У менскім Цэнтры сучасных мастацтваў адкрыўся праект 11 мастачак «Чысьціня і гігіена». Выстаўленыя карціны, інсталяцыі ды арт-аб’екты аб’ядноўвае тэма чысьціні і духоўнай гігіены.
Праект складаецца з індывідуальных выставаў-самапрэзэнтацыяў, дзе кожная з мастачак сваімі творчымі работамі паказвае ўласныя каштоўнасныя арыентыры, зьвяртае ўвагу на сацыяльна вострыя пытаньні нашага грамадзтва — «докса», псыхалягічнае здароўе, маральная і экалягічная чысьціня.
Аўтары шукаюць болевыя кропкі
«Адкрыцьцё выставы прымеркаванае да жаночага сьвята 8 сакавіка. Насамрэч вельмі сур’ёзнае сьвята барацьбы жанчын за свае правы. Але яно стала цукеркавым і кветкава-вясновым сьвятам. У нашым грамадзтве ёсьць стэрэатып пра тое, што чысьцінёй і гігіенай павінны займацца жанчыны. На выставе мы разглядаем гэтыя паняцьці зусім зь іншага боку. Пытаньне чысьціні даўно не абмяркоўваецца. Дзе яна, чысьціня? І ў што нам верыць? Што лішняе? Што перашкаджае? Тут ужо пытаньне гігіены. Але арыентыраў процьма, і кожны самастойна выбірае свой варыянт чысьціні ды ідэалаў у жыцьці. Каб знайсьці самога сябе, трэба рабіць гігіенічныя захады для розуму і душы. Праект — гэта спроба знайсьці болевыя пункты ці пытаньні, празь якія можна весьці дыялёг і дыскусіі», — кажа мастачка і куратарка праекту Марта Шматава.
Пад праект «Чысьціня і гігіена» аддадзеныя два паверхі Цэнтру сучасных мастацтваў. Выстава нагадвае лябірынт, дзе ў кожным з пакояў чакае незвычайная мастацкая рэалізацыя творчае задумы. Глядач сам выбірае, у якім парадку глядзець экспазыцыю.
Кашуля з крапівы
Мастачка Вольга Сазыкіна разам з Ганнай Маршавай і Кацярынай Міхнюк паказваюць свой праект «Абрад пераходу» — кашулю, сплеценую з крапівы.
«Адбываецца матэрыялізацыя нерэальнага казачнага вобразу „чарадзейная кашуля з крапівы“ і прэзэнтацыя яго ў рэальным сьвеце. Кашуля з казкі Андэрсэна „Дзікія лебедзі“ становіцца матэрыяльным аб’ектам, які створаны тут і цяпер. Гэтым творчым актам Вольга Сазыкіна дэманструе магчымасьць перайсьці з рэальнай прасторы ў нерэальную і прапануе дзяўчатам прымераць на сябе такую магчымасьць, каб знайсьці сябе сапраўдную», — кажа мастацтвазнаўца Натальля Янкоўская.
У народнай культуры крапіва мае здольнасьць абярэгу. Паводле легендаў, крапіва расла на месцы гібелі грэшных людзей.
«Робячы чарадзейную кашулю, дзяўчына прымае свой іншы, грэшны бок. Гэта важны фактар псыхалягічнага здароўя. Варта паспрабаваць прымераць кашулю з крапівы хоць бы ў сваім уяўленьні і прасачыць: што тады з вамі адбудзецца, ад чаго вызваліцеся? У наш час многія жанчыны ня маюць магчымасьці прайсьці ініцыяцыю. Не пазначаючы пераходу ад дзяўчынкі да дзяўчыны, а пасьля і да жанчыны, яны губляюцца, ня ведаюць сваіх межаў і парушаюць межы іншых, маюць цяжкасьці ў дачыненьнях з мужчынамі. А гэта прыводзіць да страты гігіены духоўнага жыцьця і псыхалягічнага здароўя», — кажа арттэрапэўт Натальля Саковіч.
Небясьпечныя доксы
Тэмай творчага дасьледаваньня мастачкі Марты Шматавай сталі людзі бяз пэўнага месца жыхарства, якія асацыююцца з адсутнасьцю чысьціні і гігіены.
«Кожны чалавек меў дзяцінства, пэрыяд, які сымбалізуе чысьціню. Для свайго праекту я знайшла рэальных герояў на акцыях „Ежа замест бомбаў“. Яны расказалі пра сваё дзяцінства, як каталіся са сьнежнай горкі, у каго ўбіраліся на навагодніх ранішніках, пра адпачынак на моры. Я намалявала сваіх герояў ды іхныя дзіцячыя ўспаміны».
Мастачка Тацяна Кандраценка сваім праектам «Doxa» прапануе падумаць над пытаньнямі так званай «доксы» — агульнапрынятых меркаваньняў ды клішэ. Паводле дзяўчыны, самая небясьпечная — тая докса, якой не заўважаюць і пра якую не гавораць. Таму мастачка прамаўляе балючыя для нашага грамадзтва пытаньні вельмі простай, побытавай мовай, выкарыстоўваючы для гэтага таннае мыла «Doxa» з «Эўраопту» і раздрукаванае тлумачэньне, што такое кожная з 8 прадэманстраваных доксаў.
«Калі ўбачыла гэтае мыла, вырашыла зрабіць імітацыю навуковага дасьледаваньня. Я імітую нібыта кавалкі беларускай вікіпэдыі пра панятак „Doxa“. Пра розныя клішэ ў розных аспэктах нашага жыцьця, якія я адчуваю сама ў сваім жыцьці. Докса спажывецкая, докса бюракратычная, докса гендэрная, докса рэлігійная, докса школьная. Асабліва важная для ўсяго грамадзтва праблема адукацыі, якая можа быць траўматычнай для мастакоў і іншых творчых людзей, якія працуюць у культуры. Адукацыя фармуе мастака, а пасьля ад гэтай адукацыйнай доксы бывае цяжка адмовіцца, каб рабіць нешта самастойнае, адчуўшы сябе вольным. У маім творчым праекце няма аб’ектаў, твораў мастацтва. Твор мастацтва нараджаецца толькі ў тым выпадку, калі глядач будзе разглядаць аб’екты, думаць, аналізаваць штосьці», — кажа Тацяна Кандраценка.
Пра чысьціню як прыгажосьць разважае Зоя Луцэвіч і запрашае ў вандроўку па сваім праекце «Майстэрня». Заходзіш у пакой — і апынаесься ў сапраўднай майстэрні мастачкі. Сярод выстаўленых працаў і рэчаў мастачкі пільнае вока заўважыць этуднік Зоінага дзядулі Сяргея Каткова ды палітру маці — Сьвятланы Катковай. Ёсьць і калектыўная праца Зоі Луцэвіч і яе сына Яна Вінцэнта «Poison kiss» — «Атрутны пацалунак». У «Майстэрні» шмат дэталяў і сымбаляў, якія адразу і не разгадаеш. Пра іх каштоўнасьць варта распытаць у самой мастачкі.
Любоў апраўдвае існаваньне чалавека
Мастачка Алена Шлегель сваім праектам «Унівэрсальны сродак» разважае пра дабро і зло, задумваецца пра лёс чалавецтва, якое ў пэўныя моманты становіцца аб’ектам гігіенічных захадаў.
«Патоп, Пампэі, Атлянтыда. Цяпер — стыхійныя бедзтвы, тэхнагенныя катастрофы. Хто або што іх ініцыятар? Калі ёсьць гігіена цела, значыць, ёсьць гігіена душы. Калі няма размовы пра гігіену душы, то ня можа ісьці размова пра рэлігіі», — кажа Алена Шлегель.
Паводле мастачкі, застаецца спадзявацца толькі на адну бясспрэчную ісьціну: «Толькі любоў апраўдвае існаваньне чалавека як віду».
Слоікі. Вада з розных куткоў Беларусі
Прыкладную экалёгію з эзатэрыкай сумясьціла Кацярына Сумарава. Яе праект «Reservuarium» прапануе адчуць моц вады, аднаго зь першасных элемэнтаў. Мастачка закрыла ў 20 трохлітровых слоіках рэкі, крыніцы, азёры, сьвідравіны і вадасховішчы Беларусі.
Наведвальнікі выставы жартуюць — кажуць, што ўся вада з аднаго крана. Аўтарка ж праекту Кацярына Сумарава кажа, што ўсё было зусім ня так.
Паводле мастачкі, некалькі месяцаў неабыякавыя людзі дапамагалі зьбіраць ваду з розных абласьцей нашай краіны. Сама Кацярына не змагла б за кароткі тэрмін падысьці да Нёмана і да Альшанкі, да паўночнага возера Асьвеі і да паўднёвай ракі Прыпяці.
Дачка мастачкі, Марыя, прывезла ваду з Ракаўскай крыніцы. Паэт Уладзімер Някляеў даставіў слоік з вадою са сваёй Крыўлянкі. Прадстаўнікі арганізацыі «Багна» прывезьлі ваду з балотнага заказьніку «Ельня», што ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласьці.
На выставе ёсьць пусты трохлітровы слоік — для ракі Нямігі, якая насамрэч ужо не цячэ. Побач зь ім — паўлітровы слоік зь першым вясновым дажджом, які назьбіралі супрацоўнікі «Гаррэмліўнясьцёку» з калектару «Няміга».
Марына Яўсейчык для Радыё Свабода