Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве падчас канцэрту салідарнасьці на Дзень Волі зьбілі беларусаў


Натальля Лантух
Натальля Лантух

25 сакавіка беларусы Натальля Лантух і Антон Пракацень былі зьбітыя ахоўнікамі папулярнага студэнцкага клюбу «Макулятура» ў самым цэнтры Варшавы.

Як расказала Свабодзе Натальля, з Антонам яны зайшлі ў клюб на вуліцы Хмельнай, дзе быў анансаваны канцэрт салідарнасьці зь Беларусьсю — прыехалі папулярныя беларускія каманды, хэдлайнэрамі былі берасьцейскія панкі «Дай дарогу». Хацелі павітацца зь сябрамі-беларусамі, абмеркаваць падзеі ў Дзень Волі. Аднак усё скончылася яшчэ на падыходзе:

Натальля Лантух
Натальля Лантух

«Мы ўбачылі, як аднаго нашага прыяцеля груба выганяюць ахоўнікі. Той нават не супраціўляўся, але яго штурхалі, абражалі, а потым адзін узяў і ўдарыў. Антон падышоў і проста запытаўся, што адбываецца. У адказ атрымаў удар у жывот, сьледам яго павалілі і ўтрох пачалі зьбіваць нагамі. Я паспрабавала ўмяшацца, крычала, што вы яго так заб’яце. Тады адзін схапіў мяне і груба адкінуў. Я ўпала, ён падбег і стукнуў нагой у жывот. Калі паспрабавала падняцца, заліў твар пярцовым газам. Антона тым часам працягвалі зьбіваць. Я паспрабавала прыпадняцца яшчэ раз і атрымала ўдар у твар. Пры гэтым ахоўнікі пасьпявалі гучна выкрыкваць, што мы „падсьцілкі беларускія“. Усё суправаджалася агрэсіўнай лаянкай у наш адрас. Ніякага іншага тлумачэньня такіх паводзінаў, апроч таго, што мы беларусы, ня бачым».

Натальля кажа, што ня можа адысьці ад шоку дагэтуль: яна жыве ў Польшчы 7 гадоў, Антон — 11, але за ўвесь час вучобы і працы з падобным варожым стаўленьнем паводле нацыянальнай прыкметы сутыкнуліся ўпершыню. Паводле суразмоўцы, цяпер гаспадары клюбу намагаюцца «замяць» сытуацыю, перакінуўшы ўсю адказнасьць на ахоўнікаў:

«Мы прагледзелі камэнтары, якія пакінулі наведнікі. Аказалася, гэта далёка ня першы прыклад, калі там нэгатыўна ставіліся да іншаземцаў. Ёсьць запісы па-ангельску, людзі скардзіліся, што нарваліся на беспадстаўную грубасьць. Наогул кажучы, проста непрыхаваная ксэнафобія. Дарэчы, адзін з ахоўнікаў потым пачаў мне пісаць пагрозьлівыя допісы, я знарок зайшла на ягоную старонку і абамлела — такі яры шавінізм, што толькі паводле аналізу зьместу можна прыцягваць да адказнасьці. Кіраўніцтва клюбу спрабуе знайсьці з намі спосабы замірэньня, хоць адначасна падалі заяву, што гэта нібыта мы справакавалі ахоўнікаў, што былі п’яныя. Хоць мы не ўжывалі ніводнай кроплі, што пазьней пацьвердзілі аналізы, 15 разоў дзьмулі ў трубкі. Клюб робіць усё, каб адмежавацца ад непрыемнай гісторыі. Цяпер барацьба ў асноўным з тымі, хто ні за што зьбіваў. Двух ахоўнікаў нібыта звольнілі».

Антон Пракацень
Антон Пракацень

«Настроі ў польскім грамадзтве пэўным чынам зьмяняюцца. Перадусім у сувязі з тым, што прыяжджае вялікая колькасьць мігрантаў, асабліва з Украіны. Заадно, як бачым, трапляюць пад раздачу і беларусы. Атмасфэра абвастраецца, гэта адчуваецца. Бо калі б’юць і крычаць, што панаехалі „шматы беларускія“, то гэта ўжо адрасны пасыл, не выпадковасьць. Мы зьнялі пабоі. Антон быў зьбіты вельмі моцна, дагэтуль ня можа спаць, моцна баліць сьпіна, па ўсім целе ранкі, сінякі. У мяне „фінгал“ на воку, болі ў жываце. Праходзіла абсьледаваньне, сказалі, што ўдар выклікаў некаторыя наступствы, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве шкоды здароўю ня будзе. Узброіліся мэдыцынскімі дакумэнтамі, пачнём змагацца. Хоць, як паказвае практыка, 99% спраў супраць ахоўнікаў заканчваецца на іх карысьць. Але тут ужо справа гонару. Дагэтуль, магчыма, сьпісвалі, што наведнікі п’яныя і неадэкватныя, а тут разумныя, інтэлігентныя людзі. Думаю, складана будзе з намі змагацца».

Натальля Лантух — студэнтка вышэйшай установы «Галоўная гандлёвая школа», якраз піша дыплёмную працу. Паралельна працуе ў фармацэўтычнай кампаніі. Антон Пракацень скончыў калегіюм «Цывітас» па кірунку «сацыялёгія, маркетынг і новыя мэдыя», таксама працуе.

Паводле Натальлі, трэці пабіты беларус — студэнт Даніла Барысевіч.

Уладальнік варшаўскага клюба «Макулятура» ня змог пракамэнтаваць Свабодзе сытуацыю і дзеяньні ахоўнікаў, спаслаўшыся на занятасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG