Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР заявіла, што зробіць «папераджальны ўдар», калі ЗША «працягнуць безразважныя вайсковыя манэўры»


Намесьнік кіраўніка Міністэрства замежных справаў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі Хан Сон Р’ёль у інтэрвію агенцтву The Associated Press заявіў, што Паўночная Карэя ў выпадку неабходнасьці можа нанесьці прэвэнтыўны ўдар па сілах ЗША.

«Калі ЗША працягнуць безразважныя вайсковыя манэўры, тады мы, КНДР, сустрэнем іх папераджальным ударам», — заявіў ён. — У нас ёсьць магутныя ядзерныя сродкі стрымліваньня, і мы, вядома, ня будзем сядзець склаўшы рукі.

Хан Сон Р’ёль заявіў, што менавіта прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп нясе адказнасьць за ўзмацненьне напружанасьці на Карэйскім паўвостраве.

«Гэта Трамп ажыцьцяўляе правакацыі пры дапамозе агрэсіўных заяваў, — лічыць прадстаўнік КНДР. — Праблемы выклікае менавіта Трамп, а не Паўночная Карэя».

Карэйскі дыплямат таксама лічыць, што амэрыканскія ўлады сёньня дзейнічаюць больш «зламысна» і «агрэсіўна» ў дачыненьні да яго краіны, чым гэта было пры прэзыдэнце Бараку Абаму.

Ён нагадаў пра перабазаваньне амэрыканскай авіяноснай групы на чале зь ядзерным авіяносцам «Карл Вінсан» да Карэйскага паўвострава і аб сумесных вайсковых манэўрах ЗША і Паўднёвай Карэі.

Афіцыйна амэрыканскае вайсковае камандаваньне не камэнтуе апэрацыю, якая рыхтуецца ў дачыненьні да КНДР, і знаходжаньне паблізу паўвострава амэрыканскай эскадры. Аднак паводле прыватнай выведвальна-аналітычнай кампаніі Stratfor, авіяносная група ЗША ў цяперашні час знаходзіцца на захад ад японскага вострава Кюсю і ідзе праз Карэйскі праліў ў акваторыю Японскага мора да ўсходняга ўзьбярэжжа КНДР, дзе да яе могуць далучыцца японскія караблі.

Хан Сон Р’ёль таксама падкрэсьліў, што любыя заявы амэрыканскіх палітыкаў аб зьнішчэньні дзяржаўнай сыстэмы КНДР і пра дзяржаўны пераварот яе ўраду зьяўляюцца непрымальнымі.

«Мы адправімся на вайну, калі ЗША выберуць гэта, — заявіў ён. — Да таго часу, пакуль нам будуць пагражаць ядзернай зброяй і шантажаваць нас пры дапамозе вайсковых манэўраў, мы будзем узмацняць нашу нацыянальную абарону, ключавым элемэнтам якой зьяўляецца ядзерная зброя. Што б ЗША ні вырашылі з намі зрабіць — мы з гэтым справімся. Мы цалкам гатовыя адбіць атаку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG