Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды, арышты, зьбіцьцё. Дзень 13. Жывы блог

У Беларусі два тыдні ідуць масавыя суды над удзельнікамі «Маршаў недармаедаў», ужо затрыманыя ці асуджаныя да арышту ці штрафу больш за 300 «недармаедаў», больш за 120 чалавек сустрэнуць Дзень волі ў турмах. За апошнія дні 26 чалавек былі арыштаваныя па справе «Белага легіёну» і «Маладога фронту» пасьля заявы Лукашэнкі пра «лягеры баевікоў». Іх абвінавачваюць у крымінальным злачынстве — падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў з выкарыстаньнем зброі.

Суды, затрыманьні, зьбіцьцё. Дзень 12

Яны сустрэнуць Дзень Волі ў турме. Поўны сьпіс затрыманых і арыштаваных. Абнаўляецца

Вынікі дня: Колькасьць затрыманых дасягнула 300 (Відэатрансьляцыя)

12:34 24.3.2017

Лагвінца павялі на абсьледаваньне, яго ахоўваюць супрацоўнікі ў цывільным

Пра гэта Свабодзе паведаміў сын зьбітага і затрыманага палітыка 23 сакавіка Антось Лагвінец, які пастаянна знаходзіцца ў 9-м шпіталі, куды ягонага бацьку з паседжаньня суду забрала «хуткая дапамога».

12:38 24.3.2017

Актывістка «Зялёнай сеткі» восьмы дзень трымае галадоўку на Акрэсьціна

Брутальна затрыманая пасьля акцыі 15 сакавіка актывістка аб’яднаньня «Зялёная сетка» Алена Дубовік восьмы дзень трымае галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

Алену Дубовік вядуць на судовае паседжаньне. 16 сакавіка 2017 году
Алену Дубовік вядуць на судовае паседжаньне. 16 сакавіка 2017 году

Алену затрымалі ў тралейбусе, зь якога людзі ў цывільным гвалтам «выкурвалі» анархістаў. На судзе яна засьведчыла, што яе «вывалаклі на вуліцу і цягалі па зямлі». Аднак ніякія аргумэнты на судзьдзю не падзейнічалі, усяго ёй прысудзілі 12 сутак адміністрацыйнага арышту – за нібыта непадпарадкаваньне работнікам праваахоўных органаў. На знак пратэсту супраць прысуду дзяўчына абвясьціла галадоўку.

12:44 24.3.2017

АМАП праводзіць агляд людзей на чыгуначным вакзале. ФОТАФАКТ

12:52 24.3.2017

Зьявілася інфармацыя, што вязьняў з Акрэсьціна перавозяць у Жодзіна

Праваабаронца Наста Лойка паведаміла, што затрыманых 15 сакавіка вывезьлі зь Менску з турмы на Акрэсьціна ў ізалятар у Жодзіне.

У самой Жодзінскай турме паведамілі, што пакуль нікога зь Менску не даставілі.

13:35 24.3.2017

Новы суд над Рымашэўскім — 27 сакавіка

Сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, які ад 10 сакавіка знаходзіцца пад арыштам у Маладэчне за ўдзел у маладэчанскім «Маршы недармаедаў», зноў будуць судзіць 27 сакавіка ў менскім судзе Цэнтральнага раёну, паведамляе сайт БХД. Суд пачнецца а 11.30. На гэты раз судзіць маюць за ўдзел у менскім «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага.

Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота
Віталь Рымашэўскі, архіўнае фота

13:38 24.3.2017

Віктара Марчыка асудзілі на 5 сутак арышту

Слонімскі раённы суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Паводле Марчыка, у судзе супраць яго сьведчылі міліцыянты. Яны казалі, што ён заклікаў людзей на плошчу. Але пазьней на відэа было відаць, што Марчык толькі просіць людзей падыходзіць бліжэй да намесьніцы старшыні райвыканкаму Кацярыны Руткоўскай і задаваць ёй пытаньні.

Сьведкі з боку Марчыка, паводле яго, паказалі, што ў райвыканкаме дамаўляліся, што ён прывядзе людзей да будынка райвыканкаму бязь лёзунгаў і сьцягоў. Хадайніцтва Марчыка аб выкліку ў суд намесьніцы старшыні Слонімскага райвыканкаму Кацярыны Руткоўскай было адхіленае.

— Я стрымаў сваё слова, а ў райвыканкаме мне адказалі тым, што прамаўчалі. Няхай гэта будзе на іхным сумленьні. Я заклікаў суд, каб знайшлі тых, хто мяне па-бандыцку арыштоўваў, і пакаралі іх, але гэта, відаць, таксама нічым ня скончыцца. Зрэшты, было відавочна, што судзьдзя сам нічога не вырашае. Ён толькі зачытаў рашэньне.

У судзе прысутнічаў у якасьці сьведкі слонімскі актывіст Алесь Масюк. Пасьля суду ён сказаў Свабодзе, што нічога новага ў нашых судах не адбываецца.

— Там кажы хоць што хочаш, прыводзь факты, сьведкаў выклікай, а рашэньне заўсёды зачытваюць супраць цябе...

Мітынг у Слоніме адбыўся 19 сакавіка. У ім узялі ўдзел звыш двухсот чалавек. Пакараны адзін Віктар Марчык.

13:42 24.3.2017

Тым часам па дарозе на Менск

13:56 24.3.2017

У Берасьці Натальлі Папковай прысудзілі 7 сутак арышту

Актывістку «Маладой Беларусі» Натальлю Папкову зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі «недармаедаў» 12 сакавіка ў Берасьці.

Судзьдзя Ленінскага суду Сьвятаслаў Каліна прысудзіў Натальлі 7 сутак арышту. Улічваючы двое сутак, якія яна адседзела пасьля затрыманьня, спадарыні засталося адбыць 5 сутак.

Канвой забраў актывістку ў ізалятар проста з судовай залі.

Натальля Папкова
Натальля Папкова

Судовае паседжаньне пачалося напярэдадні ўвечары, аднак Натальля Папкова заявіла хадайніцтва аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам, таму справу перанесьлі на сёньня. Як расказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, пасьля ўчарашняга паседжаньня ён заўважыў, што за Натальляй сочаць людзі ў цывільным:

«Учора пасьля суду я яе суправаджаў дахаты, то паўсюль за намі сачылі. Калі не ішлі, то ехалі. Гэта быў такі сурʼёзны псыхалягічны ціск. Раніцай сёньня я яе ад дома забіраў, то зноў за намі езьдзілі. Зайшлі ў кавярню перад судом — і яны за намі».

Уладзімер Вялічкін выказаў думку, што сачыць за Натальляй Папковай сталі дзеля таго, каб яна не паехала ў Менск паміж судовымі паседжаньнямі.

Актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова — адна зь лідэраў пратэстаў «недармаедаў» у Берасьці.

3 сакавіка, перад трэцім «Маршам недармаедаў» у Берасьці (прызначаным на 5 сакавіка), яе затрымалі і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню, быццам бы пасьля скаргі суседзяў, што яна хоча скончыць жыцьцё самагубствам.

Пасьля вызваленьня ў інтэрвію Свабодзе Натальля сказала, што думак пра самагубства ў яе не ўзьнікала.

14:01 24.3.2017

Полацкіх актывістаў выклікаюць да сьледчага: на кожнага чалавека па 20 хвілін

Пра позву ў сьледчы камітэт на 16.20 24 сакавіка паведаміў лідэр прадпрымальніцкага руху, актывіст Генадзь Берданеў:

«Позву прынесьлі міліцыянты. Там пазначана, што мяне выклікаюць у якасьці сьведкі. Больш аніякіх тлумачэньняў. Такія позвы атрымалі яшчэ сямёра маіх знаёмых. Пакуль мы не называем іхныя імёны. Чакаем вынікаў размовы. Але я не выключаю, што могуць затрымаць — бо я неаднаразова і публічна абвяшчаў пра свой намер паехаць 25-га сакавіка ў Менск».

Такую самую позву ў Полацкі міжраённы сьледчы камітэт, але да 16-й гадзіны, супрацоўнікі міліцыі прыносілі полацкаму праваабаронцу Юрыю Бельскаму. Ён адмовіўся яе атрымліваць.

Выклікі ў сьледчы камітэт некаторыя полацкія актывісты зьвязваюць з тым, што ў сацыяльных сетках з’яўляюцца запрашэньні на акцыю пратэсту супраць Дэкрэту №3, анансаваную на 26-га сакавіка.

Вядома, што на заўтра да сьледчых атрымалі выклікі і аршанскія актывісты. У Мёрах прыхільнікам стварэньня БХД уручаюць позву ў міліцыю: мясцовы каардынатар Багуслаў Мацук ужо атрымаў выклік, а актывіст Валеры Валажонак распавёў, што ўчора ўдзень да яго гвалтоўна ўварваліся міліцыянты, моцна ўдарылі па галаве і адвезьлі ў пастарунак, дзе пратрымалі да позьняга вечара.

15:09 24.3.2017

Гомельскі актывіст пакараны 8 суткамі арышту за «заклікі»

У Чыгуначным судзе Гомеля разглядалася адміністрацыйная справа паводле артыкулу 23.34 у дачыненьні да актывіста Арцёма Шапарава — за заклікі да ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Дзень Волі. Шапараў заявіў, што скрыншот з дадаткам да яго старонкі зроблены знутры акаўнта, таму патрабуе экспэртызы. Ён лічыць, што да яго старонкі невядомымі асобамі зроблены дадатак, які яму не належыць. Аднак патрабаваньні Шапарава судзьдзя Яраслаў Парэмскі праігнараваў і пастанавіў пакараць актывіста 8 суткамі адміністрацыйнага арышту.

15:12 24.3.2017

Ніна Багінская выйшла з адзіночным пікетам да КДБ. Затрымалі ў жывым эфіры

Ніна Багінская выйшла на адзіночны пікет да КДБ у Менску з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў. Кадры зь відэа Антона Матолькі
Ніна Багінская выйшла на адзіночны пікет да КДБ у Менску з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў. Кадры зь відэа Антона Матолькі

16:44 24.3.2017

Гомельская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналістцы-фрылансэру Марыне Драбышэўскай за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».

16:53 24.3.2017

Сустаршыню БХД Паўла Севярынца, які адбывае суткі арышту пад Воршай, будуць зноў судзіць 31 сакавіка ў Савецкім судзе Менску за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта паведаміла маці палітыка. За што канкрэтна будуць судзіць Севярынца, невядома.

16:54 24.3.2017

Алеся Яўсеенку Савецкі суд Гомеля пакараў 3 суткамі арышту за нібыта хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Яго затрымаў АМАП, калі Алесь раніцай выпраўляўся на суд Толчына і Захаранкі.

16:59 24.3.2017

Гомельская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналістам-фрылянсэрам Марыі Булавінскай і яе мужу Сяргею Ляпіну за супрацоўніцтва зь «Белсатам». Такое ж папярэджанне вынесена і журналістыцы-фрылянсэру Марыне Драбышэўскай.

17:00 24.3.2017

Бабруйск. Уладзімер Лазараў прыйшоў у ГУУС па позьве, там яго затрымалі і адвезьлі ў ізалятар. Далі 12 сутак за ўдзел у акцыі "недармаедаў" у Бабруйску 12 сакавіка.

17:18 24.3.2017

Актывіста «Моладзі БНФ» Адама Маркевіча затрымалі ў Лідзе і адвезьлі ў міліцэйскі пастарунак. Ён трансьляваў затрыманьне на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

17:39 24.3.2017

Затрыманьне на плошчы Якуба Коласа ў Менску

Міліцэйскі патруль спыніў, каб праверыць дакумэнты, Алену Дзяткоўскую, сястру Яўгена Дзяткоўскага, асуджанага на 15 сутак за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 15 сакавіка ў Менску. Разам з Аленай Дзяткоўскай была яе спадарожніца (прозьвішча ўдакладняецца). Абедзьвюх дзяўчат затрымалі.

18:11 24.3.2017

Міліцыя затрымлівае людзей, якія зьбіраюць дапамогу затрыманым, і журналістаў (Відэатрансьляцыя)

18:24 24.3.2017

Бабруйск. Галіна Сьмірнова атрымала штраф 920 рублёў за перапост у «Аднаклясьніках» інфармацыі пра сацыяльны пратэст, заплянаваны на 26 сакавіка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG