Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь, якая не разьлічылася з таталітарным мінулым, прасьцей паглынуць», — ідэоляг дэкамунізацыі ва Ўкраіне Ўладзімер Вятровіч


Уладзімер Вятровіч
Уладзімер Вятровіч

Аб патрэбе і першых выніках дэкамунізацыі ва Ўкраіне Свабода пагутарыла з адным з найбольш яркіх ідэолягаў гэтай кампаніі — дырэктарам Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці Ўладзімерам Вятровічам.

Украінскі гісторык Уладзімер Вятровіч адным зь першых пачаў працаваць з архівамі НКВД і савецкага КДБ, якія пасьля развалу СССР засталіся ў фондах Службы бясьпекі Ўкраіны. У 2012 годзе ён атрымаў прэмію імя Васіля Стуса за публіцыстычную працу «Гісторыя з грыфам „Сакрэтна“» — у ёй больш як 60 нарысаў, прысьвечаных найбольш трагічным старонкам украінскай гісторыі — Бабінаму Яру і нацыянальнаму вызваленчаму руху 1917-1921 гадоў.

Гістарычныя працы Ўладзімера Вятровіча менавіта пра Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) і Ўкраінскую паўстанцкую армію (УПА) выклікаюць найбольшую крытыку з боку ягоных апанэнтаў, якія абвінавачваюць яго ў прапагандзе ідэй Сьцяпана Бандэры і нібыта ігнараваньні фактаў злачынстваў АУН і УПА. Апошнюю такую крытычную хвалю выклікала заява лідэра кіроўнай партыі Польшчы «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага пра тое, што гераізацыя Сьцяпана Бандэры можа перашкодзіць эўраінтэграцыі Ўкраіны.

Уладзімер Вятровіч пра пяць асобаў, якія зьмянілі гісторыю
Уладзімер Вятровіч пра пяць асобаў, якія зьмянілі гісторыю

Уладзімер Вятровіч стрымана рэагуе на гэтую крытыку і прызнае, што лічыць Сьцяпана Бандэру адным з выдатных дзеячаў украінскай мінуўшчыны, годным шанаваньня. Але і выступае супраць стварэньня так званага «культу» Бандэры, бо такі падыход, паводле яго, шкодны для разуменьня яго месца і ролі ў гісторыі. Яшчэ больш шкоднымі ён называе спробы прадстаўляць дэкамунізацыю ва Ўкраіне як «бандэрызацыю».

Дзякуючы грамадзкай ініцыятыве і дзейнасьці Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці, які ўзначальвае Вятровіч, за апошнія некалькі гадоў ва Ўкраіне дэмантавана 1320 помнікаў Уладзіміру Леніну і ўстаноўлена толькі 4 помнікі Сьцяпану Бандэру, а зь перайменаваных больш як 50 тысяч вуліц, плошчаў і сквэраў згодна з рашэньнямі мясцовых радаў толькі 34 атрымалі імя кіраўніка АУН.

Уваход Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці невядомыя залілі крывёю і закідалі вантробамі жывёл
Уваход Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці невядомыя залілі крывёю і закідалі вантробамі жывёл

Тым ня менш апанэнты застаюцца, а слоўная барацьба часам пераходзіць у фізычную — нядаўна, якраз у той дзень, калі Ўладзімер Вятровіч меўся трымаць справаздачу пра вынікі дэкамунізацыі, на яго напала група маладзёнаў, а ўваход Украінскага інстытуту нацыянальнай памяці невядомыя залілі крывёю і закідалі вантробамі жывёл. Уладзімер Вятровіч пераконвае, што гэтыя выпадкі ня спыняць ягоную дзейнасьць, і дзеліцца са Свабодай сваімі думкамі пра патрэбы дэкамунізацыі Ўкраіны і Беларусі.

Уладзімер Вятровіч
Уладзімер Вятровіч

— Улічваючы вашу актыўнасьць падчас Аранжавай рэвалюцыі, сфэру цяперашняй дзейнасьці і апошнюю гісторыю з затрыманьнем у Менску ўкраінскага пісьменьніка Сяргея Жадана, у вас не было жаданьня высьветліць сваю «гісторыю стасункаў» зь Беларусьсю? Забароны на ўезд ня маеце?

— У мяне была інфармацыя наконт забароны на ўезд у Беларусь, якую я не спрабаваў правяраць. Гэта было пасьля 2004 году, калі ішлося пра актывістаў Аранжавай рэвалюцыі і затрыманьне некаторых нашых калег на тэрыторыі Беларусі за кантакты з антылукашэнкаўскімі рухамі. Праўда гэта была ці не, праверыць было немагчыма, а ехаць у Беларусь і правяраць неяк не было часу і натхненьня. Ведаю, што быў дакладна забаронены ўезд у Расею зь 2008 году, пра гэта ў адным з сваіх інтэрвію паведаміў расейскі палітык Канстанцін Затулін. Таму я перакананы, што зараз забарона на ўезд у Беларусь цалкам магчымая, як і ў выпадку з Сяргеем Жаданам, калі забарона на ўезд у Расею азначае забарону і на ўезд у Беларусь. Пакуль нейкіх плянаў праверыць гэта ў мяне няма.

— Ці супрацоўнічае ваш інстытут зь беларускімі грамадзкімі або навуковымі ўстановамі, каб беларускі парлямэнт прызнаў Галадамор генацыдам?

— На жаль, пакуль што няма такога супрацоўніцтва. Мы хацелі б знайсьці такіх сваіх партнэраў. На жаль, мы ведаем, што на дзяржаўным узроўні ў Беларусі не праводзіцца ніякай палітыкі дэкамунізацыі. Як па мне, Беларусь зьяўляецца адным з найбольш яркіх і сумных прыкладаў таго, як дзяржава скочваецца ў аўтарытарызм праз тое, што яна не праводзіць сьвядомай палітыкі пераадоленьня наступстваў таталітарнага мінулага. Таму на дзяржаўным узроўні ніякіх такіх аспэктаў супрацоўніцтва няма. На грамадзкім — мы рады былі б адгукнуцца, але таксама пакуль на нас ніхто не выходзіў. Я ня ўпэўнены, што зараз рэальна казаць аб прызнаньні Беларусьсю Галадамору генацыдам, улічваючы палітычную сытуацыю. Празьмерная залежнасьць цяперашняга беларускага кіраўніцтва ад Расеі ставіць пад пытаньне, ці будзе гэта наогул рэальна ў найбліжэйшы час.

Акцыя памяці ахвяраў Галадамору 1932-33 гадоў у Кіеве. Лістапад 2012 году
Акцыя памяці ахвяраў Галадамору 1932-33 гадоў у Кіеве. Лістапад 2012 году

— Украінскі інстытут нацыянальнай памяці фактычна ўзначаліў працэс дэкамунізацыі ва Ўкраіне. Як вы ацэньваеце гэты працэс на сёньня — ён толькі пачаўся ці ўжо завяршаецца?

— Ва Ўкраіне ў асноўным мы ўжо ідзём да завяршэньня гэтага працэсу. І я вельмі рады, што мы мелі магчымасьць вывучыць і выкарыстоўваць досьвед дэкамунізацыі іншых краінаў Усходняй Эўропы. Гаворка ідзе пра Польшчу, Чэхію, краіны Балтыі, і мы таксама гатовы дзяліцца сваім досьведам зь беларускімі актывістамі. Нашы працэсы дэкамунізацыі пачыналіся на грамадзкім узроўні, менавіта грамадзкія актывісты зрабілі актуальным пытаньне пра неабходнасьць дэкамунізацыі ва Ўкраіне і прывозілі сюды экспэртаў. Я думаю, што калі б зьявіліся такога роду ініцыятывы ў Беларусі, мы маглі б падзяліцца сваім вопытам.

Дэмантаваньне помніка Леніну ў Запарожжы. 17 сакавіка 2016 году
Дэмантаваньне помніка Леніну ў Запарожжы. 17 сакавіка 2016 году

— З улікам досьведу, якіх памылак можна пазьбегнуць, пачынаючы дэкамунізацыю?

— Галоўная памылка — не адкладаць дэкамунізацыю да лепшых часоў у эканамічным ці іншых плянах. Дэкамунізацыю трэба праводзіць як мага хутчэй, як толькі зьяўляецца такая магчымасьць. Гэта трэба рабіць не напярэдадні рэформаў, не пасьля іх, а менавіта ў час рэформаў, бо гэта неадʼемны элемэнт трансфармацыі посттаталітарнай дзяржавы і яе ператварэньня ў дэмакратычную дзяржаву. Я перакананы, што праблема сучаснай Беларусі ў тым ліку зьвязана і з тым, што Беларусь так і не разьлічылася са сваім мінулым, так і не змагла пераадолець таталітарнае мінулае.

Дэкамунізацыя незалежнай Украіны (Інфаграфіка)
Дэкамунізацыя незалежнай Украіны (Інфаграфіка)

— Ва Ўкраіне была вельмі гарачая дыскусія, калі гаворка ішла пра дэкамунізацыю манумэнтальнага і архітэктурнага мастацтва. Кансэнсус знойдзены?

— Гаворка не ідзе пра архітэктуру. Закон прадугледжвае дэмантаж, то бок вызваленьне грамадзкай прасторы ад вельмі канкрэтных сымбаляў таталітарнага мінулага. Сама па сабе архітэктура ня ёсьць такімі сымбалямі. Сымбалі — гэта гербы Савецкага Саюзу, сярпы і молаты, скульптуры, прысьвечаныя правадырам камуністычна-таталітарнага рэжыму. Гэта тое, што мусіць быць ліквідаванае з грамадзкай прасторы. Рашэньне, якое мы прапанавалі і якое цяпер рэалізуецца, — тыя ўзоры савецкага манумэнтальнага мастацтва, якія сапраўды можна лічыць узорам мастацтва, павінны быць прынятыя з грамадзкай прасторы, але могуць экспанавацца ў нейкіх спэцыяльных музэях. І цяпер такі музэй будзе стварацца ў Кіеве на былой Выставе дасягненьняў народнай гаспадаркі.

Дэмантаваны помнік Леніну ў Славянску
Дэмантаваны помнік Леніну ў Славянску

— Адкуль мусіць зыходзіць ініцыятыва дэкамунізацыі, каб яна была пасьпяховаю?

— Перадусім мае быць ініцыятыва зьнізу, але частка гэтай грамадзкай ініцыятывы павінна быць гатовая да таго, каб самім стаць палітыкамі або зацікавіць палітыкаў, таму што правядзеньне дэкамунізацыі выключна з грамадзкай ініцыятывы не спрацоўвае. Гэта не спрацавала ва Ўкраіне на працягу 90-х гадоў, не спрацавала ў Расеі, якая тады была адным з флягманаў дэкамунізацыі. Не падхопленая дзяржаўным апаратам, яна, па сутнасьці, захлынулася. Гэтаксама не спрацавала і ў Беларусі, дзе ў 90-я гады таксама былі зародкі гэтага працэсу. Адпаведна трэба быць гатовым да таго, каб трансфармаваць гэтыя працэсы ў палітычную сфэру. Ва Ўкраіне шанец на такую трансфармацыю даў якраз Эўрамайдан — прыйшлі новыя людзі, якія пайшлі ў палітыку, істотна абнавіўся парлямэнт, і урэшце, дзякуючы Эўрамайдану, людзі зразумелі, што можа адбыцца, калі не пераадолець савецкае мінулае.

Уладзімер Вятровіч на Эўрамайдане 18 лютага 2014 году
Уладзімер Вятровіч на Эўрамайдане 18 лютага 2014 году

— Ці існуюць нейкія пагрозы ў выпадку адкладаньня працэсу дэкамунізацыі?

— Галоўная пагроза ў тым, што краіна можа так і не адбыцца як дэмакратычная дзяржава. А ў выпадку зь Беларусьсю гэта яшчэ і пагроза таго, што яна не адбудзецца як дзяржава, цалкам незалежная ад Расеі, бо Расея зацікаўлена ў поўным паглынаньні, у тым ліку і Беларусі. А менавіта аўтарытарная Беларусь, якая не разьлічылася са сваім таталітарным мінулым, будзе той краінай, якую прасьцей паглынуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG