Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдата ў прэзыдэнты Францыі падазраюць у арганізацыі сустрэчы з Пуціным за грошы


Франсуа Фіён
Франсуа Фіён

Кандыдата ў прэзыдэнты Францыі ад партыі «Рэспубліканцы» Франсуа Фіёна западозрылі ў атрыманьні 50 тысяч даляраў за арганізацыю сустрэч прадстаўнікоў бізнэсу з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Пра гэта 22 сакавіка паведаміў францускі сатырычны штотыднёвік Le Canard enchaîné, які спэцыялізуецца на журналісцкіх расьсьледаваньнях.

Выданьне сьцьвярджае, што ў 2015 годзе кансалтынгавая фірма Фіёна, заснаваная ім у 2012 годзе пасьля сыходу з пасады прэм’ер-міністра, арганізавала сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі для лібанскага мільярдэра Фуада Махзумі і генэральнага дырэктара Total Патрыка Пуянэ. Перамовы Пуціна і Пуянэ адбыліся падчас Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму.

Прадстаўнікі Фіёна заявілі, што інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці, а дзейнасьць яго фірмы цалкам законная.

Публікацыі Le Canard Enchaîné ўжо сталі падставай для іншага расьсьледаваньня ў дачыненьні да Фіёна, па выніках якога яму прад’явілі абвінавачваньні ў растраце дзяржаўных сродкаў. Абвінавачваньне тычыцца працоўных месцаў у парлямэнце, якія раней атрымалі сваякі Фіёна.

У канцы студзеня стала вядома, што Фіён наймаў на працу ў парлямэнце ўласную жонку і дзяцей. Да гэтага Фіён лічыўся фаварытам прэзыдэнцкай кампаніі, але пасьля скандалу з працаўладкаваньнем жонкі папулярнасьць палітыка рэзка зьнізілася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG