Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя не знайшла экстрэмізму ў дзейнасьці прарасейскіх сэпаратысцкіх груп у сацсетках


Аддзел унутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомеля даслаў адказ журналісту-фрылансэру Канстанціну Жукоўскаму на яго заяву пра існаваньне ў сацыяльных сетках груп, накіраваных на разьяднаньне Беларусі.

У прыватнасьці, Жукоўскі пісаў пра групы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте»: «Віцебская Народная Рэспубліка» і «Гомельская Народная Рэспубліка», якія прапагандуюць сэпаратызм і ўваходжаньне гэтых абласьцей Беларусі ў склад Расеі.

Як паведаміў агенцтву БелаПАН Жукоўскі, у лісьце за подпісам начальніка АУС Уладзімера Мялешкі гаворыцца, што міліцыя правяла праверку і прыняла рашэньне спыніць справу аб адміністрацыйным правапарушэньні, паколькі «у названых групах экстрэмісцкіх выказваньняў, накіраваных супраць дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь, ня знойдзена».

Таксама ў лісьце паведамляецца, што ў рамках праверкі ўстанавіць асобаў, якія стварылі гэтыя групы, не прадставілася магчымым. Ліст складзена на беларускай мове, праўда, з некалькімі памылкамі.

«Лічу, што міліцыя ня мае рацыі, і гэтыя групы, асабліва віцебская, прапагандуюць сапраўдны сэпаратызм, таму буду абскарджваць гэтае рашэньне», — сказаў Жукоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG