Падчас ператрусу ў прыватным доме № 13 па вуліцы Чырвонаармейскай дазволілі прысутнічаць толькі аднаму чалавеку — кіраўніку моладзевай арганізацыі «Зьвяз» Ігару Казьмерчаку.
Ён распавёў наступныя падрабязнасьці:
«Я зьяўляюся даверанай асобай, якая нясе абавязкі па аплаце розных выдаткаў за гэтую хату. Яе пакінуў нам у карыстаньне Алесь Шутаў, які летась сышоў у лепшы сьвет. Як і пры ягоным жыцьці, тут па-ранейшаму зьбіраюцца актывісты. Сёньня мы таксама сабраліся разам, каб абмеркаваць бягучыя справы. Абсалютна нечакана раздаўся стук у дзьверы, і ў пакой увайшлі міліцыянты. Неўзабаве зьявіліся і прадстаўнікі Сьледчага камітэту з пастановай на ператрус. Усіх прысутных, апрача мяне — а іх было каля 15-ці чалавек — прымусілі ня толькі пакінуць хату, але й выйсьці за плот. Унутры засталіся толькі я, суседзі-панятыя, і службоўцы. Ператрус працягваўся гадзіны паўтары. Пераглядалі ўважліва ўсе рэчы, але з сабой забралі выключна аргтэхніку».
Як паведаміў актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Яўген Анішчанка, сьледчыя прыехалі зь відавочнымі намерамі: адразу прывезьлі з сабой каробкі для ўпакоўкі кампутараў. Гэта мелі магчымасьць назіраць аднадумцы Ігара Казьмерчака, якія вырашылі не пакідаць яго сам-насам зь міліцыяй і сьледчымі, а таму заставаліся чакаць на вуліцы разьвязаньня сытуацыі.
Паводле Ігара Казьмерчака, сьледчыя патлумачылі яму прычыну свайго пільнага інтарэсу наступным чынам: нібыта ў адной з крамаў горада была выяўлена несапраўдная 5-рублёвая купюра, і з гэтай нагоды ўжо распачата некалькі крымінальных справаў. А потым у Сьледчы камітэт «паступіў сыгнал», што капіравальная і друкарская тэхніка ёсьць у хаце па вуліцы Чырвонаармейскай.
Службоўцы сказалі, што прыехалі туды, абсалютна ня ведаючы, што патрапяць на нараду дэмакратычных актывістаў. Аднак перапісалі асабістыя дадзеныя ўсіх прысутных, хаця нікому зь іх не дазволілі прысутнічаць падчас ператрусу.
Спадар Казьмярчак зьвязвае нечаканы візыт з тым, што 12-га сакавіка ў Воршы плянуецца «Марш недармаедаў». Зьвесткі пра гэта ўжо распаўсюджаны па сацыяльных сетках, а таксама разьмешчаны на мясцовым незалежным сайце orsha.eu, якім кіруе Ігар Казьмярчак.
У зьвяз з сёньняшнімі падзеямі Казьмерчак прыгадаў яшчэ адзін нядаўні інцыдэнт: уночы з 4-га на 5-га сакавіка ён вяртаўся з Польшчы і быў затрыманы на мяжы. Афіцэр мытнай службы зьвярнуўся да пасажыраў аўтобуса, у якім ехаў актывіст, і спытаўся, ці ёсьць сярод іх чалавек па прозьвішчы Казьмярчак. Яму было загадана выйсьці з рэчамі на асабісты дагляд. Астатнія пасажыры мусілі чакаць, пакуль працэдура скончыцца.
Догляд рэчаў быў вельмі пільны, але прычыну затрыманьня ніхто не патлумачыў, кажа Ігар Казьмярчак. Адзінае, што сказалі службоўцы, — «гэта ня нашая ініцыятыва».
Па пытаньні «аб вырабе фальшывых грошай» актывіста паабяцалі выклікаць у Сьледчы камітэт найбліжэйшымі днямі. На думку прадстаўнікоў Аршанскай кааліцыі дэмакратычных сілаў, сьледчых найбольш цікавіць зьмесьціва кампутараў. І, ня выключана, службоўцы сьвядома імкнуліся пазбавіць актывістаў аргтэхнікі менавіта напярэдадні «Маршу недармаедаў» — каб перашкодзіць каардынацыі удзельнікаў.