Пра меркаванае затрыманьне абаронцаў Курапатаў паведаміў правабарончы цэнтар «Вясна»:
«Некалькі ўдзельнікаў акцыі абароны Курапатаў раніцай 23 лютага накіраваліся ў гарадзкі аддзел міліцыі Савецкага раёну Менску, каб скласьці заявы па факце начнога нападу на лягер актывістаў на Мірашнічэнкі, 53. Неўзабаве ў аддзяленьне прыбыў супрацоўнік КДБ, які спрабуе запісаць паказаньні абаронцаў на відэакамеру.
„Наш статус пакуль невядомы“, — паведамляе адзін з актывістаў абароны Курапатаў Юры Лукашэвіч.
Ёсьць непацьверджаная інфармацыя пра складаньне пратаколаў на саміх заяўнікаў паводле арт. 23.34 КаАП (арганізацыя і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Пра гэта ў сацыяльных сетках паведаміў Раман Пратасевіч».
Каб спраўдзіць гэтую інфармацыю , карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў у ГАМ Савецкага раёну на вуліцы Кальцова, куды і зьвярнуліся з заявамі абаронцы Курапатаў. Раней дзяжурны пацьвярджаў, што ў ГАМе знаходзяцца 4 чалавекі, якія пішуць заявы пра напад на іх з боку невядомых. Тады зьвестак пра затрыманьне гэтых людзей дзяжурны не пацьвердзіў. Гэтым разам дзяжурны ўвогуле адмовіўся адказваць на пытаньні карэспандэнта Свабоды:
«Званіце ў прэсавую службу гарадзкой міліцыі», — сказаў дзяжурны. Аднак тэлефон кіраўніка прэсавай службы ўжо больш за гадзіну не адказвае.
Мабільныя тэлефоны валянтэраў Алеся Кіркевіча, які пацярпеў ад нападнікаў, і Юрася Лукашэвіча адключаныя. Яны знаходзяцца ў міліцыі.