Лінкі ўнівэрсальнага доступу

99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады


У чэрвені 2016 году беларускі цэнтар бізнэс-тэхналёгіяў Satio на замову міжнароднай некамэрцыйнай арганізацыі Pact правёў апытаньне 1005 беларусаў пад назвай «Тэст на грамадзянскасьць». У лютым Pact апублікаваў справаздачу па выніках «тэсту» (PDF).

99% апытаных лічаць, што ня могуць паўплываць на дзяржаўную палітыку і органы ўлады на мясцовым і нацыянальным узроўні. 64% лічаць, што ў Беларусі дзяржава ўсё вырашае ва ўсіх сфэрах жыцьця. Пры гэтым шмат хто ня ведае, каму належыць улада.

55% адказалі, што адзінай крыніцай улады ў Беларусі паводле Канстытуцыі ёсьць прэзыдэнт. Толькі 33,1% ведалі правільны адказ: адзіная крыніца ўлады — народ. Астатнія ці не адказалі на пытаньне, ці назвалі адзінай крыніцай улады парлямэнт. Пры гэтым 50% апытаных ня ведалі, як завецца парлямэнт (да 1996 года парлямэнтам быў Вярхоўны Савет, але Лукашэнка яго разагнаў, сабраўшы са сваіх прыхільнікаў замену парлямэнту: Нацыянальны сход, што складаецца зь верхняй палаты —Савету Рэспублікі, і ніжняй палаты — Палаты прадстаўнікоў).

Толькі 3% апытаных змаглі назваць свайго дэпутата ў мясцовых саветах і 3,8% — свайго дэпутата ў Палаце прадстаўнікоў. 25% нічога ня ведаюць аб працы парлямэнту.

Аж 18% апытаных ніколі не бывалі за межамі краіны. Толькі 9,3% мелі досьвед доўгага пражываньня за мяжой (больш за паўгода жылі, вучыліся ці працавалі там), а 69% выяжджаюць за мяжу не часьцей аднаго разу на год.

61% беларусаў адзначылі, што не валодаюць замежнымі мовамі, акрамя расейскай. Кожны пяты апытаны лічыў, што ў Беларусі адна дзяржаўная мова — беларуская. 3,4% лічылі, што толькі расейская, 76% ведалі, што расейская і беларуская.

5,8% ня здолелі даць правільнага адказу на пытаньне, колькі ў Беларусі абласьцей, амаль 17% не змаглі адказаць, з кім Беларусь мяжуе (9,5% забывалі Літву і Латвію).

Толькі 4,2% «дастаткова дасьведчаныя» ў тым, як траціцца і складаецца дзяржаўны бюджэт, а 19,3% лічаць, што «хутчэй дасьведчаныя». 38% пра гэта зусім ня ведаюць.

Галоўным сваім правам 50,1% беларусаў назвалі права на жыцьцё (Беларусь — апошняя краіна Эўропы, у якой гэтага права можа пазбавіць суд). Сьледам ішлі права на працу (49,3% беларусаў), адукацыю (30,2%), мэдыцынскае абслугоўваньне (19,7%), свабоду (16,6%), адпачынак (15,7%), свабоду слова (11,8%).

Галоўным жа абавязкам 59% беларусаў назвалі абавязак выконваць законы. Далей ідуць абавязкі плаціць падаткі (40%), працаваць (28,7%, хоць такі абавязак нідзе не прапісаны, беларусы мусяць плаціць «падатак на дармаедаў», калі менш за 183 дні «фінансаваў дзяржаўныя выдаткі»), ахоўваць навакольнае асяродзьдзе (16,2%), бараніць Радзіму (15,6%), выконваць Канстытуцыю (11,8%).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG