Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкая дэпутатка адмовілася сустракацца з выбарнікамі


Каля 20 жыхароў Баранавічаў прыйшлі сёньня на сустрэчу з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Тацьцянай Якубовіч у будынку баранавіцкага райвыканкама. Але дэпутатка не знайшла часу для наведнікаў, якія жадалі абмеркаваць сытуацыю з дэкрэтам № 3.

Мікалай Чарнавус малодшы са сваім бацькам загадзьдзя запісаліся на прыём да Якубовіч. Актывісты запрасілі на сустрэчу і жыхароў гораду. Зь Менску падтрымаць гараджанаў прыехаў і намесьнік старшыні АГП Мікалай Казлоў. Мікалай Чанавус-малодшы распавёў Свабодзе пра мэту сустрэчы:

«Мы вырашлі прасіць дэпутатку, каб яна зьвярнулася да кіраўніка краіны з просьбай адмяніць дэкрэт № 3. Таксама хочам патрабаваць ад дэпутаткі, каб тая ініцыявала ў Палаце Прадстаўнікоў працэдуру адмены заканадаўства, якое парушае правы чалавека. Таксама мы жадаем, каб народная абраньніца ініцыявала вяртаньне сродкаў, што былі сабраныя зь людзей у межах дэкрэту. Апошнім момантам з заплянаванай размовы зьяўляецца зварот да дэпутаткі, каб тая дала справаздачу сваім выбарнікам пра крокі, якія яна зрабіла па адмене заканадаўства, што выклікала сацыяльнае напружаньне».

А тое, што сытуацыя выклікала напружаньне было відавочна яшчэ на прыступках каля будынку райвыканкаму. Моладзь, людзі старэйшага ўзросту абураліся сытуацыяй, што склалалася на рынку працы ў іх горадзе. Малады хлопец кажа, што знайсьці працу сёньня ў Баранавічах немагчыма:

«Прыходзіш на біржу працы, а яны даюць табе квіток, каб ты праехаў прадпрыемствы ў горадзе і пазьней прадэманстраваў ім, што быў на гэтых прадпрыемствах. Але чаму я павінен камусьці даваць справаздачу?»

Многія, хто прыйшоў на сустрэчу з дэпутаткай актыўна выступаюць супраць дэкрэту № 3, ставілі свае подпісы, прымалі ўдзел у мітынгах:

«Адзіныя вакансіі ў нашым горадзе — нейкія агенцтвы, а таксама прапанова паехаць на працу ў Расею. Але я не жадаю туды ехаць. Хопіць, адпрацаваў там ужо два гады. Акрамя гэтага мне давялося езьдзіць працаваць у Нямеччыне, у Польшчы. Але ж колькі можна так мітусіцца. Я хачу асесьці, працаваць дома, тут жыць. Але ж тут няма працы. Прымушаюць моладзь выяжджаць».

За людзьмі, якія сабраліся каля будынку мясцовай вэртыкалі, сачылі міліцыянты. Вялася відэаздымка. Міліцыянты хадзілі за людзьмі нават у будынку райвыканкаму. У кожнага, хто ўваходзіў у будынак, спраўджваліся дакумэнты, а таксама зьмест заплечнікаў, торбаў.

Але нягледзячы на такія меры бяспекі, дэпутатка Тацьцянай Якубовіч, а таксама яе памочніца Тацьцяна Латышава не знайшлі часу для таго, каб сустрэцца з людзьмі, якія больш за гадзіну прачакалі яе каля кабінэту. Пасьля гэтага актывісты заклікалі грамадзянаў выходзіць 26 лютага а 12 гадзіне на цэнтральную плошчу ў Баранавічах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG