Ад 12 лютага, калі Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў пры прылёце ў менскі аэрапорт, Беларусь наведала звыш 8 тысяч «бязьвізавых» турыстаў з 61 краіны, распавёў на БелТА міністар спорту і турызму Аляксандар Шамко.
Найбольш «бязьвізавых» турыстаў прыехала зь Нямеччыны, Польшчы, Італіі, ЗША і Вялікай Брытаніі, былі і турысты з далёкіх краінаў — Віетнаму, Інданэзіі, Кувэйту, Намібіі.
Але замежныя (ня толькі бязьвізавыя) турысты трацяць у Беларусі параўнальна няшмат: 50-100 даляраў за дзень. Беларусы ж трацяць у блізкім замежжы болей: 161 даляр за дзень у Літве і 232 даляры ў Польшчы.
Асноўная частка турыстаў у Беларусь па-ранейшаму прыяжджае з Расеі (64% экспарту турыстычных паслугаў) і Ўкраіны — зь імі бязьвізавы рэжым дзейнічаў і раней, але не на 5, а на 90 дзён.
У беларускіх турыстаў жа найбольш запатрабаваныя Расея, Турэччына (у ёй МЗС заклікае быць асьцярожнымі, у тым ліку не хадзіць на мітынгі), Баўгарыя, Эгіпэт і Грэцыя.
Бязьвізавы рэжым для замежных турыстаў могуць падоўжыць зь 5 да 12 дзён, цяпер «такая магчымасьць вывучаецца».