Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП просіць Кабякова паведаміць аб выкананьні загаду Лукашэнкі працаўладкаваць жонак і палюбоўніц чыноўнікаў


Лідэр АГП Анатоль Лябедзька
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька

Аб’яднаная грамадзянская партыя 6 красавіка накіравала зварот прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову з просьбай праінфармаваць аб практычнай рэалізацыі слоў Аляксандра Лукашэнкі пра неабходнасьць працаўладкаваньня жонак і палюбоўніц чыноўнікаў, паведаміў БелаПАН лідэр АГП Анатоль Лябедзька.

На нарадзе аб актуальных пытаньнях разьвіцьця краіны 9 сакавіка Лукашэнка заявіў: «Я пакуль зьвяртаюся да дзяржаўных службоўцаў ды іншых значных у краіне асобаў: працаўладкуйце, калі ласка, сваіх жонак, мужоў, палюбоўніц і палюбоўнікаў, родных і блізкіх. Тых, хто павінен і можа працаваць». Пры гэтым быў прызначаны тэрмін 1 красавіка, калі гэтыя людзі павінны быць працаўладкаваныя. Лукашэнка падкрэсьліў, што яны могуць заплаціць падатак, але яго гэта не задаволіць. «Пажадана, каб яны былі на працы», —сказаў ён.

«Прымаючы пад увагу, што гэтае распараджэньне насіла адкрыты, публічны характар, прашу вас праінфармаваць пра ягоную практычную рэалізацыю. Просьба таксама ўдакладніць, ці былі створаны новыя працоўныя месцы для гэтай катэгорыі людзей, або пытаньне было вырашана ў фармаце аптымізацыі сыстэмаў кіраваньня», — гаворыцца ў звароце Лябедзькі да Кабякова.

5 красавіка ў ходзе паездкі па бабруйскіх прадпрыемствах Кабякоў заявіў, што дзейнасьць у стварэньні новых працоўных месцаў на прадпрыемствах не павінна ператварыцца ў прафанацыю і пагоню за паказчыкамі.

«Стварэньне новых працоўных месцаў — гэта адзін з самых галоўных пытаньняў, мы ім цяпер прадметна займаемся, прычым вельмі дакладна адсочваем якасьць выкананьня даручэньня, — сказаў ён. — Працоўныя месцы — гэта прыярытэт і адна з крыніц нашага эканамічнага разьвіцьця, што пазначана ў праграме разьвіцьця краіны да 2020 году».

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што да 1 мая ўсім беспрацоўным павінна быць прапанавана праца. Уведзены дэкрэтам прэзыдэнта № 3 збор з «дармаедаў» выклікаў у лютым-сакавіку акцыі пратэсту ў шэрагу гарадоў краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG