Прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і Ганна Красуліна, а таксама партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі) перадалі ў адміністрацыю Лукашэнкі рэзалюцыі «Маршаў недармаедаў», якія прайшлі ў шэрагу гарадоў Беларусі.
Рэзалюцыі ўтрымліваюць шэраг эканамічных і палітычных патрабаваньняў да ўладаў краіны: адмяніць прэзыдэнцкі дэкрэт № 3, прыняць новы эканамічны курс, вызваліць затрыманых падчас мірных пратэстаў, зьмяніць выбарчы кодэкс і правесьці свабодныя выбары.
Акрамя таго, прадстаўнікі палітычных партыяў падчас падачы рэзалюцыяў зрабілі шэраг заяў. Прэсавы сакратар АГП Ганна Красуліна, у прыватнасьці, заявіла, што калі патрабаваньні рэзалюцыяў ня будуць выкананыя, то будуць праведзеныя новыя акцыі пратэсту, на якіх выставяць палітычныя патрабаваньні аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі, ураду і абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу. «Тыя правакацыі, якія рыхтуе ўлада, мы будзем расцэньваць як злачынства супраць Рэспублікі Беларусь і супраць яе сувэрэнітэту».
Мікалай Казлоў зьвярнуўся да кіраўнікоў сілавых структур з нагоды масавых арыштаў удзельнікаў «Маршаў недармаедаў». «Міністар Шуневіч, і старшыня КДБ, і генэральны пракурор Канюк, я заклікаю вярнуць сытуацыю ў прававое поле! Асабліва міністра Шуневіча: давайце прыгадаем закон, давайце дзейнічаць у прававым полі. Досыць бязьмежжа! Юрысты мусяць падказаць міністру, што ён нясе пэрсанальную адказнасьць за тое бязьмежжа, якое чыняць ягоныя супрацоўнікі на вачах ва ўсяго насельніцтва. Нельга людзей спачатку рабаваць, а затым зьбіваць».
У прыёмнай прэзыдэнцкай адміністрацыі палітыкам прапанавалі запісацца ў чаргу, каб перадаць рэзалюцыі. Яны адмовіліся гэта рабіць, пакінулі дакумэнт у прыёмнай разам з усімі неабходнымі рэквізытамі, а таксама паведамілі, што перашлюць рэзалюцыю праз электронную пошту.