У Слуцку затрыманы актывіст Партыі БНФ Віталь Амяльковіч і актывістка Юлія Балакір
24 сакавіка вечарам у Слуцку затрыманы грамадзкі актывіст, кіраўнік мясцовай арганізацыі Партыі БНФ Віталь Амяльковіч.
Сябра Віталя Амяльковіча Юрась Мяцельскі паведаміў, што грамадзкі актывіст 25 сакавіка зьбіраўся ехаць у Менск на Дзень Волі. Пасьля затрыманьня дома ў Амяльковіча правялі ператрус. Актывіста абвінавачваюць у закліку ў сацсетках да ўдзелу ў масавых мерапрыемствах. Віталь Амяльковіч знаходзіцца ў Слуцкім РАУС. Суд павінен адбыцца ў панядзелак.
Таксама, паводле інфармацыі сайту руху «За свабоду», затрыманая актывістка Юлія Балакір. Жанчыну спыніла ДАІ, калі яна вярталася дадому з працы. Інспэктары, не назваўшы прычыны затрыманьня, загадалі праехаць за імі.
Дзяніс Балакір, муж Юліі, паехаў у Слуцкі РАУС даведацца, што з жонкай. Апоўначы зь ім там правялі прафіляктычную гутарку «аб недапушчальнасьці ўдзелу ў масавых мерапрыемствах».
Вуліца Акадэмічная ў Менску. Раніца 25 сакавіка
11 аўтазакаў на вуліцы Акадэмічнай у Менску, непадалёк ад месца збору акцыі
Уладзімер Някляеў знаходзіцца ў СІЗА ў Берасьці
Затрыманы ў ноч з 24 на 25 сакавіка паэт і былы кандыдат на прэзыдэнта Уладзімер Някляеў знаходзіцца ў сьледчым ізалятары ў Берасьці. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Вольга Някляева.
Дагэтуль невядома, на якой падставе затрымалі Ўладзімера Някляева. Яго зьнялі зь цягніка, калі ён учора вяртаўся ў Беларусь з Польшчы.
«Мне афіцыйна ніхто не тэлефанаваў, — сказала Някляева. — Гэта тое, што мы дазнаемся самі».
У Гарадку затрыманы сябра руху «За свабоду» Леанід Гаравы
У райцэнтры Гарадок затрыманы актывіста руху «За свабоду» Леанід Гаравы, які ехаў на сваім аўто ў Віцебск. Зараз ён знаходзіцца ў Гарадоцкім РАУС, афіцыйная прычына затрыманьня — апытаньне наконт крадзяжу, які здарыўся днямі ў райцэнтры.
Дзень Волі пройдзе без назіральнікаў ад АБСЭ
Пра гэта беларускім праваабаронцам паведаміў дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Міхаэль Георг Лінк.
«На працягу такога кароткага пэрыяду БДІПЧ, на жаль, ня зможа арганізаваць маніторынг маючага адбыцца мітынгу ў Менску 25 сакавіка», — гаворыцца ў лісьце да беларускіх праваабаронцаў.
Затрыманых 24 сакавіка на вуліцы Фабрыцыуса даставілі ў суд Маскоўскага раёна Менску. Пра гэта перадае БелаПАН са спасылкай на Тацьцяну Сушу - маці затрыманага Паўла Патапава.
Берасьце: Сёлетні Дзень Волі — першая дазволеная акцыя за 4 гады
Заяўнік берасьцейскай акцыі на Дзень Волі — кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Шыманскі. У аргкамітэт правядзеньня акцыі ўваходзяць мясцовыя структуры Партыі БНФ, БСДП(Г), АГП, руху «За свабоду».
Акцыя пачнецца а 12 гадзіне на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. Адтуль шэсьце пройдзе на пешаходную вуліцу Савецкую і каля кінатэатру «Беларусь» паверне па вуліцы Будзённага да плошчы Свабоды.
Шмат аўтазакаў каля Акадэміі навук #ДзеньВолі https://t.co/N18PM4JSa8
— Радыё Свабода (@svaboda) 25.3.2017
На вуліцы Гікала ў Менску. Фотафакт
У полацкім офісе свабоднага прафсаюзу зрабілі ператрус, затрыманы актывіст Віктар Стукаў
Ператрус прайшоў каля 20-й вечара. Супрацоўнікі міліцыі выклікалі актывіста СПБ Віктара Стукава, заявіўшы, што ў офісе могуць захоўвацца скрадзеныя рэчы. Ператрус быў хуткі, рэчаў, якія фігуруюць у крымінальнай справе наконт крадзяжу ў кватэры па вуліцы Гагарына, у офісе не знайшлі.Пасьля ператрусу Віктара Стукава забралі ў Полацкі РАУС.
Міліцыя рыхтуецца да Дня Волі. ФОТАФАКТ
25 сакавіка раніцай у Менску, у адным з аддзяленьняў міліцыі, што на завулку Якуба Коласа, міліцыянты рыхтаваліся да Дня Волі. Сярод іх былі людзі ў звычайнай цывільнай вопратцы, некаторыя з заплечнікамі ды дубінкамі.
Як паведамілі Свабодзе відавочцы, было чуваць, як міліцыянты жартавалі, смяяліся: «Бананы браць з сабой ня трэба, часу, каб усіх перапісваць, ня будзе». Інструктаж быў такі: «Прыпыніў чалавека, зьняў на камэру ягоны твар…».
Разышліся а 9 раніцы.
Праваабаронцы: уначы і раніцай 25 сакавіка напярэдадні Дня Волі працягваюць затрымліваць актывістаў
Уначы і раніцай, напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, у Беларусі працягваліся затрыманьні грамадзянскіх актывістаў, палітыкаў і проста грамадзян, якія зьбіраліся патрапіць у Менск на акцыю, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».
Бяроза. За 5 хвілінаў да адыходу цягніка на Менск на пэроне быў затрыманы праваабаронца Сяржук Русецкі. На падыходзе да пэрону да яго пад’ехала міліцэйская машына, у якой сядзелі старэйшы лейтэнант і маёр, якія прапанавалі сесьці ў машыну, дакумэнтаў не прад’яўлялі, не прадстаўляліся, але машына з надпісам міліцыя і людзі ў форме. Зараз прывезьлі ў РАУС Бярозаўскага раёну.
Ваўкавыск. Актывіста Віталя Гуляка затрымалі ўначы на чыгуначным вакзале, гадзіну трымалі на вакзале, тры гадзіны ў РАУСе, потым завезьлі дахаты, і пільнуюць, каб не выходзіў з дому.
Менск. Увечары ў Менску была затрыманая Ганна Сівакова, уначы яе даставілі ў Маскоўскі РУУС, дома адбыўся ператрус.
Наваполацак. Уначы супрацоўнікі міліцыі затрымалі актывіcтку Тацяну Ладукас. За ёй доўга сачылі людзі ў цывільным. Нарэшце затрымалі і даставілі ў Наваполацкі ГАУС. Зараз яе павезьлі ў Сьледчы камітэт Наваполацка.
Таксама затрыманы і актывіст БХК Юры Бельскі. Ён атрымаў позву зьявіцца ў Сьледчы камітэт, аднак не пайшоў. Раніцай стала вядома, што яго затрымалі, калі выходзіў з дому ехаць у Менск. Цяпер знаходзіцца ў РАУС.
Рэчыца. Раніцай затрымалі грамадзкага актывіста Алега Шабетніка на чыгуначным вакзале. Вязуць у РАУС.
Непасрэдна зь цягніка, які рухаўся ў Гомель, зьнялі рэчыцкага блогера Дзьмітрыя Лебедзева і Антона Варанцова. Вязуць у Рэчыцкі РАУС.
На менскай кальцавой дарозе ў раёне Сухарава вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг.
У Слоніме затрымалі актывістаў, якія зьбіраліся ехаць у Менск на Дзень Волі
Уладзімера Літвіна і Івана Бедку затрымалі, калі яны выходзілі з дому. Цяпер абодва знаходзяцца ў пастарунку.
Пра гэта Свабодзе паведаміў слонімскі актывіст Алесь Масюк. Паводле яго, Літвіну міліцыянты сказалі, што даставяць яго ў пастарунак з тым, каб задаць пытаньні наконт «Маршe недармаедаў», які прайшоў у Слоніме 19 сакавіка. Івана Бедку абвінавацілі ў тым, што ён лаяўся матам.
«Мы сядзім у доме і бачым, што пад вокнамі стаіць міліцэйская машына. Гэта значыць, калі выйдзем, то нас адразу забяруць», — сказалі актывісты перад затрыманьнем.
У Віцебску згарэў аўтазак
Як паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак, сёньня ўначы ў Віцебску каля моста Блахіна згарэў аўтамабіль ГАЗ для перавозкі арыштаваных.
Свабода высьвятляе падрабязнасьці здарэньня.