Сёньняшняе выданьне The Guardian апублікавала матэрыял пра недахоп спэцыяльнага (энтэральнага) харчаваньня для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцца ў менскіх інтэрнатах.
«Фатаграфіі з інтэрнатаў у Менску прыводзяць на памяць іншыя выпадкі недагледжаных дзяцей у рэгіёне, у прыватнасьці, скандал з румынскімі сіротамі ў пачатку 1990-х гадоў. Многія з гэтых здымкаў занадта жудасныя, каб мы маглі іх апублікаваць», — піша брытанскае выданьне, спасылаючыся на публікацыю беларускага выданьня «Имена», якое ўпершыню зьвярнула ўвагу на праблему адсутнасьці спэцыяльнага харчаваньня ў адным зь менскіх інтэрнатаў і апублікавала вельмі жорсткія для ўспрыняцьця фатаграфіі згаладалых і пахудзелых дзяцей і падлеткаў.
Guardian паведамляе сваіх чытачоў, што пасьля гэтай публікацыі факты недахопу адпаведнага харчаваньня былі выяўленыя і ў іншых інтэрнатах у Менску, і што пракуратура пачала адпаведнае расьсьледаваньне ў гэтай справе.
Guardian цытуе дырэктара аднаго зь дзіцячых дамоў у Менску, Вячаслава Клімовіча, які віну за сытуацыю ўскладае на псыхалягічны стан саміх дзяцей. «Прычына, чаму яны не набіраюць вагу, заключаецца не ў недастатковасьці харчаваньня, але ў іх псыхіцы. Да іх няма абсалютна ніякага доступу, там няма мозгу. У іх адбываюцца зусім іншыя працэсы», — лічыць Клімовіч.
У сваю чаргу цытаваная брытанскім выданьнем Ганна Гарчакова, дырэктар дзіцячага хосьпісу ў Менску, лічыць, што скандал зь недастатковым харчаваньнем у інтэрнатах узьнік і з прычыны агульнага стаўленьня да цяжкахворых дзяцей. «Іх кормяць, даглядаюць, але іх разглядаюць як расьліны», — сказала Гарчакова.