Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская апазыцыя прапануе ўладам дыскусію ў пытаньнях, узьнятых на акцыях «недармаедаў»


Акцыя «недармаедаў» 19 лютага ў Гомлі
Акцыя «недармаедаў» 19 лютага ў Гомлі

18 красавіка ў грамадзка-палітычным цэнтры Гомеля на вуліцы Палескай адбылося адкрытае абмеркаваньне фармату правядзеньня першатравеньскай акцыі салідарнасьці і падрыхтоўкі да кампаніі «Мясцовыя выбары». У ім удзельнічалі прадстаўнікі розных палітычных партыяў, рухаў, грамадзкіх арганізацыяў, а таксама гомельскія блогеры.

Ва ўдзельнікаў абмеркаваньня недназначны погляд на першатравеньскі мітынг, на які прадстаўнікі левых арганізацыяў падалі заяўку ў Гомлі. Адказу на заяўку пакуль няма, але гомельскія гарадзкія ўлады не дазвалялі масавыя мерапрыемствы, ініцыяваныя дэмакратычна настроенымі гараджанамі, з 2004 году.

Некаторыя ўдзельнікі сустрэчы прапаноўвалі 1траўня выйсьці на плошчу Паўстаньня зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і зразумелымі гараджанам лёзунгамі, кшталту: «Праца. Салідарнасьць. Рэформы. Сумленныя выбары».

Прадстаўнік БХК Аляксандар Шарыпаў лічыць, што «трэба навучыць людзей быць разам». Грамадзкі актывіст Аляксандар Процка перакананы, што мітынгоўцы павінны мець чырвоныя карткі, як у футболе, з надпісам: «Сыходзь!».

Васіль Паляко
Васіль Паляко

Намесьнік старшыні АГП Васіль Палякоў лічыць, што грамадзтва пакуль выйграе ва ўлады: «людзі сваімі пратэстамі ў лютым і сакавіку дамагліся прыпыненьня дэкрэту № 3 і адчулі, што разам яны могуць прымусіць улады лічыцца зь іх меркаваньнем. Са свайго боку, улады масавымі рэпрэсіямі крыху прытушылі пратэставыя настроі часткі грамадзтва. Аднак ня варта людзей заклікаць кожны тыдзень ці нават месяц выходзіць на плошчы. Людзі проста стомяцца. „Дзявяты“ вал пратэсту ніякія заклікі ня ўзьнімуць. Нежаданьне ўладаў праводзіць сацыяльна-эканамічныя рэформы выведзе на вуліцы больш грамадзянаў», — мяркуе Васіль Палякоў.

Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

Палітык і грамадзкі актывіст Уладзімер Кацора паведаміў, што ён і рэгіянальны прадстаўнік прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў накіравалі ў аблвыканкам заяву-прапанову ўсё-ткі сабрацца разам у вялікай залі і абмеркаваць «сацыяльна значныя пытаньні», якія ўзьнімаліся на акцыях пратэсту «недармаедаў» 19 лютага і 25 сакавіка. Ранейшая прапанова апазыцыйных актывістаў наконт сумеснага дыялёгу адносна эканамічных рэформаў і захаваньня сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі не была рэалізаваная з прычыны прэвэнтыўных арыштаў актывістаў.

«Калі нас мясцовыя ўлады і на гэты раз не пачуюць, то я прапаную аб’явіць для іх 1 траўня працоўным днём, прыйсьці да аблвыканкаму, каб там распачаць дыялёг пра набалелыя праблемы», — падсумаваў Уладзімер Кацора.

Вырашана дачакацца адказу ад Гомельскага аблвыканкаму на заяву-прапанову і потым канчаткова вызначыць фармат першатравеньскай акцыі салідарнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG