У Менску ў ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзяцца трое ўкраінскіх прапаведнікаў. Пра гэта стала вядома выпадкова 2 красавіка, калі з турмы пасьля 10 сутак арышту быў вызвалены апазыцыйны актывіст Алесь Лагвінец, які знаходзіўся ў адной камэры з грамадзянамі Ўкраіны і расказаў пра іх у сацыяльных сетках.
Пра тое, што прапаведнікаў з Украіны чакалі ў Менску, паведаміў юрыст Менскай пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін.
«22 сакавіка ў Менску былі затрыманыя хрысьціянскія прапаведнікі з Украіны Ашот Саркісьян, Леанід Намярчук, Уладзіслаў Ярмолаў зь місіі „Добрая вестка“. Яны зьбіраліся правесьці ў Менску біблейскія сэмінары з удзелам паўднёвакарэйскага прапаведніка, аднак былі затрыманыя і асуджаныя на 15 сутак паводле лжывага абвінавачаньня — нібыта за тое, што лаяліся матам. Яны накіравалі ліст ва ўкраінскае пасольства, але ніякай рэакцыі не было (ня ўпэўнены, што ліст дайшоў)», — піша Луканін.
Луканін паведаміў, што трое ўкраінскіх грамадзян-пратэстантаў дамовіліся арандаваць на 21-24 сакавіка канфэрэнц-залю ў адным з гатэляў, але заплаціць не пасьпелі. Яны плянавалі правесьці там некалькі тэалягічных сэмінараў пра выратаваньне на тэму «Фэномэн нараджэньня звыш», у якіх павінен быў прыняць удзел прапаведнік з Паўднёвай Карэі Кім Джон Шу. Яго Луканін таксама знайсьці ня можа.
«Добрая вестка» — пратэстанцкі рух, які ўзьнік у Паўднёвай Карэі.
Паводле інфармацыі Лагвінца, украінскія грамадзяне павінны быць вызваленыя ў сераду раніцай.
Ва ўкраінскім пасольстве карэспандэнту Свабоды паведамілі, што ведаюць пра трох украінскіх прапаведнікаў, імі займаецца консул.
Раней стала вядома, што суд у Менску прысудзіў 15 сутак арышту грамадзяніну Ўкраіны Руслану Цярэшчанку, затрыманаму за ўдзел у дэманстрацыях 25 сакавіка.