Гэты дзень сымбалізуе салідарнасьць з крымскататарскім народам, а таксама этнічнымі ўкраінцамі, расейцамі і людзьмі іншага паходжаньня, якія пражываюць у часова акупаваным Расеяй Крыме і захоўваюць вернасьць Украіне.
Мерапрыемствы ў гонар гэтай даты адбываюцца ў розных гарадах Украіны. У прыватнасьці, у Кіеве адбыўся шматтысячны Марш салідарнасьці «Крым-UA», які сымбалічна прайшоў па месцах трагічных падзеяў Рэвалюцыі Годнасьці — ад алеі Нябеснае Сотні, побач зь Вярхоўнай радай, Кабінэтам міністраў, па вуліцы Грушэўскага да майдану Незалежнасьці.
Удзельнікі маршу трымалі сьцягі Ўкраіны, крымскататарскага народу, а таксама партрэты забітых, і палітвязьняў. Па дарозе ўдзельнікі ўскладалі кветкі на месцах забойства герояў Нябеснай Сотні, у прыватнасьці, Міхася Жызьнеўскага.