Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, а цяпер адзін зь лідэраў «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Ўладзімер Някляеў кажа Свабодзе, што быў гатовы да такога сцэнару, але ня верыць у «хітрыкі» ўладаў і плянаў па вулічных пратэстах не мяняе:
«Пазыцыя Беларускага нацыянальнага кангрэсу не мяняецца. На мітынгу супраць дэкрэту № 3 тысячы прысутных прынялі рашэньне патрабаваць ад улады адмену дэкрэту № 3. Менавіта такія даручэньні былі дадзеныя мне, Статкевічу ды іншым, каго выбралі на мітынгу для кантролю рашэньня ўлады.
Тое, што зрабіў Лукашэнка, не адмяніўшы ўказ, а даўшы загад не займацца паборамі, гэта чарговыя хітрыкі рэжыму. Ён хоча зьбіць пратэставую хвалю, небясьпечную ўжо для самога існаваньня рэжыму. Гэты ход намі прагназаваўся, і мы не зьбіраемся ісьці на нейкія гульні з рэжымам, прызнаваць, нібы патрабаваньні працоўнага люду выкананыя. Мы намераныя заявіць пра сваю пазыцыю, выказаную 17 лютага — за адмену дэкрэту № 3.
І ёсьць шмат пытаньняў, якія датычаць палітычнай і эканамічнай сфэры, рэформаў, а ўрэшце вольныя і дэмакратычныя выбары, каб вярнуць уладу народу. Рашэньне Лукашэнкі не займацца паборамі ніяк не адмяняе тых важных праблем, што стаяць перад Беларусьсю».