Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гады пасьля Майдану: якія вынікі для Ўкраіны і Беларусі?


Майдан Незалежнасьці ў Кіеве. 1 сьнежня 2013 году.
Майдан Незалежнасьці ў Кіеве. 1 сьнежня 2013 году.

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Менавіта ў гэтыя дні тры гады таму Вярхоўная Рада Ўкраіны фактычна адмяніла паўнамоцтвы прэзыдэнта Віктара Януковіча і часова ўручыла гэтую пасаду Аляксандру Турчынаву. Фармальна падзеі Майдану, рэвалюцыі скончыліся ў той дзень. Але на самой справе шматлікія перамены ва Ўкраіне толькі пачаліся. Яны былі і пазытыўныя, і негатыўныя. Самае прыкметнае, што варта і можна адзначыць — гэта анэксія Расеяй Крыму, вайна ў Данбасе, выбары прэзыдэнта і парлямэнту, падпісаньне шматпакутнага пагадненьня Ўкраіны аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Нагадаем, што, напэўна, самымі галоўнымі патрабаваньнямі Майдану, акрамя ўласна зьмены ўлады, былі эўраінтэграцыя і барацьба з карупцыяй. Менавіта нежаданьне тагачаснага прэзыдэнта Віктара Януковіча падпісаць пагадненьне з Эўразьвязам і стала тым штуршком, зь якога пачаўся Майдан.

Але якія вынікі? У 2014 годзе было падпісанае гэтае пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам, але пачала дзейнічаць толькі яго палітычная частка, якая носіць хутчэй сымбалічны і ідэалягічны характар.

На гэты момант нібыта ўсё падрыхтавана да ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму паміж Украінай і ЭЗ, і запусьціць гэты рэжым абяцаюць да лета 2017 году. Калі гэта станецца, гэта будзе, бадай, адным з самых прыкметных дасягненьняў Майдану і палітычных зьменаў у выніку яго. Зона свабоднага гандлю паміж Украінай і ЭЗ была запушчаная ў часовым рэжыме з пачатку 2016-га году.

Украіна ня надта зьменшыла сваю карупцыю і займае па карупцыйным паказчыку ў Эўропе адно з апошніх месцаў

Адна з самых галоўных тэм ва Ўкраіне — гэта барацьба з карупцыяй. Тут гучыць багата меркаваньняў, але калі падсумаваць іх коратка, то хоць і было запушчана электроннае дэкляраваньне маёмасьці і даходаў чыноўнікаў, але, у прынцыпе, вялікіх зрухаў пакуль не назіраецца. Хоць і быў створаны адмысловы орган — Антыкарупцыйнае бюро, і яно даволі актыўна дзейнічае, уступае ў канфлікты зь іншымі ведамствамі Ўкраіны, але, паводле шматлікіх рэйтынгаў, Украіна ня надта зьменшыла сваю карупцыю і займае па карупцыйным паказчыку ў Эўропе адно з апошніх месцаў. Так што вынікі зьмены ўлады, безумоўна, неадназначныя.

Што тычыцца ўплыву на сытуацыю ў Беларусі. Ён быў досыць радыкальны. У момант супрацьстаяньня на Майдане пралілася кроў, загінулі дзясяткі людзей, і гэта зрабіла моцны ўплыў на пратэстныя настроі ў Беларусі. Па сутнасьці, на той момант сама ідэя такога Майдану, вулічнага перавароту, была скасаваная з палітычнага парадку дня беларускіх апазыцыйных сіл.

Да таго ж у выніку свайго Майдану можа адбыцца замежнае ўмяшаньне ў беларускія справы — пад гэтай ідэяй на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году апазыцыя без выключэньняў адмовілася арганізоўваць Плошчу ўпершыню ў гісторыі.

уплыў Майдану быў вельмі моцны, непасрэдны, і ня толькі на палітычныя дзеяньні дэмакратычных сіл, але і на думкі ўсёй беларускай супольнасьці

Такім чынам, уплыў Майдану быў вельмі моцны, непасрэдны, і ня толькі на палітычныя дзеяньні дэмакратычных сіл, але і на думкі ўсёй беларускай супольнасьці. Сацыялёгія паказвала, што людзі вельмі моцна спалохаліся Майдану, і ўкраінскі прыклад для большасьці беларусаў стаў нэгатыўным.

Тое, што цяпер мы назіраем, калі параўнальна шмат людзей выйшла на акцыю супраць дэкрэту аб дармаедах, ускосна сьведчыць пра тое, што той самы сындром Майдану паступова праходзіць — і ў звычайных людзей, і ў кіраўніцтва апазыцыйных партый. То бок людзі ў пэўным сэнсе сьцерлі гэтыя падзеі са сваёй памяці, пагроза Майдану і яго нэгатыўныя патэнцыйныя альбо рэальныя наступствы ўжо ня так моцна ўплываюць на сьвядомасьць.

Раней Майдан быў для Аляксандра Лукашэнкі козырам, які ён выкарыстоўваў у сваёй рыторыцы, палохаючы людзей рэвалюцыяй. Але ў апошнія гады, гэта паказвае сацыялёгія, сацыяльна-эканамічныя матывы перавысілі небясьпеку Майдану. Цяпер сацыяльныя праблемы становяцца на першае месца замест пытаньняў стабільнасьці ў краіне«.

Глод: Мне падаецца, украінскія ўрокі для Беларусі можна падзяліць на тры групы: эканамічныя, унутрыпалітычныя і зьнешнепалітычныя.

Эканамічныя. Украіна ў розныя пэрыяды — другі ці трэці партнэр Беларусі па аб’ёме таваразвароту. Яе доля ў зьнешнім гандлі Беларусі вагаецца ад 7 да 8%. Гэта, вядома, вельмі мала, калі параўноўваць з Расеяй, мала і калі параўноўваць з Захадам. Але ж Украіна каштоўная нам найперш таму, што мы туды прадаём значна болей, чым там купляем. Штогод Беларусь ад эканамічных дачыненьняў з Украінай мае чыстыя два мільярды даляраў. Калі б так складалася сальда хоць бы яшчэ зь пяцьцю краінамі, то фінансавыя справы ў нас былі б значна лепшыя.

Ільвіная доля беларускага экспарту ва Ўкраіну — гэта нафтапрадукты, часам да 70%. Адтуль у Беларусь пераважна ідзе электраэнэргія. Апошнім часам нам нібыта сваёй электрычнасьці хапае. Думалі зарабляць на транзыце электраэнэргіі з Украіны ў Літву. Але тут апэтыты былі такія, што запрасілі зашмат грошай за перакідку энэргіі, вырашылі дыктаваць і ўкраінцам, і літоўцам свае цэны, у выніку чаго страцілі ладны кавалак прыбытку.

Майдан і падзеі пасьля яго паказваюць, што Беларусі шлях да дэмакратычных пераменаў пакуль перакрыты

Унутрыпалітычныя ўрокі. Я думаю, Майдан і падзеі пасьля яго паказваюць, што Беларусі шлях да дэмакратычных пераменаў пакуль перакрыты. І вось чаму. Параўнальна з Украінай нам не хапае як мінімум трох рэчаў.

Першая — няма вялікіх фінансавых рэсурсаў, якія непадкантрольныя ўладам. Ва Ўкраіне алігархі нават мелі ўласныя каналы камунікацыі з насельніцтвам: тэлеканалы агульнаўкраінскія. У Беларусі гэтага і блізка няма. Значыць, і данесьці альтэрнатыўную інфармацыю да ўсяго насельніцтва пакуль немагчыма.

Другая — у Беларусі значна ніжэйшы ўзровень арганізацыі апазыцыйных сілаў. Ва Ўкраіне ён вышэйшы, бо там існаваў высокі патэнцыял грамадзкай самаарганізаванасьці.

Трэцяя — адрозна ад Украіны, мы пакуль ня маем магутнай палітычнай ідэі, вакол якой можа аб’ядноўвацца крытычная маса насельніцтва. Трэба прызнаваць, што ідэі незалежнасьці, далучэньня да эўрапейскай супольнасьці і нават адлучэньня ад улады карумпаваных чыноўнікаў у Беларусі не такія актуальныя.

Зьнешнепалітычныя ўрокі. Тут, мне падаецца, Беларусь з найбольшай выгадай для сябе скарыстала сытуацыю. Лукашэнка і Макей узялі на ўзбраеньне стратэгію балянсаваньня паміж Масквой і Кіевам. І здолелі яе рэалізаваць. А пры гэтым яшчэ і атрымалі дывідэнды ад менскай перамоўнай пляцоўкі.

Карбалевіч: Вынікі Майдану маюць больш міжнароднае значэньне, чым ўнутранае ўкраінскае. Майдан паўплываў радыкальна ня толькі на геапалітычныя зьмены ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы, але і на ўвесь сьвет. Ён запусьціў востры канфлікт паміж Расеяй і Захадам.

Калі казаць пра ўплыў непасрэдна на Ўкраіну, то гэты ўплыў супярэчлівы. Зь мінусаў можна адзначыць, што вынікам Майдану стала страта Крыму і Данбасу, ваенны канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Да станоўчых вынікаў можна аднесьці стварэньне ўкраінскай нацыі, гістарычны выбар на карысьць Захаду, курс на Эўропу, на эўрапейскія каштоўнасьці. Таксама ёсьць пэўныя посьпехі ў рэформах, аднак для шараговага ўкраінца яны мала заўважныя.

Што тычыцца Беларусі. Уплыў Майдану быў значны. Тры гады беларускія ўлады пужалі беларусаў «крывавым Майданам». І гэта дало эфэкт. Зьявіўся сындром Майдану — то бок страх перад забурэньнямі. Што дазволіла ўладам прапанаваць народу новы мэсыдж: заробкі і пэнсіі ня важныя, важна, каб быў спакой, парадак, мір і бясьпека. І гэты мэсыдж добра працаваў, дазволіў спакойна правесьці дзьве выбарчыя кампаніі. Павысіўся запыт на цьвёрдую ўладу і моцную руку, а давер да апазыцыі панізіўся.

Уплыў Майдану быў значны. Тры гады беларускія ўлады пужалі беларусаў «крывавым Майданам». І гэта дало эфэкт. Зьявіўся сындром Майдану — то бок страх перад забурэньнямі

Пад уплывам расейскіх тэлеканалаў павялічыліся антыпатыі беларусаў да Захаду.

Увогуле, цяперашні беларускі рэжым ад украінскага крызісу выйграў. Яму ўдалося балянсаваць паміж Расеяй і Ўкраінай, Расеяй і Захадам. Пачаўся працэс нармалізацыі адносін з Захадам. Менск атрымаў палітычныя дывідэнды ад таго, што тут утварылася перамоўная пляцоўка па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Атрымала Беларусь і пэўныя эканамічныя дывідэнды, яна займела магчымасьць займацца кантрабандай у Расею эўрапейскага харчаваньня.

Ёсьць і мінусы для дзейнага рэжыму. Сапсаваліся адносіны з Расеяй. Канфлікт Расеі з Захадам адмоўна паўплываў на эканоміку Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG