Алеся Яўсеенку Савецкі суд Гомеля пакараў 3 суткамі арышту за нібыта хуліганства і непадпарадкаваньне міліцыі. Яго затрымаў АМАП, калі Алесь раніцай выпраўляўся на суд Толчына і Захаранкі.
Сустаршыню БХД Паўла Севярынца, які адбывае суткі арышту пад Воршай, будуць зноў судзіць 31 сакавіка ў Савецкім судзе Менску за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Пра гэта паведаміла маці палітыка. За што канкрэтна будуць судзіць Севярынца, невядома.
Гомельская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне журналістцы-фрылансэру Марыне Драбышэўскай за супрацоўніцтва з тэлеканалам «Белсат».
Гомельскі актывіст пакараны 8 суткамі арышту за «заклікі»
У Чыгуначным судзе Гомеля разглядалася адміністрацыйная справа паводле артыкулу 23.34 у дачыненьні да актывіста Арцёма Шапарава — за заклікі да ўдзелу ў акцыі пратэсту ў Дзень Волі. Шапараў заявіў, што скрыншот з дадаткам да яго старонкі зроблены знутры акаўнта, таму патрабуе экспэртызы. Ён лічыць, што да яго старонкі невядомымі асобамі зроблены дадатак, які яму не належыць. Аднак патрабаваньні Шапарава судзьдзя Яраслаў Парэмскі праігнараваў і пастанавіў пакараць актывіста 8 суткамі адміністрацыйнага арышту.
Полацкіх актывістаў выклікаюць да сьледчага: на кожнага чалавека па 20 хвілін
Пра позву ў сьледчы камітэт на 16.20 24 сакавіка паведаміў лідэр прадпрымальніцкага руху, актывіст Генадзь Берданеў:
«Позву прынесьлі міліцыянты. Там пазначана, што мяне выклікаюць у якасьці сьведкі. Больш аніякіх тлумачэньняў. Такія позвы атрымалі яшчэ сямёра маіх знаёмых. Пакуль мы не называем іхныя імёны. Чакаем вынікаў размовы. Але я не выключаю, што могуць затрымаць — бо я неаднаразова і публічна абвяшчаў пра свой намер паехаць 25-га сакавіка ў Менск».
Такую самую позву ў Полацкі міжраённы сьледчы камітэт, але да 16-й гадзіны, супрацоўнікі міліцыі прыносілі полацкаму праваабаронцу Юрыю Бельскаму. Ён адмовіўся яе атрымліваць.
Выклікі ў сьледчы камітэт некаторыя полацкія актывісты зьвязваюць з тым, што ў сацыяльных сетках з’яўляюцца запрашэньні на акцыю пратэсту супраць Дэкрэту №3, анансаваную на 26-га сакавіка.
Вядома, што на заўтра да сьледчых атрымалі выклікі і аршанскія актывісты. У Мёрах прыхільнікам стварэньня БХД уручаюць позву ў міліцыю: мясцовы каардынатар Багуслаў Мацук ужо атрымаў выклік, а актывіст Валеры Валажонак распавёў, што ўчора ўдзень да яго гвалтоўна ўварваліся міліцыянты, моцна ўдарылі па галаве і адвезьлі ў пастарунак, дзе пратрымалі да позьняга вечара.
- By ММ
У Берасьці Натальлі Папковай прысудзілі 7 сутак арышту
Актывістку «Маладой Беларусі» Натальлю Папкову зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі «недармаедаў» 12 сакавіка ў Берасьці.
Судзьдзя Ленінскага суду Сьвятаслаў Каліна прысудзіў Натальлі 7 сутак арышту. Улічваючы двое сутак, якія яна адседзела пасьля затрыманьня, спадарыні засталося адбыць 5 сутак.
Канвой забраў актывістку ў ізалятар проста з судовай залі.
Судовае паседжаньне пачалося напярэдадні ўвечары, аднак Натальля Папкова заявіла хадайніцтва аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам, таму справу перанесьлі на сёньня. Як расказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, пасьля ўчарашняга паседжаньня ён заўважыў, што за Натальляй сочаць людзі ў цывільным:
«Учора пасьля суду я яе суправаджаў дахаты, то паўсюль за намі сачылі. Калі не ішлі, то ехалі. Гэта быў такі сурʼёзны псыхалягічны ціск. Раніцай сёньня я яе ад дома забіраў, то зноў за намі езьдзілі. Зайшлі ў кавярню перад судом — і яны за намі».
Уладзімер Вялічкін выказаў думку, што сачыць за Натальляй Папковай сталі дзеля таго, каб яна не паехала ў Менск паміж судовымі паседжаньнямі.
Актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова — адна зь лідэраў пратэстаў «недармаедаў» у Берасьці.
3 сакавіка, перад трэцім «Маршам недармаедаў» у Берасьці (прызначаным на 5 сакавіка), яе затрымалі і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню, быццам бы пасьля скаргі суседзяў, што яна хоча скончыць жыцьцё самагубствам.
Пасьля вызваленьня ў інтэрвію Свабодзе Натальля сказала, што думак пра самагубства ў яе не ўзьнікала.
Тым часам па дарозе на Менск
- By ММ
Віктара Марчыка асудзілі на 5 сутак арышту
Слонімскі раённы суд прызнаў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Паводле Марчыка, у судзе супраць яго сьведчылі міліцыянты. Яны казалі, што ён заклікаў людзей на плошчу. Але пазьней на відэа было відаць, што Марчык толькі просіць людзей падыходзіць бліжэй да намесьніцы старшыні райвыканкаму Кацярыны Руткоўскай і задаваць ёй пытаньні.
Сьведкі з боку Марчыка, паводле яго, паказалі, што ў райвыканкаме дамаўляліся, што ён прывядзе людзей да будынка райвыканкаму бязь лёзунгаў і сьцягоў. Хадайніцтва Марчыка аб выкліку ў суд намесьніцы старшыні Слонімскага райвыканкаму Кацярыны Руткоўскай было адхіленае.
— Я стрымаў сваё слова, а ў райвыканкаме мне адказалі тым, што прамаўчалі. Няхай гэта будзе на іхным сумленьні. Я заклікаў суд, каб знайшлі тых, хто мяне па-бандыцку арыштоўваў, і пакаралі іх, але гэта, відаць, таксама нічым ня скончыцца. Зрэшты, было відавочна, што судзьдзя сам нічога не вырашае. Ён толькі зачытаў рашэньне.
У судзе прысутнічаў у якасьці сьведкі слонімскі актывіст Алесь Масюк. Пасьля суду ён сказаў Свабодзе, што нічога новага ў нашых судах не адбываецца.
— Там кажы хоць што хочаш, прыводзь факты, сьведкаў выклікай, а рашэньне заўсёды зачытваюць супраць цябе...
Мітынг у Слоніме адбыўся 19 сакавіка. У ім узялі ўдзел звыш двухсот чалавек. Пакараны адзін Віктар Марчык.
Новы суд над Рымашэўскім — 27 сакавіка
Сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, які ад 10 сакавіка знаходзіцца пад арыштам у Маладэчне за ўдзел у маладэчанскім «Маршы недармаедаў», зноў будуць судзіць 27 сакавіка ў менскім судзе Цэнтральнага раёну, паведамляе сайт БХД. Суд пачнецца а 11.30. На гэты раз судзіць маюць за ўдзел у менскім «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага.
Зьявілася інфармацыя, што вязьняў з Акрэсьціна перавозяць у Жодзіна
Праваабаронца Наста Лойка паведаміла, што затрыманых 15 сакавіка вывезьлі зь Менску з турмы на Акрэсьціна ў ізалятар у Жодзіне.
У самой Жодзінскай турме паведамілі, што пакуль нікога зь Менску не даставілі.
АМАП праводзіць агляд людзей на чыгуначным вакзале. ФОТАФАКТ
Актывістка «Зялёнай сеткі» восьмы дзень трымае галадоўку на Акрэсьціна
Брутальна затрыманая пасьля акцыі 15 сакавіка актывістка аб’яднаньня «Зялёная сетка» Алена Дубовік восьмы дзень трымае галадоўку ў ізалятары часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.
Алену затрымалі ў тралейбусе, зь якога людзі ў цывільным гвалтам «выкурвалі» анархістаў. На судзе яна засьведчыла, што яе «вывалаклі на вуліцу і цягалі па зямлі». Аднак ніякія аргумэнты на судзьдзю не падзейнічалі, усяго ёй прысудзілі 12 сутак адміністрацыйнага арышту – за нібыта непадпарадкаваньне работнікам праваахоўных органаў. На знак пратэсту супраць прысуду дзяўчына абвясьціла галадоўку.
Лагвінца павялі на абсьледаваньне, яго ахоўваюць супрацоўнікі ў цывільным
Пра гэта Свабодзе паведаміў сын зьбітага і затрыманага палітыка 23 сакавіка Антось Лагвінец, які пастаянна знаходзіцца ў 9-м шпіталі, куды ягонага бацьку з паседжаньня суду забрала «хуткая дапамога».
«Маладафронтаўцы» не ў КДБ, а на «Валадарцы»
Наста Дашкевіч, жонка лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча, паведамляе, што яе муж не ў СІЗА КДБ. Ён, а таксама «маладафронтавец» Сяргей Пальчэўскі, у СІЗА на Валадарскага, паведамілі ёй у КДБ, калі яна спрабавала занесьці перадачу затрыманым.
Яна мяркуе, што там жа маюць знаходзіцца іншыя затрыманыя сябры «Маладога фронту». Але яна ня бачыць нейкай лёгікі ў такім падзяленьні (напрыклад, што іх працэсы асобныя ад працэсаў над «Белым легіёнам»). Ніякіх іншых зьвестак пра затрыманых не паведамляюць ні ёй, ні адвакату.
Кот, які зьнікнуў з кватэры Дашкевічаў у час ператрусу, пакуль не знайшоўся.
Мікалай Казлоў — 4 сутак за «мат у грамадзкім месцы»
Намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў атрымаў ад судзьдзі Міхаіла Хомы прысуд: 4 сутак адміністрацыйнага арышту за тое, што нібыта «лаяўся матам».
Як перадае сайт АГП, на судзе выступаў сьведкам супрацоўнік АМАП, які «чуў зь іншага боку вуліцы, як Мікалай лаяўся ў адрас улады матам, пагражаў міліцыянтам, лаяўся на іх адрас», а таксама што Казлоў не падпарадкоўваўся патрабаваньням міліцыі. Паўтарыць, што ён казаў, сьведкі-міліцыянты ня здолелі.
Казлоў сьцьвярджае, што міліцыя фільмавала затрыманьне, міліцыянты гэта адмаўляюць.
Далей Казлова могуць адвезьці на іншы працэс — раней яму прыйшла павестка на 24 сакавіка ў суд за, магчыма, удзел у «Маршы абураных беларусаў» 17 лютага або за адзін са збораў подпісаў. Пэўнасьці ў тым, ці будзе другі суд і ў чым яшчэ абвінавачваюць Казлова, няма.
Павал Юхневіч — 7 сутак арышту
24 сакавіка грамадзкі актывіст Павал Юхневіч асуджаны на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго затрымалі 23 сакавіка, да суду трымалі ў ЦІП на вуліцы Акрэсьціна.
Пра прысуд паведаміла жонка Юхневіча Рамуальда. У Паўла і Рамуальны Юхневічаў двое маленькіх дзяцей.
У Мёрах міліцыянты зьбілі актывіста БХД
Як паведамілі ў прэс-службе Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, 23 сакавіка ў Мёрах затрымалі актывіста арганізацыі Валера Валажонка. Ён расказаў, што ўдзень да яго гвалтоўна ўварваліся міліцыянты, моцна ўдарылі па галаве і адвезьлі ў пастарунак, дзе пратрымалі да позьняга вечара.
На сёньня Валажонка зноў выклікалі ў міліцыю, але ён паведаміў, што замест гэтага пойдзе спачатку да пракурора і адваката, а потым да хірурга, каб даведацца, наколькі моцная ў яго траўма, бо дагэтуль «вельмі баліць і кружыцца галава».
Таксама позву ў міліцыю атрымаў каардынатар БХД у Мёрах Багуслаў Мацук.
Арцём Кавалёў — 10 сутак
Паводле зьвестак праваабаронцы Леаніда Судаленкі, актывіст Арцём Кавалёў з Чачэрску асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у «Маршы недармаедаў» у Гомелі.
Кіраўнік клюбу «Патрыёт» на волі: «Патрыёты сваёй краіны не зьбіраліся распальваць у сябе дома пажар»
«Усе хлопцы, якія былі ў мяне ў клюбе, ня маюць ні да экстрэмізму, ні да тэрарызму, ні да падрыхтоўкі баевікоў, — кажа Свабодзе Міхалькоў. — Абсалютна нармальныя, адэкватныя хлопцы, афіцэры! Яны сапраўдныя патрыёты сваёй краіны — відавочна не зьбіраліся распальваць у сябе дома пажар».