Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч пра абарону Курапатаў: гэта лякальная перамога


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Ініцыятар абароны Курапатаў ад будоўлі офіснага цэнтру ў Зялёным Лузе лідэр «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч у інтэрвію Свабодзе падвёў першыя вынікі доўгатэрміновай акцыі.

— Можна меркаваць, што забудоўнік выконвае тое, што ён сказаў пра спыненьне будоўлі. Мы рады, што ўладальнікі прыйшлі да разуменьня, што нельга ў гэтым месцы, якое выклікае моцнае грамадзкае супрацьстаяньне, будавацца.

Від на лягер абаронцаў Курапатаў з кальцавой дарогі
Від на лягер абаронцаў Курапатаў з кальцавой дарогі

— Ці можна казаць, што перамога ёсьць?

— Перамога — гэта беларуская дзяржава, беларуская ўлада, якую выбірае беларускі народ. А ў гэтым месцы мы дамагліся таго, чаго хацелі. Гэта такая мясцовая перамога: мы не выстаўлялі палітычных патрабаваньняў, мы хочам, каб ахоўная зона Курапатаў раз і назаўжды была зацьверджаная дзяржавай, каб людзі не былі вымушаныя кідацца пад тэхніку, каб канфліктаў не было. Мы рады, што гэтая тэма ўзьнятая на агульнанацыянальным узроўні, і тое, што сёньня адбывалася на пляцоўцы, лічу, перамога, дасягнутая ў гэтым месцы.

У лягеры сьпяваюць барды
У лягеры сьпяваюць барды

— Агульнагарадзкі мітынг, як і плянавалася, адбудзецца ўвечары?

— Так, сёньня а 18-й запрашаем абмеркаваць сытуацыю, якая склалася вакол Курапатаў. Абмеркаваць, якія захады рабіць, каб юрыдычна ўсе было вырашана з гэтай будоўляй. Таксама мы агучым далейшыя пляны наконт гэтага намётавага мястэчка. Да вечара мы выпрацуем рашэньне.

Мастак Андрэй Дубінін прывёз дровы для лягеру абаронцаў. Прапанаваў таксама бэнзін для генэратараў, даў грошай на харчы
Мастак Андрэй Дубінін прывёз дровы для лягеру абаронцаў. Прапанаваў таксама бэнзін для генэратараў, даў грошай на харчы

Удзельнік абароны Курапатаў лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама мяркуе, што спраўджваюцца словы забудоўніка Анішчанкі пра тое, што яны спыняюць тут будаўніцтва:

«Аднак, пакуль застаецца гэтая агароджа, нельга казаць, што будаўніцтва спынена на сто адсоткаў. І важны сёньня мітынг, бо, апроч спыненьня будоўлі, нашай задачай павінна быць доўгатэрміновая абарона Курапатаў. Трэба дамагчыся пастановы Міністэрства юстыцыі, каб гэтая тэрыторыя была вернута ў склад ахоўнай зоны. Калі будзе зьнесены плот, зроблена рэкультывацыя зямлі, пасаджаны дрэвы, то патрэбы ў кругласутачнай варце ня будзе. Але гэта ня значыць, што грамадзтву трэба лічыць перамогу канчатковай. Яна будзе канчатковай, калі гэтая тэрыторыя будзе вернута ў межы ахоўнай зоны».

З аўтамабіля побач з будоўляй нехта ў цывільным вядзе апэратыўныя здымкі
З аўтамабіля побач з будоўляй нехта ў цывільным вядзе апэратыўныя здымкі

***

Абарона Курапатаў пачалася 20 лютага зранку, калі некалькі актывістаў «Маладога Фронту» на чале са Зьмітром Дашкевічам паставілі намёт.

Актывістаў падтрымалі лідэры БНФ і БХД, а таксама мясцовыя жыхары.

Ноччу на 23 лютага на лягер абаронцаў Курапатаў напалі невядомыя ў масках з драўлянымі палкамі, якія крычалі «Слава Расеі!» і «Белая раса!». Быў паранены валянтэр Алесь Кіркевіч.

Удзень 23 лютага адбыўся сход жыхароў раёну і актывістаў, падчас якога прынялі заяву ў Менгарвыканкам, Міністэрства культуры і Генпракуратуру аб незаконнасьці будаўніцтва.

24 лютага адбылася бойка паміж абаронцамі і будаўнікамі, «маладафронтавец» Сяргей Пальчэўскі, каб паралізаваць будоўлю, прыкаваў сябе да «МАЗа»; Зьміцер Дашкевіч залез зь бела-чырвона-белым сьцягам на бульдозэр.

На выходных 25-26 лютага будоўля спынілася, абаронцы паставілі каля намётаў 4 крыжы, адбыўся паказ фільму пра Курапаты.

1 сакавіка прадстаўнікі абаронцаў Курапатаў сустрэліся са старшынём Менгарвыканкаму Андрэем Шорцам, якія паабяцаў прыпыніць будаўніцтва.

2 сакавіка будаўнікі пачалі дэмантаваць пляцоўку, дзе меўся паўстаць 5-павярховы бізнэс-цэнтар.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG