Аляксандар Лукашэнка павіншаваў беларусаў з Днём Канстытуцыі.
У сваім звароце ён адзначыў, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь зьяўляецца «гарантам дабрабыту і годных умоў жыцьця грамадзянаў».
«Сёньня мы можам з упэўненасьцю глядзець у будучыню, разумеючы, што наша зладжаная работа, зьяднанасьць і стваральная энэргія прадвызначаюць далейшае разьвіцьцё і паступальны рух Айчыны да працьвітаньня», — гаворыцца ў віншаваньні.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету, а цяпер сябра БСДП(Г) і ўдзельнік кампаніі «Мы не дармаеды» Мечыслаў Грыб, які падпісаў Канстытуцыю 1994 году, кажа, што віншаваньне Лукашэнкі грунтуецца на дакладах чыноўнікаў.
Каб ведаць праўдзівую інфармацыю пра «ўмовы жыцьця грамадзянаў», яму трэба паглядзець трансьляцыі з акцыяў недармаедаў, якія цяпер адбываюцца па ўсёй Беларусі, перакананы Грыб:
«Лукашэнка кажа адно, а на самой справе адбываецца зусім іншае. Канстытуцыя ў Беларусі не выконваецца па цэлым шэрагу пазыцыяў. Акты, якія маюць сілу закону і прымаюцца адным чалавекам, не заўсёды адпавядаюць законнасьці. Людзі незадаволеныя многімі ўказамі і дэкрэтамі, у тым ліку і дэкрэтам № 3 пра „дармаедаў“. Лукашэнка піша пра дабрабыт і працьвітаньне. Няхай паглядзіць трансьляцыі з „Маршаў недармаедаў“, хай пабачыць плач і роспач людзей, якім няма чым карміць дзяцей».