Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка сядзіць у галовах і сэрцах многіх беларусаў»


Пра што сьведчаць вынікі параўнальнага дасьледаваньня жыцьцёвых каштоўнасьцяў у Беларусі, Малдове і Ўкраіне?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў.


Цыганкоў: Нядаўна былі апублікаваныя вынікі параўнальнага дасьледаваньня грамадзкай думкі грамадзянаў Беларусі, Ўкраіны і Малдовы. Яно было прысьвечанае разуменьня грамадзянства ў трох постсавецкіх краінах. Беларускую сытуацыю дасьледаваў дэпартамэнт маркетынгавых і сацыялягічных дасьледаваньняў беларускага ТАА «ЦСБТ САТЫА», і менавіта гэтая матрыца легла ў аснову апытаньняў ва Ўкраіне і Малдове.

палова рэспандэнтаў упэўненая ў тым, што крыніцай улады і носьбітам сувэрэнітэту краіны зьяўляецца не народ, а прэзыдэнт

Дасьледаваньне вельмі вялікае, але я зьвярну ўвагу толькі на некаторыя аспэкты і лічбы, якія мне падаліся самымі важнымі. Напрыклад, сярод пяці асноўных каштоўнасьцяў беларусаў адсутнічае тая, што ў малдаванаў і ўкраінцаў займае ганаровае трэцяе месца — «павага да чалавечага жыцьця». Ня дзіўна, што ў беларусаў на першым месцы «парадак і бясьпека». А «асабістая свабода», якую ўкраінцы лічаць галоўнай каштоўнасьцю, а малдаване ставяць на другое месца, у беларускай пяцёрцы адсутнічае зусім. Пагадзіцеся, красамоўныя лічбы, але для мяне асабіста зусім не сэнсацыйныя.

Амаль палова рэспандэнтаў упэўненая ў тым, што крыніцай улады і носьбітам сувэрэнітэту краіны зьяўляецца не народ, а прэзыдэнт. Ва Украіне гаворка часьцей ідзе пра народ, то малдаване шчыра спадзяюцца на парлямэнт.

Яшчэ адзін паказальны момант — «грамадзяне схільныя выбіраць розныя прыярытэтныя каштоўнасьці для сябе асабіста і для грамадзянаў сваёй краіны. Так, для грамадзянаў асабіста законапаслухмянасьць, правы чалавека, парадак і бясьпеку, павага да чалавечага жыцьця аказваліся важнымі часьцей, чым для грамадзянаў краіны ў цэлым. У той жа час такія каштоўнасьці, як дэмакратычнасьць, талерантнасьць, паважлівае стаўленьне да культуры, былі больш важнымі для грамадзянаў краіны ў цэлым».

То бок адбываецца пэўная перадача паўнамоцтваў, калі чалавек асабіста для сябе вызнае тое. што на ягоную думку, лёгка выканаць законапаслухмянасьць, парадак і бясьпеку. А вось актыўныя дзеяньні — дэмакратыя — за гэта павінны змагацца нехта іншы. Дарэчы, у гэтым сэнсе паказальныя і дадзеныя, што ў Беларусі толькі 4% апытаных займаюцца валянтэрствам, а ў Малдове — 25 %.

А ў сёньняшняй Беларусі наадварот — парадак ідзе зьверху, і зьверху загадана ўсім хадзіць строем

Пацьвярджаецца стары тэзіс, што беларусы моцна давяраюць дзяржаве, і аддаюць ёй, а не сабе, надта шмат паўнамоцтваў. Мяркую, нездарма, паводле ўсіх сацыялягічных апытаньняў, больш за іншыя эўрапейскія народы беларусы паважаюць немцаў. Пры гэтым, мне здаецца, беларусы ўхваляюць нейкі гістарычны і цяпер ужо міталягічны вобраз немца — парадак, дысцыпліна, паслухмянасьць — які не абавязкова адпавядае сучасным рэаліям. Невыпадкова ў Беларусі больш, чым дзе, самых разнастайных сілавых структураў, і ў іх самыя вялікія паўнамоцтвы, а таксама шмат самых разнастайных кантрольных структураў, палова краіны сочыць, каб другая палова не парушала законаў і правілаў.

Але, разам з тым, доля грамадзянаў, якія лічаць, што іх паводзіны могуць паўплываць на тое, што адбываецца ў краіне — усяго 6%, а ва ўласным населеным пункце — каля 10%. І ў гэтым асаблівасьць беларускай любові да парадку. Бо ў сучасным дэмакратычным грамадзтве парадак і павінен пачынацца зьнізу — з падʼезду, роднага двара, сваёй вуліцы, гораду. А ў сёньняшняй Беларусі наадварот — парадак ідзе зьверху, і зьверху загадана ўсім хадзіць строем.

Дракахруст: Напачатку ў мяне мэтадалягічная заўвага, назіраньне: вельмі часта на падставе падобных дасьледаваньняў робяцца катэгарычныя журналісцкія высновы, выносіцца ў загаловак: «Беларусы любяць парадак», «Беларусы не любяць свабоды». Гэта чапляе вока, на гэта клікнуць, а вось як яно насамрэч — што азначаюць тыя дадзеныя, якія вы прывялі?

Так, беларусы любяць парадак — у большай ступені, чым украінцы. Беларусы любяць парадак у большасьці, але ёсьць даволі значная, заўважальная меншасьць, якая вызнае іншыя каштоўнасьці. І калі, умоўна кажучы, свабоду выбіраюць 10%, але ад 7 мільёнаў дарослых людзей гэта 700 тысяч чалавек. І калі мы гэта экстрапалюем у нейкія практычныя дзеяньні, то гэта азначае, што гэтыя 700 тысячаў гэтыя дзеяньні могуць рабіць. І таму заўсёды трэба ўстрымлівацца ад такіх катэгарычных «усе супраць», ці «усе за». Усе не могуць быць «за» ці «супраць», і нідзе няма таго, каб усе былі «за» ці «супраць». Размова можа ісьці пра нейкія галоўныя каштоўнасьці, якія вызнае большасьць ці значная частка. Я разумею, што гэта кепска выносіцца ў загаловак, але вось гэта важнае ўдакладненьне, бо яно мае практычныя вынікі.

Беларусы любяць парадак у большасьці, але ёсьць даволі значная, заўважальная меншасьць, якая вызнае іншыя каштоўнасьці

А другая заўвага, тычыцца спрэчак, якія зараз ідуць — хто ў Беларусі што вызначае. Маўляў, усё вызначае Лукашэнка. Дык вось вынікі гэтага апытаньня паказваюць, што справа ня толькі ў фізычнай асобе, якую завуць Аляксандар Лукашэнка і якая сядзіць у сваім палацы, а ў тым, што гэты самы Лукашэнка сядзіць у мазгах і душах у вельмі многіх беларусаў. І гэта адбіваецца на ўсім. Справа не зусім у тым, што ён у нас такі кепскі, а вакол цудоўны, талерантны, свабодалюбівы народ, і вось «пришел поручик Ржевский и все опошлил». Ну гэта ня так, мякка кажучы.

Карбалевіч: Я згодны з тым, што сапраўды Беларусь мае расколаты соцыюм. Тут вельмі глыбокія сьветапоглядны падзел існуе ў грамадзтве. Але, сапраўды, гэтае дасьледаваньне аналізуе галоўныя настроі. І яно пацьвярджае, што 23-гадовае панаваньне Лукашэнкі — гэта не выпадковасьць. У сваёй палітыцы ён абапіраецца на галоўныя ў грамадзтве каштоўнасьці. Гэта галоўная прычына.

Для сьвядомасьці большасьці беларусаў характэрны культ дзяржавы. Для іх дзяржава амаль заўсёды мае рацыю, што б яна не рабіла. Таму 54% беларусаў упэўненыя, што іх правы ніколі не парушаліся. Бо, паводле большасьці беларусаў, ўсе правы ёсьць толькі ў дзяржавы, у грамадзяніна — толькі абавязкі. І толькі нейкія надзвычай няўклюдныя дзеяньні ўлады могуць паставіць пад сумнеў гэтую парадыгму, як, напрыклад, той жа дэкрэт аб дармаедах.

Для сьвядомасьці большасьці беларусаў характэрны культ дзяржавы

Бо пры адсутнасьці грамадзянскай супольнасьці дзяржава — гэта адзіны інстытут, які абʼядноўвае насельніцтва на гэтай тэрыторыі ў соцыюм. Ніякіх іншых скрэпаў няма, напрыклад, этнакультурных, няма гістарычнай памяці, каранёў. І калі дзяржава слабее, большасьць беларусаў адчувае сябе няўтульна, некамфортна і шукае таго, хто навёў бы цьвёрды парадак. Таму з такім жахам беларусы ўспрымаюць падзеі ва Ўкраіне, разглядаючы іх як анархію і хаос.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG