Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Нацбанк Беларусі хутка зьніжае стаўку рэфінансаваньня


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Глод: Стаўка рэфінансаваньня — гэта памер працэнтаў у гадавым вылічэньні, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. То бок памер стаўкі азначае даступнасьць грошай. Іншымі словамі, стаўка паказвае, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даць банкі. Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.

У 2015 годзе ў Беларусі стаўка рэфінансаваньня была ўстаноўленая 9 студзеня ў памеры 25%, і пасьля ўвесь год не зьмянялася. Летась яна зьнізілася да 18%. Сёлета стаўку ўжо паніжалі тройчы: 17% — у студзені, 16% — у лютым і 15% — у сакавіку. На чарзе красавіцкае зьмяншэньне да 14%. І гэта пры тым, што ніякага прагрэсу ў айчыннай эканоміцы не заўважана.

Прыхільнікаў «друкарскага станка» ў Беларусі шмат. Самыя вядомыя — гэта кіраўнікі прамысловага і аграрнага дзяржаўных сэктараў. Яны няспынна патрабуюць крэдытаў, каб выплаціць заробкі, закупіць сыравіну. Асабліва гэта характэрна для прадпрыемстваў, якія працуюць на склад, чыю прадукцыю не купляюць.

Нацыянальны банк Беларусі раней вельмі неахвотна зьмяншаў стаўку крэдытаў. Тут добра ведалі, што за гэтым адбываецца. А адбываецца звычайна адно і тое ж — пасьля ўключэньня «друкарскага станка» грошай сапраўды робіцца болей. Але даволі хутка яны абясцэньваюцца, расьце інфляцыя, узровень жыцьця людзей зьніжаецца. Таму экспэрты і адзначалі, што Нацбанк праводзіць пераважна збалянсаваную грашова-крэдытную палітыку.

Зразумела, што гэтая палітыка выбівалася з агульнай палітыкі Беларусі, зь яе амаль сацыялістычнай эканомікай. Але Лукашэнку трэба было неяк стрымліваць апэтыты дзяржаўных прадпрыемстваў. І Нацбанк гэта пасьпяхова рабіў.

Тады ўзьнікае пытаньне: а што зьмянілася ў краіне, што вымушае галоўны банк Беларусі адступіць ад сваёй прынцыповай пазыцыі? Адказ на гэтыя пытаньні ў мяне ёсьць. Думаю, хуткае зьмяншэньне стаўкі рэфінансаваньня адбываецца не пад узьдзеяньнем традыцыйных лабістаў.

Сваю ролю адыгралі сацыяльныя пратэсты.

Пайсьці на такі крок прымусіў зусім не эканамічны фактар. Сваю ролю адыгралі сацыяльныя пратэсты. Незадаволеныя жыхары сталіцы і рэгіёнаў, якія выйшлі на вуліцу, патрабавалі ад уладаў росту заробкаў, новых працоўных месцаў ды іншага. Раней кіраўніцтва краіны падкідала людзям грошы, у тым ліку за кошт эмісійнай палітыкі. Цяпер зрабіць гэта стала цяжэй. А грошы па-ранейшаму патрэбныя. Вось на гэтым тыдні дзясяткі мільёнаў даляраў выдзелілі Беларускаму мэталюргічнаму заводу.

Карбалевіч: Ня згодзен з той вэрсіяй падзей, якую выказаў сп. Глод. Хуткае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня тлумачыцца хуткім, звышплянавым зьніжэньнем інфляцыі. Заплянаваная інфляцыя на 2017 года — 9%. А па выніках першых месяцаў інфляцыя ў гадавым вымярэньні складае каля 7%. Калі так, то і стаўка рэфінансаваньня таксама зьнізілася хутчэй, чым плянавалася. Таму я б не сьпяшаўся на падставе толькі гэтага факту рабіць высновы наконт зьмякчэньня манэтарнай палітыкі Нацбанку. Тым больш у момант, калі абмяркоўваецца крэдытная праграма з МВФ, на парадку дня стаіць пытаньне аб выдзяленьні чарговага траншу Эўразійскага банку стабілізацыі і разьвіцьця. Нагадаю, што абодва фонды патрабуюць жорсткай фінансавай палітыкі. Бо стабільнасьць на фінансавым рынку, адносная стабільнасьць беларускага рубля, якая падтрымліваецца ужо цягам году — гэта, бадай што, адзінае дасягненьне эканамічнай палітыкі Беларусі апошнім часам. І разбураць яго было б зусім недальнабачна.

Хуткае зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня тлумачыцца хуткім, звышплянавым зьніжэньнем інфляцыі.

Я б зьвярнуў увагу на такі факт, які мае непасрэднае дачыненьне да фінансавай палітыкі. Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў міжнародным вызначэньні на 1 красавіка 2017 году скараціліся на 6,2 млн даляраў (на 0,1%), дасягнуўшы 5,016 млрд даляраў. Скараціліся нязначна, але, здаецца, упершыню за апошні год. Нацбанк тлумачыць скарачэньне выплатай доўгу. Нагадаю, што паводле пляну на 2017 год прадугледжаны рост золатавалютных рэзэрваў ня менш чым на 500 млн даляраў.

Цыганкоў: Пяройдзем з макраўзроўню на мікраўзровень. Нядаўна, пару дзён таму, гаварыў са сваім прыяцелем, ён прадпрымальнік. Якраз абмяркоўвалі вось гэтыя праблемы макраэканамічнай стабільнасьці і курсу рубля. Ён працуе ў сфэры будаўнічага бізнэсу — і кажа, як усё за апошнія год-два легла ў гэтай сфэры.

Мы гэта ведаем і паводле афіцыйнай статыстыкі, ведаем, што ўсё менш будуецца і дзяржавай жыльля, і прыватнымі структурамі. Для гэтага, як мой прыяцель лічыць, гэтая жорсткая макраэканамічная палітыка — вельмі неспрыяльная.

Дык што, кажу, па-твойму, трэба зноў ісьці на друкаваньне пустых грошай, зноў на інфляцыю? Бо ён кажа, што яны, будаўнічыя фірмы, проста задыхаюцца без жывых грошай, без крэдытаў, фактычна ня маюць магчымасьцяў ажыцьцяўляць сваю вытворчасьць.

Ён кажа — не, не абавязкова інфляцыя, трэба проста інвэстыцыі ў гэтай сфэры, альбо ўнутраныя, альбо замежныя. А ў нас гэтага няма.

Ёсьць і мінусы ў той макраэканамічнай стабільнасьці, якую мы ўсе, у прынцыпе, ухваляем.

Гэта да той вечнай праблемы, што ёсьць і мінусы ў той макраэканамічнай стабільнасьці, якую мы ўсе, у прынцыпе, ухваляем і якая наступіла ў Беларусі апошнія два гады пасьля шматлікіх гадоў інфляцыі і дэвальвацыі. Але сапраўды, гэтая эканамічная, фінансавая стабільнасьць якраз спалучаецца з тымі нэгатыўнымі чыньнікамі, якія ёсьць. Гэта падзеньне ВУП, вытворчасьці і інвэстыцыяў. Усё гэта прыводзіць да стагнацыі прамысловасьці і да замарожваньня цэлых галінаў, сфэраў дзейнасьці, якія раней разьвіваліся даволі актыўна.

Таму невыпадкова, што ўсё больш на беларускую ўладу шырацца атакі — мы абмяркоўвалі, што ад імя Пятра Пракаповіча быў напісаны ліст на імя Лукашэнкі пра тое, што трэба мяняць гэтую палітыку. І сапраўды, можа, не настолькі яна трывалая, як падаецца, бо ў любы момант можа так здарыцца, што ўсё-ткі прадстаўнікі гэтай лініі могуць пераканаць найвышэйшае кіраўніцтва, што такая стабільнасьць, зьніжэньне працэнтных ставак можа прывесьці да большых мінусаў, чым ранейшая інфляцыйная і дэвальвацыйная палітыка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG