Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс», у дакумэнце, праект якога быў абнародаваны напярэдадні прэс-службай прэзыдэнта Малдовы, прызнаецца імкненьне «закласьці аснову для ўсебаковага супрацоўніцтва бакоў, пачаць дыялёг з мэтай забесьпячэньня ўзаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва і садзеяньня пашырэньню і дывэрсыфікацыі гандлю паміж дзяржавамі — членамі Эўразійскага эканамічнага саюзу і Рэспублікі Малдова».
Асноўнымі напрамкамі будучага супрацоўніцтва названы рэгіянальная эканамічная інтэграцыя; гандлёвая палітыка; аналіз эканамічнага разьвіцьця і макраэканамічная сытуацыя ў дзяржавах; мытнае рэгуляваньне; тэхнічнае рэгуляваньне; прымяненьне санітарных, вэтэрынарна-санітарных і карантынных фітасанітарных мер; падатковае рэгуляваньне; фінансавыя рынкі і іншыя галіны.
Мэмарандум прадугледжвае стварэньне сумеснай працоўнай групы для ўзаемадзеяньня паміж Эўразійскай эканамічнай камісіяй і Малдовай. Кіраўніцтва групай будзе ажыцьцяўляцца двума сустаршынямі. На пасяджэньні працоўнай групы запрашаюцца прадстаўнікі органаў улады дзяржаў — члены Эўразійскага эканамічнага саюзу. Сустрэчы рабочай групы на узроўні сустаршыняў будуць праводзіцца не радзей за адзін раз на год.
У форуме ЭўрАзЭС, які праходзіць пад патранажам прэзыдэнта Малдовы, ня удзельнічаюць прадстаўнікі парлямэнту і ўраду. Кіруючая кааліцыя выступае супраць падпісаньня мэмарандуму з ЭўрАзЭС.
Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі ў мінулую пятніцу, прэм’ер-міністр Малдовы Павэл Філіп заявіў, што мэмарандум ня будзе ратыфікаваны парлямэнтам і ня можа мець ніякіх юрыдычных наступстваў. Ён нагадаў, што згодна з законам аб міжнародных дамовах, без ратыфікацыі дакумэнты ня маюць юрыдычнай сілы.
«Мэмарандум ня будзе мець юрыдычных наступстваў. Урад ня будзе фінансаваць ніякія мерапрыемствы ў рамках гэтага дакумэнта, а парлямэнт не ратыфікуе яго. Такім чынам, прэзыдэнт не сумленны з партнэрамі, зь якімі хоча падпісаць мэмарандум, бо ня кажа ім пра гэта. Гэта іх праблема — калі яны згодныя падпісаць дакумэнт, які ня будзе мець ніякага юрыдычнага эфэкту», — заявіў Павэл Філіп.