У Бабруйску патрабуюць дазволу зьбірацца на плошчы Перамогі
Удзельнікі мітынгу патрабуюць зацьвердзіць пастаянным месцам правядзеньня мітынгаў плошчу Перамогі.
«Тое месца, куды нас адпраўляюць цяпер, — нязручае, знаходзіцца далёка ад цэнтру. Мы абураныя тым, што ўлада баяцца, каб незадаволеныя выходзілі ў цэнтар», — сказала падчас мітынгу прафсаюзная актывістка Галіна Сьмірнова.
Цяпер такім месцам для правядзеньня мітынгу зацьвержана пляцоўка на вуліцы Ўрыцкага перад уваходам на стадыён фабрыкі «Славянка».
Прадстаўнік уладаў: Мы прапануем заробкі ад 250 да 450 рублёў
Намесьнік старшыні бабруйскага гарвыканкаму Аляксандар Маркачоў, які прысутнічае на мітынгу, сказаў, што ўлады маюць намер дапамагаць беспрацоўным знайсьці працу: «Сытуацыя зь беспрацоўем напружананая. Праводзіцца сыстэмная праца. Ёсьць прыёмныя дні, прыходзьце. Працуем нават у выходныя. Мы маем намер дапамагчы знайсьці працу. А актывісты зь Менску, у прыватнасьці Губарэвіч і Рымашэўскі, нам не дапамогуць вырашыць праблему зь беспрацоўем».
На пытаньне пра заробкі Аляксандар Маркачоў адказаў: ад 250 да 450 рублёў. «Немагчыма, каб усе атрымлівалі 500 даляраў. Заробкі розныя, у залежнасьці ад працы. Я свой заробак не хаваю — зарабляю 1000 рублёў».
Мікалай Казлоў: Улады прымушаюць нас працаваць за ежу
На мітынгу ў Бабруйску выступіў намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў:
«20 гадоў нас вялі па незвычайным шляху. Замест працоўных месцаў нам прапаноўвалі Дажынкі і лядовыя палацы. Цяпер мы дажыліся да дэкрэту № 3, які сьцьвярджае, што мы не грамадзяне, а халопы. Мы ператвараемся ў халопаў, якія вымушаныя працаваць за ежу. Бо тых заробкаў, якія нам прапаноўваюць, ледзь хапае на тое, каб пракарміцца. Мы павінны казаць, што мы не задаволеныя».
Губарэвіч: Улады абяцаюць дыялёг, а на справе кідаюць у турмы
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч выступіў на мітынгу ў Бабруйску:
«Хваля пратэстаў пайшла па рэгіянальных гарадах і ў Менску. Улады адказалі затрыманьнямі, штрафамі і арыштамі. Па тэлевізары нам кажуць, каб выбіралі месца ў горадзе і выступалі. Па факце — дасылаюць міліцыю, якая пакуе ўсіх, хто выходзіць на вуліцу. Хіба так будуюць дыялёг з уласным народам?»
Губарэвіч прапанаваў мітынгу падтрымаць патрабаваньні кампаніі «Мы не дармаеды»: «Асноўныя патрабаваньні — безумоўная адмена дэкрэту № 3, вызваленьне ўсіх, хто знаходзіцца за кратамі ў сувязі з вулічнымі акцыямі, і дэмакратычныя выбары».
Удзельнікі мітынгу, якіх на момант выступу Губарэвіча было некалькі дзясяткаў, падтрымалі гэтыя патрабаваньні.
Галоўная тэма мітынга ў Бабруйску — адмена дэкрэту № 3
Заяўніца санкцыянаванай акцыі ў Бабруйску, прафсаюзная актывістка Галіна Сьмірнова, сказала, што асноўнае патрабаваньне ўдзельнікаў мітынгу — поўная адмена дэкрэту № 3.
«Нам сказалі, што ён будзе прыпынены. Але мы ў гэта ня верым. Мы ня верым у дапрацоўкі і зьмены гэтага дэкрэту. Мы патрабуем поўнай яго адмены».
Таксама актывістка адзначыла, што ўдзельнікі акцыі супраць затрыманьняў, якія пракаціліся па Беларусі цягам апошняга месяца:
«26 сакавіка толькі ў Бабруйску было затрымана каля 40 чалавек. Мы хочам, каб улады выбачыліся перад імі».
Удзельнікі мітынгу абураныя паводзінамі супрацоўнікаў МУС, якія затрымлівалі людзей 26 сакавіка ў Бабруйску. Некаторых хапалі проста ў крамах.
А 12:00 на пляцоўцы па вуліцы Ўрыцкага перад уваходам на стадыён фабрыкі «Славянка» пачаўся збор удзельнікаў дазволенага бабруйскімі ўладамі мітынга. Яго арганізатары — тыя ж актывісты, якія раней ладзілі «маршы недармаедаў» у Бабруйску — 26 лютага і 12 сакавіка.
Першыя ўдзельнікі, якія прыйшлі на сёньняшні мітынг, прынесьлі плякаты з надпісамі «Баста», «Народ патрабуе павагі», «Нешта ня так», «Нам трэба праца на радзіме», «Народу працу, улады — пад кантроль», «Бабры не рабы».