Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы збору «Маршу недармаедаў» у Берасьці ладзяць масавыя катаньні на конях


Акцыя супраць дэкрэту пра «дармаедаў» у Берасьці 19 лютага
Акцыя супраць дэкрэту пра «дармаедаў» у Берасьці 19 лютага

Бацькі берасьцейскіх школьнікаў атрымліваюць паведамленьні з прапановамі прыйсьці зь дзецьмі 5 сакавіка на бясплатнае катаньне на конях на плошчы Леніна ў час, калі там плянуецца «Марш недармаедаў».

Пра гэта Свабодзе распавёў жыхар Берасьця:

«Маёй жонцы на вайбэр прыйшла інфармацыя ў групу бацькоў клясы ад кляснай кіраўніцы. Я так разумею, што гэтая інфармацыя прыйшла настаўніцы, а яна яе разаслала ўсім бацькам».

У паведамленьні гаворыцца, што на плошчы Леніна будзе арганізавана бясплатнае катаньне на конях для дзяцей. Час і месца правядзеньня катаньня — якраз тыя, што і акцыі праціўнікаў дэкрэту № 3:

«У суботу і нядзелю з 11:00 да 15:00 на плошчы Леніна будзе арганізавана бясплатнае катаньне на конях, цягніку і электрамабілях. Просьба арганізаваць апавяшчэньне і яўку дзяцей з пэдагогамі, дзяцей з бацькамі і супрацоўнікаў зь дзецьмі».

Як апавёў бацька берасьцейскага школьніка, ён такім паведамленьнем абураны, і не зьбіраецца весьці сваё дзіця на плошчу:

«Я думаю, што вельмі сорамна павінна быць тым, хто гэта зрабіў, тым людзям, якія гэта прыдумалі. Такім чынам хочуць падставіць людзей, якія выйдуць супраць гэтага закону аб дармаедзтве, што, маўляў, вось, яны выйшлі і перашкаджаюць дзецям адпачываць. Сваё дзіця я не павяду, я не хачу, каб дзяржава хавалася за сьпіну майго дзіцяці».

19 і 26 лютага ў Берасьці адбыліся «Маршы недармаедаў». Чарговая акцыя прызначаная на 12 гадзінаў 5 сакавіка, якраз у час, калі на плошчы зьбіраюцца арганізаваць гуляньні для дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG