразумееце свае памылкі, вы зьменіцеся і станеце такімі ж, як і мы. Тут Аляксандар Лукашэнка казаў і пра рэальныя падзеі ў Эўропе, праблему мігранцкую і тэрарыстычную. Маўляў, чаму яны, эўрапейскія палітыкі, нічога ня могуць з гэтым зрабіць? Няма ў іх, як ён выславіўся, некаторых частак цела. Раней ён казаў, што ў эўрапейскіх палітыкаў няма яец. Гэтым разам выказаўся трохі больш завуалявана.

Мэсыдж, што ня толькі мы добрыя, але і вы самі хутка зьменіцеся, досыць новы, і ён мае на ўвазе апошнія эўрапейскія рэаліі, калі ўсё часьцей на палітычнай арэне зьяўляюцца правакансэрватыўныя, антылібэральныя, антыімігранцкія рухі, якія заваёўваюць папулярнасьць. Маецца на ўвазе і «Брэксіт», і перамога Дональда Трампа ў ЗША. Тыя тэндэнцыі, якія, на думку Аляксандра Лукашэнкі, толькі пацьвярджаюць ягоную праўду.

Таксама можна было б заўважыць, што нечакана мала і суха Лукашэнка гаварыў пра беларуска-расейскія дачыненьні. Проста ён ні разу фактычна не адрываўся ад свайго тэксту, а там было толькі некалькі фразаў пра інтэграцыю і сяброўскія дачыненьні. Ён не выказваў ні крытыкі, ні захапленьня.

Карбалевіч: На мой погляд, Аляксандар Лукашэнка вярнуўся да ранейшай рыторыкі ў адносінах з ЭЗ. Цікава, што калі чытаў падрыхтаваны тэкст, то казаў, што мы зацікаўленыя ў нармалізацыі адносін з Эўразьвязам. Але, адарваўшыся ад паперкі, прэзыдэнт даў волю свайму раздражненьню і сказаў усё, што ён думае пра Эўропу. Зьвярнуў бы ўвагу, што фактычна ён заклікаў да эканамічнай вайны з Эўразьвязам. Вось дык нармалізацыя адносін!

Хваравітая рэакцыя на папрокі з боку Эўразьвязу стала вынікам акцый «недармаедаў», якія прайшлі па краіне. Траўматычная рэакцыя вылілася ў жорсткую палеміку з Эўразьвязам па пытаньнях дэмакратыі.

Гэтая хваравітая рэакцыя на папрокі з боку Эўразьвязу стала вынікам вось тых акцый «недармаедаў», якія прайшлі па краіне. Траўматычная рэакцыя і вылілася ў жорсткую палеміку з Эўразьвязам па пытаньнях дэмакратыі. Даўно з вуснаў Лукашэнкі не гучала такой ідэалягічнай нянавісьці да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Такой мовы варожасьці ён даўно ўжо не ўжываў.

Таму мне падаецца, што адносіны з Эўразьвязам пачынаюць пагаршацца. І прычын тут дзьве. Першая — пэўнае расчараваньне. Лукашэнка не атрымаў ад Эўразьвязу таго, на што ён разьлічваў, мусіць, і ў эканамічным сэнсе.

І другое — рэакцыя Эўразьвязу на рэпрэсіі супраць людзей, якія ўдзельнічалі ў акцыях. То бок разам з унутранай лібэралізацыяй адкідаецца ўбок і нармалізацыя адносін з Эўрапейскім Зьвязам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG