Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У што выльецца намер генпракурора разабрацца з мэдыямі


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў і Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Генпракурор Беларусі Аляксандар Канюк сказаў журналістам перад пачаткам паседжаньня Палаты прадстаўнікоў:

«Надышоў час ставіць пытаньне, як падаецца інфармацыя ў СМІ. Напрыклад, у Германіі пры тэндэнцыйным асьвятленьні ў СМІ прадугледжаны штрафы».

Гэта ўжо становіцца выразнай тэндэнцыяй апошняга часу — калі нейкія свае рэпрэсіўныя дзеяньні беларускія ўлады суадносяць з заходняй практыкай. Маўляў, «у нас усё як у вас». Выглядае гэта вельмі штучна і ненатуральна, але паказальная сама такая тэндэнцыя — спасылацца на заходні досьвед.

Барацьба беларускай улады зь незалежнай прэсай не спынялася ніколі.

Нагадаем, што заява Канюка адбылася на фоне затрыманьняў журналістаў 25 сакавіка і наступу на тэлеканал «Белсат», што выявілася ў ператрусах у менскіх офісах тэлеканалу 31 сакавіка. Барацьба беларускай улады зь незалежнай прэсай не спынялася ніколі, набывала розныя формы — ад штрафаў, канфіскацыі тэхнікі і кампутараў да зьняволеньня журналістаў.

Аднак апошнім часам беларускія незалежныя журналісты працавалі больш-менш спакойна. Нават штрафаў незалежным журналістам і прыцягненьня іх да адміністратыўнай адказнасьці за супрацоўніцтва зь «Белсатам» не было. Прыкметных падзей у кірунку наступу на незалежную прэсу не назіралася.

Але пасьля 25 сакавіка ўлады вяртаюцца да сваёй звыклай практыкі. «Лібэралізацыя» скончылася. І гэта павінны адчуць ня толькі вулічныя пратэстоўцы і апазыцыйныя партыі, але і незалежная прэса.

Глод: Агульнапрынята лічыць сродкі масавай інфармацыі чацьвёртай уладай. Аднак у нашай краіне так не атрымліваецца. Не атрымліваецца таму, што ўлады робяць усё, каб перашкодзіць свабоднай працы журналістаў. Праўда, і гэта вельмі важна, — журналістаў, якія працуюць на недзяржаўныя або на замежныя сродкі масавай інфармацыі. Гэта іх тычацца заклікі, падобныя да тых, што зрабіў генэральны пракурор. Гэта іх хочуць прыцягваць да адказнасьці, гэта ім зьбіраюцца ўсё забараняць. А вось журналістаў з уладных мэдыяў не затрымліваюць, не зьбіваюць, ня кідаюць на суткі.

Рэпрэсіі разыходзяцца і закранаюць ня толькі непасрэдна ўдзельнікаў акцый або прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі.

Чаму ж улада ідзе на такія грубыя дзеяньні, пры тым, што апошнім часам яна старалася паказаць Захаду нейкую лібэралізацыю? На маю думку, адказ варта шукаць ва ўзмацненьні рэпрэсіўных дзеяньняў у дачыненьні да ўсяго грамадзтва. У Беларусі гэта стала традыцыяй — рэпрэсіі разыходзяцца і закранаюць ня толькі непасрэдна ўдзельнікаў акцый або прадстаўнікоў палітычнай апазыцыі, але і журналістаў, якія асьвятляюць грамадзкія падзеі.

Пра тое, чаму ўлады па-ранейшаму хочуць ваяваць зь незалежнай прэсай, казаць можна доўга. Яны спрабуюць задушыць незалежныя мэдыі найперш эканамічна. Аднак ня ўсё атрымліваецца. Журналісты, на мой погляд, у цяжкіх умовах выкладаюць аўдыторыі сваё, альтэрнатыўнае дзяржаўнаму, бачаньне падзей. І таму ўлады хацелі б разьлічыцца зь недзяржаўнымі мэдыямі. Прычым разьлічыцца, як яны думаюць, прыгожа.

Прыгожа ў тым сэнсе, што, маўляў, мы тут нічога не прыдумляем, а толькі выкарыстоўваем замежны досьвед, на што ўжо зьвярнуў увагу Віталь Цыганкоў.

Дзіўна атрымліваецца ў беларускіх уладаў. Замест таго каб узяць і перанесьці ў Беларусь з Францыі, Нямеччыны, ЗША ці яшчэ нейкай заходняй краіны нешта сапраўды станоўчае для дэмакратыі і лібэралізацыі, з агульнага кантэксту вырываюць адну нейкую норму. Ды часта яшчэ і скажаюць яе пры гэтым.

Беларускія чыноўнікі чамусьці вельмі кропкава вырашаюць, што ўзяць на ўзбраеньне з замежнага досьведу, а на што закрыць вочы. Заўважаюць толькі абавязкі і пакараньні.

Яны ня ўзгадваюць адзін нюанс: там паліцыя адказвае на гвалтоўныя дзеяньні.

Карбалевіч: Было б дзіўна, калі б генпракурор стаў на абарону закону і стаў выказваць нейкія прэтэнзіі адносна палітычных рэпрэсій. Сп. Канюк выказаў звычайны аргумэнт, які цяпер часта паўтараюць расейскія і беларускія тэлеканалы: «Нашы праваахоўныя органы нашмат карэктней дзейнічалі, чым у іншых краінах». І пры гэтым тэлеканалы паказваюць сюжэты, калі паліцыя ў краінах Захаду разганяе дэманстрацыі. Але яны ня ўзгадваюць адзін нюанс: там паліцыя адказвае на гвалтоўныя дзеяньні, якія ўчыняюць дэманстранты: кідаюць у паліцыю розныя прадметы, б’юць вітрыны і машыны. У Беларусі ж (і Расеі, дарэчы) паліцыя жорстка разганяла абсалютна мірныя акцыі.

Што тычыцца мэдыяў, то апошнім часам афіцыйныя асобы шмат пагражалі незалежным мэдыям. Але цяпер улады перайшлі ад пагроз да рэпрэсій. Сталі затрымліваць журналістаў, садзіць іх на суткі. Асаблівы ўдар прыйшоўся на «Белсат». Думаю, такія кропкавыя рэпрэсіі будуць працягвацца і далей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG