Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі і будаваць, то капліцу ці сьцяну памяці, — голас народу пра будоўлю побач з Курапатамі


Курапаты, 5 сакавіка 2017 году
Курапаты, 5 сакавіка 2017 году

Пасьля суботняй актыўнасьці нядзеля ў лягеры абаронцаў Курапатаў нашмат спакайнейшая — раніцай ля «бочкі годнасьці» грэюцца шасьцёра актывістаў. Ня бачна нават «ціхароў», якія звычайна пільнуюць на бясьпечнай адлегласьці.

Ненадоўга па адным ці парамі да мястэчка скіроўваюцца суседзі з бліжэйшых дамоў, спыняюцца мінакі, якія праз імправізаванае намётавае мястэчка ідуць на аўтобусны прыпынак на кальцавой дарозе. Зь цікаўнасьцю разглядаюць імправізаваную «фотавыставу» рэпрадукцыяў «кіпучай дзейнасьці» чэкістаў і іх сёньняшніх спадкаемцаў — адбіткі дакумэнтальных здымкаў людзей, закатаваных і расстраляных у сталінскія часы, і іхных катаў прымацаваныя проста на зялёнай агароджы.

На паходным стале пад тэнтам — сьціплыя запасы харчоў, якія засталіся ад начной вахты, тэрмасы з гарачай кавай і гарбатай, хтосьці ўжо паднёс бохан сьвежага «Нарачанскага» хлеба.

«Уначы было шматлюдна, — гаворыць адзін з хлопцаў, падкідваючы дровы ў бочку, — ня меней за паўсотню чалавек. Толькі пад раніцу пачалі разыходзіцца. Так што не сумавалі...».

Калі ня здарыцца форс-мажору, сёньняшні дзень у Курапатах — апошні. Забудоўнік выканаў абяцаньне не трывожыць целы загінулых і вывез тэхніку разам з будаўнікамі ды іх бытоўкамі. А вось гарадзкія ўлады працягваюць настойваць: будоўля законная, парушэньня заканадаўства аб ахоўных зонах няма, таму неабходная паўза, каб ва ўсім дэталёва разабрацца.

Менавіта пазыцыя выканкамаўскіх чыноўнікаў стане вырашальнай, ці надышоў час здымаць вахту, бо пры цяперашнім тлумачэньні вакантнае месца неўзабаве можа заняць новы інвэстар. Але пакуль настрой у абаронцаў такі, што раніцай у панядзелак пачнецца вываз сьмецьця ды ўпарадкаваньне тэрыторыі.

«Любая сіла ня будзе лішняй, таму разьлічваем, што людзі адгукнуцца на просьбу дапамагчы навесьці тут парадак», — запрашае да талакі адзін з удзельнікаў лягеру.

Спадар Юрась — прадпрымальнік, жыве ў суседнім доме на вуліцы Мірашнічэнкі. Амаль штодня прыходзіць да пратэстоўцаў, падтрымлівае добрым словам і харчамі. Называць прозьвішча і фатаграфавацца адмаўляецца, але мае ідэі наконт таго, як выйсьці з канфліктнай сытуацыі:

«Што тычыцца ўчастку, то гэта добрае месца для капліцы ці прынамсі памятнага знаку. Ідэя ўзьнікла яшчэ тады, як пачалі ўсталёўваць агароджу.

Так, мы выступаем супраць будаўніцтва бізнэс-цэнтру, і гэта зразумела — такому аб’екту тут ня месца. Але каб улады сказалі, што будзе мэмарыял, перакананы, усе сказалі б толькі дзякуй. Людзі самі скінуліся б, ня трэба нават шукаць сродкі ў бюджэце. Зянон Пазьняк правільна сказаў падчас тэлемосту ў пятніцу: трэба раскрываць архівы, каб пайменна ведаць, хто забіты ў Курапатах. Гэта ж не безыменныя магілы? Таму калі што і будаваць, то, як прапанаваў той жа Пазьняк, як мінімум сьцяну нацыянальнай памяці».

Лягер пратэстоўцаў ужо два тыдні застаецца сымбалем супраціву камэрцыйнаму асваеньню ўрочышча, дзе ў 1930-40 гадах былі забітыя і закатаваныя дзясяткі тысяч «ворагаў народу». У нядзелю а 17-й гадзіне ў праваслаўным храме Ўваскрасеньня Хрыстовага (вуліца Гамарніка, 29) адбудзецца малебен па ахвярах Курапатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG