Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленскі губэрнатар хоча адкрыць мяжу Расеі зь Беларусьсю для грамадзян трэціх краінаў


Ілюстрацыйнае фота. На пункце пропуску Смаленскай мытні
Ілюстрацыйнае фота. На пункце пропуску Смаленскай мытні

Губэрнатар Смаленскай вобласьці Расеі Аляксей Астроўскі прапанаваў адкрыць міжнародны пункт пропуску на расейска-беларускім участку мяжы пад Смаленскам.

Закрыцьцё пункту пропуску «Красная горка» на беларуска-расейскай мяжы, паводле Аляксея Астроўскага, вельмі нэгатыўна адбіваецца на найважнейшых сфэрах жыцьця рэгіёну.

Гэтае пытаньне губэрнатар абмяркоўваў падчас сустрэчы зь дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам. Астроўскі зноў папрасіў Рапоту аказаць садзейнічаньне ў пытаньні адкрыцьця міжнароднага пункту пропуску на расейска-беларускім участку мяжы пад Смаленскам.

Паводле Астроўскага, Смаленшчына губляе «вельмі значны турыстычны, інвэстыцыйны патэнцыял праз тое, што грамадзяне трэціх краінаў ня маюць магчымасьці ўехаць у Расейскую Фэдэрацыю праз наш рэгіён».

Паводле Рапоты, пытаньне перасячэньня расейска-беларускай мяжы грамадзянамі трэціх краінаў не адрэгуляванае юрыдычна. І тут неабходна прыняць пэўныя рашэньні.

Праблема перасячэньня расейска-беларускай мяжы грамадзянамі трэціх краінаў абмяркоўвалася ў Горадні падчас сустрэчы спэцыяльнай расейска-беларускай рабочай групы.

У кастрычніку мінулага году Расея забараніла ўезд грамадзян трэціх краінаў праз пункт пропуску «Красная горка» на беларуска-расейскай мяжы пад Смаленскам. У памежнай службе Расеі паведамілі, што праз гэты пункт у Расею могуць уяжджаць толькі грамадзяне Беларусі.

Памежнікі тады спаслаліся на артыкул 4 дамовы паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь ад 1995 году пра забарону на праезд грамадзян трэціх краінаў. Такім чынам, паводле дамовы, астатнія іншаземцы павінны ўяжджаць у Расею праз Украіну ці Прыбалтыку.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка МЗС РФ Марыі Захаравай, на расейска-беларускай дзяржаўнай мяжы міжнародныя пункты пропуску адсутнічаюць.

«У сувязі з гэтым памежны кантроль асобаў і транспартных сродкаў на гэтым участку дзяржаўнай мяжы не ажыцьцяўляецца. Такім чынам, падстаў для перасячэньня расейска-беларускай дзяржаўнай мяжы грамадзянамі трэціх краінаў ня маецца».

Раней замежныя грамадзяне свабодна перасякалі расейска-беларускую мяжу, не праходзячы пашпартнага кантролю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG