Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля ЧАЭС затрымалі шэсьць беларускіх сталкераў


Цікавасьць да зоны адчужэньня Чарнобыльскай АЭС павялічваецца і ў легальных турыстаў, і ў нелегальных сталкераў.

Шасьцёра сталкераў — грамадзян Беларусі аштрафуюць за незаконнае наведваньне чарнобыльскай зоны адчужэньня на тэрыторыі Ўкраіны.

Як паведамілі Радыё Свабода ў Дзяржаўным агенцтве кіраваньня зонаю адчужэньня Ўкраіны, беларусы былі затрыманыя ў адселеным горадзе Прыпяць 11 красавіка ў групе з двума сталкерамі з Расеі і двума ўкраінцамі. Неўзабаве згодна з рашэньнем суду ім давядзецца заплаціць штраф у памеры ад 340 да 510 грыўняў (афіцыйны курс: 1 даляр — 26,78 грыўняў).

Каардынатар экскурсійных праграм Go2Chеrnobyl Дзьмітры Малін мяркуе, што пераадолець сталкерскі рух практычна немагчыма:

Сталкерскі рух падаграваюць фільмы ды кампутарныя гульні. Пагуляўшы ў такую гульню, яны хочуць самі пабачыць такую карцінку ў рэальнасьці.

— Сталкерскі рух падаграваюць фільмы ды кампутарныя гульні. Пагуляўшы ў такую гульню, яны хочуць самі пабачыць такую карцінку ў рэальнасьці. Сталкерам нецікава хадзіць у рамках экскурсійнай праграмы і наведваць месцы, якія прайшлі дэзактывацыю і дазволеныя для агляду. Але самастойныя паходы незаконныя і за іх прадугледжана адміністрацыйная і нават крымінальная адказнасьць: у выпадку, калі такія турысты яшчэ і выносяць з зоны адчужэньня нейкія прадметы ці рэчы, іх могуць пазбавіць волі тэрмінам на пяць гадоў.

Са сталкерамі змагаюцца — у зоне адчужэньня ёсьць пасты паліцыі ды іншых службаў, якія працуюць у межах сваёй кампэтэнцыі. Але трэба разумець, што зона мае вялікі пэрымэтар і ахапіць яго увесь проста нерэальна. Летась праваахоўнікі выявілі за 50 такіх экстрэмальных турыстаў. Але яны ўсё роўна едуць у пошуках прыгод.

— Ці вялікі попыт на экскурсіі ў зону адчужэньня?

— Згодна з тою статыстыкаю, што мы маем, летась зону адчужэньня з азнаямленчай мэтай наведалі больш як 36 тысяч турыстаў зь 93 краін сьвету. Гэта немаленькая лічба, і яна штогод павялічваецца, а значыць — і попыт на такія экскурсіі. Таму адназначна гэта важны кампанэнт у разьвіцьці турызму. Апэратары такіх экскурсій працуюць згодна з заканадаўствам — яны маюць дагаворы з адміністрацыяй Чарнобыльскай зоны адчужэньня, зь міністэрствам, афіцыйна замаўляюць пропускі і полісы страхаваньня. Усе цывільна.

А чалавек, які едзе самастойна, рызыкуе сваім жыцьцём і здароўем. І небясьпека ня толькі з радыяцыйнага пункту гледжаньня. Небясьпека і ў тым, што яны мусяць ісьці празь лясы і балоты. А трэба разумець, што прырода пасьля 30-гадовай адсутнасьці у тых раёнах чалавека буяе, там вялікая колькасьць зьвяроў. Зона адчужэньня досыць праблематычная — лясы не прарэджваюцца, балоты не прасушваюцца. Кошт афіцыйнай экскурсіі не перавышае 25 даляраў — чалавек садзіцца ў аўтобус, ёсьць суправаджальная асоба, і ён сябе адчувае камфортна. Гэта ў сотні разоў больш бясьпечна, чым ісьці забруджанымі балотамі.

Перад экскурсіяй мы знаёмім турыстаў з правіламі паводзінаў у зоне адчужэньня. І яны маюць пацьвердзіць, што ў іх няма супрацьпаказаньняў для наведваньня забруджанай тэрыторыі. Але ці ёсьць нейкі пералік захворваньняў, зь якімі мэдыкі не рэкамэндуюць наведваць зону адчужэньня? У сваёй практыцы я з такім не сутыкаўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG