Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка і Пуцін дамовіліся пра цану на газ

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўрэгуляваў з Аляксандрам Лукашэнкам спрэчныя пытаньні ў нафтагазавай сфэры.

Пра гэта перадае БелТА.

Паводле Пуціна, гэта будзе зроблена цягам 10 дзён.

«Мы знайшлі схему, пры якой мы захоўваем нашы падыходы, збліжаем нашы пазыцыі па коштах. Знайшлі магчымасьць узаемных саступак, дамовіліся пра тое, як будзем працаваць у гэтай сфэры не толькі ў 2017, але і ў 2018, 2019 гадах», — цытуе Пуціна агенцтва «Новости».

Спэцыяльны карэспандэнт «Комсомольской правды» Дзьмітрый Сьмірноў, які ўваходзіць у крамлёўскі пул, напісаў у твітэры пра ўмовы пагадненьня — Менск вяртае доўг более $700 млн і атрымлівае зьніжку на газ з 2018 году.

Эканамічны аналітык Тацяна Манёнак тлумачыць сутнасьць дамоўленасьцяў і зьвяртае ўвагу на тое, што прыкладна такая схема была ўжо распрацавана.

Манёнак: Беларусь вяртае сваю запазычанасьць за прыродны газ, а РФ ідзе на пэўныя саступкі, каб зблізіць кошты на прыродны газ для расейскага ўнутранага рынку і для Беларусі. Асноўная мэта — з 1 ліпеня 2019 году павінен запрацаваць адзіны электраэнэргетычны рынак у Эўразійскім эканамічным саюзе, і пакуль Беларусь не атрымае кошты на газ, збліжаныя з расейскімі, ніякага адзінага рынку электраэнэргіі ў Эўразійскім саюзе пабудаваць немагчыма.

90 працэнтаў электраэнэргіі ў Беларусі выпрацоўваецца на расейскім прыродным газе

Беларусь займае жорсткую пазыцыю, якая палягае ў тым, што нельга стварыць адзіны рынак электраэнэргіі раней, чым будзе створаны адзіны рынак газу. А адзіны рынак газу ў Эўразійскім саюзе мяркуецца стварыць ад 2025 году. Я так разумею, што Расейская Фэдэрацыя ня хоча фальстарту яшчэ аднаго праекту Эўразійскага саюзу і таму вымушаная пайсьці на пэўныя саступкі.

Прынцыповая пазыцыя беларускага боку была ў тым, што трэба фарсіраваць збліжэньне коштаў на газ з расейскімі, бо інакш беларуская электраэнэргетыка на адзіным рынку будзе неканкурэнтназдольнай.

90 працэнтаў электраэнэргіі ў Беларусі выпрацоўваецца на расейскім прыродным газе. А кошты відавочна адрозьніваюцца. Як канкураваць? Задавалі рытарычнае пытаньне беларускія чыноўнікі.

Напрыканцы мінулага году была распрацаваная такая схема. Расея пастаўляе праз Беларусь 6 мільёнаў тон нафты, і мыты ад гэтай нафты будуць ісьці ў беларускі бюджэт. Ці былі ўнесеныя зьмены ў гэтую схему, мне цяжка сказаць, пакуль я не валодаю такой інфармацыяй, але размова ішла пра тое, што Расея ня будзе прадастаўляць жывыя грошы, а будзе знойдзеная нейкая схема. Відавочна, размова ішла, што Беларусь пагасіць запазычанасьць за прыродны газ. Гэта першая ўмова, якую заўсёды ставілі расейскія чыноўнікі. Беларусь хацела пачаць збліжэньне з расейскімі коштамі на газ не з 2018 году, як прапаноўвалі, а ўжо нават з мінулага году ці з гэтага году. Не ўдалося настаяць на гэтай пазыцыі. Цяпер размова ідзе пра 2018 год.

***

Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгуляваньня нафтагазавага канфлікту доўжыліся амаль год. Беларускія ўлады настойвалі, што цана расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінна быць зьніжаная, з чым быў нязгодны расейскі бок. У другой палове 2016 году, рэагуючы на нявыплату Беларусьсю ў поўным аб’ёме кошту газу, расейскі ўрад прыняў рашэньне скараціць пастаўкі нафты ў Беларусь — па выніках году імпарт нафты скараціўся больш як на 20%. Тым часам «Газпром» падвысіў цану на газ для Беларусі на 6,81% — да 141,1 даляра за тысячу кубамэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG