Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Філіповіча будуць судзіць чацьвёрты раз, цяпер за Пінск


Ілюстрацыйнае фота. Суд над Максімам Філіповічам у Савецкім судзе Гомеля 23 сакавіка 2017 году
Ілюстрацыйнае фота. Суд над Максімам Філіповічам у Савецкім судзе Гомеля 23 сакавіка 2017 году

Максім Філіповіч ужо больш за дваццаць сутак знаходзіцца ў ізалятары ў Гомлі.

Гомельскага блогера Максіма Філіповіча, які цяпер знаходзіцца ў ІЧУ, зноў, ужо чацьвёрты раз, будуць судзіць за ўдзел у акцыях супраць дэкрэту «аб дармаедах».

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка, 3 красавіка блогера наведаў у ІЧУ адвакат. Ён паведаміў, што на Філіповіча складзены новы адміністрацыйны пратакол — за ўдзел у мітынгу ў Пінску 11 сакавіка.

Блогер ужо больш за дваццаць сутак знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ. 13 сакавіка суд Цэнтральнага раёну Гомля завочна разгледзеў адміністрацыйны пратакол, складзены ў дачыненьні да яго міліцыяй за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомлі 19 лютага. Суд пакараў Філіповіча арыштам на 13 сутак. З хаты бацькоў яго забраў АМАП.

Падчас адбыцьця пакараньня ў ІЧУ 23 сакавіка Філіповіча зноў судзілі — за ўдзел у мітынгу ў Берасьці. Судзьдзя Аляксандар Мохараў пакараў яго арыштам на пяць сутак.

31 сакавіка блогер павінен быў выйсьці на свабоду. Каля будынка ІЧУ яго чакалі жонка, маці і сябры. Але дзяжурны ІЧУ паведаміў, што Філіповічу дабавілі яшчэ 7 сутак арышту — за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Маладэчне. Пазьней высьветлілася, што адміністрацыйную справу за ўдзел у мітынгу ў Маладэчне разглядаў 29 сакавіка суд Савецкага раёну Гомлю. Судзьдзя Алена Шайн пакарала блогера арыштам на сем сутак.

Пакуль невядома, калі адбудзецца чарговы суд — за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Пінску. На гэтай акцыі Філіповіч здымаў відэа для свайго каналу на Youtube. Прыкладна праз паўгадзіны пасьля пачатку акцыі ў Пінску трое невядомых у цывільным спрабавалі яго затрымаць. Аднак спроба затрыманьня сарвалася пасьля таго, як на крыкі блогера прыбеглі людзі з плошчы і адбілі яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG