Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску за «Марш недармаедаў» аштрафавалі 83-гадовага пэнсіянэра


Пратэст супраць дэкрэту № 3 у Пінску
Пратэст супраць дэкрэту № 3 у Пінску

За два дні ў Пінску чатырох чалавек пакаралі штрафамі за ўдзел у масавай акцыі. Сярод аштрафаваных — пэнсіянэр Іван Жук.

Актывіст партыі БНФ Алесь Рамановіч сказаў Свабодзе, што сёньня ў Пінску быў аштрафаваны на 10 базавых (230 рублёў) Іван Жук, 83-гадовы ўдзельнік акцыяў пратэсту «недармаедаў».

«Іван Жук ня ведаў, што будзе адбывацца мітынг, але ўбачыў людзей, і яму стала цікава, што адбываецца. На судзе ён сказаў, што вырашыў выступіць у абарону моладзі, якая засталася цяпер бяз працы», — сказаў Алесь Рамановіч.

Сёньня ж у Пінску быў аштрафаваны на 8 базавых велічынь (184 рублі) яшчэ адзін удзельнік акцыі пратэсту 26 сакавіка, які захацеў, каб СМІ не называлі ягонага імя.

4 красавіка былі пакараныя штрафамі па 10 базавых (230 рублёў) яшчэ двое пінчукоў, якія не захацелі называцца.

Алесь Рамановіч тлумачыць, што гэтыя людзі ня хочуць афішаваць свае імёны, каб ня страціць працы:

«Гэта звычайныя гараджане, яны не палітычныя актывісты, проста выказалі на акцыі сваю думку. Таму зразумела, што людзі баяцца, каб ня мець болей праблемаў, ня страціць працы», — кажа спадар Рамановіч.

Суды за акцыю 26 сакавіка ў Пінску будуць працягвацца яшчэ 6 і 7 красавіка.

6 красавіка будуць судзіць Алеся Рамановіча, Ігара Салаўя і Андрэя Вабішчэвіча. 7 красавіка — суды ў Дзьмітрыя Тарасюка, Ігара Петрушкевіча, Мікалая Міхалевіча, Ніны Новак і яшчэ аднаго чалавека, які ня хоча называць сваё імя СМІ.

Тым часам Ігар Шаршун, адзін зь пінскіх пратэстоўцаў, працягвае адбываць 15 сутак арышту. Чакаецца, што ён выйдзе на волю 7 красавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG