Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што мяняе ў міжнароднай палітыцы жорсткая пазыцыя Дональда Трампа адносна Крыму?


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: 14 лютага прэс-сакратар Белага дому Шон Спайсэр заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп чакае ад Масквы актыўнага ўдзелу ў дээскаляцыі канфлікту ва Ўкраіне і вяртаньня Крыму.

15 лютага сам Дональд Трамп напісаў у твітэры: «Крым быў захоплены Расеяй пры адміністрацыі Абамы. Ці ня быў Абама дужа мяккі ў адносінах да Расеі?» Пры гэтым слова «захоплены» амэрыканскі прэзыдэнт напісаў вялікімі літарамі.

Тут цікавы сам стыль новага амэрыканскага прэзыдэнта. Ён зьвяртаецца да сьвету, заяўляе пра сваю пазыцыю не праз мэдыі, зь якімі ў яго няпростыя адносіны, не заўсёды праз сваіх памочнікаў, напрыклад, праз прэсавага сакратара, а непасрэдна праз сацыяльную сетку, праз Твітэр.

Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагона Кортні Гілсан паведаміў, што ЗША маюць намер надалей аказваць сур’ёзную падтрымку ўзброеным сілам Украіны

У гэтай жа сувязі трэба разглядаць і наступны факт. Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагона Кортні Гілсан паведаміў, што ЗША маюць намер надалей аказваць сур’ёзную падтрымку ўзброеным сілам Украіны, дапамагаючы ім нарасьціць патэнцыял. Намесьнік кіраўніка Пэнтагона Боб Ўорк абмеркаваў вайсковую дапамогу Кіеву зь міністрам замежных спраў Украіны Паўлам Клімкіным. «Ўорк падкрэсьліў, што ЗША па-ранейшаму рашуча падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны і нацэленыя на ўмацаваньне патэнцыялу ўзброеных сіл Украіны», — сказаў прадстаўнік Пэнтагона.

Новы кіраўнік Пэнтагона Джэймс Мэціс падчас сваёй першай паездкі ў новай якасьці ў Эўропу заявіў на сустрэчы з саюзьнікамі ў НАТО, што перамовы з Расеяй весьці трэба, але «з пазыцыі сілы»,

Трэба заўважыць, што стаўленьне Дональда Трампа да ўкраінскага крызісу, да палітыкі Расеі адносна Крыму і Данбасу мянялася, адбылася пэўная эвалюцыя. Падчас перадвыбарчай кампаніі Трамп казаў, што з Расеяй трэба не канфліктаваць, а дамаўляцца, што ў пытаньні Крыму можна ісьці на саступкі. І гэта выклікала вялікі рэзананс у Расеі. Расейскія гакеры спрабавалі ўплываць на ход выбарчай кампаніі ў ЗША, дапамаглі дыскрэдытаваць ягоную суперніцу Гілары Клінтан. Перамогу Трампа ў Расеі сустрэлі як сьвята, там была эўфарыя, маўляў, цяпер наш чалавек у Белым доме.

Аднак чым далей, тым больш пазыцыя адміністрацыі Трампа блізкая да палітыкі Абамы. І вось цяпер Трамп нават абвінавачвае Абаму ў мяккасьці адносна Расеі.

Трамп мог бы ўвогуле не чапаць тэму Крыму, яна цяпер не гарыць, каб не псаваць адносіны з Расеяй, ва ўсякім разе да асабістай сустрэчы з Пуціным, падчас якой прэзыдэнт ЗША плянаваў нейкую зьдзелку з расейскім кіраўніком. Больш актуальная і вострая праблема Данбасу.

Аднак вось жа зачапіў, прытым у такім катэгарычным стылі. Чаму? Думаю, гэта можна тлумачыць унутрыпалітычнымі амэрыканскімі падзеямі. Трэба нагадаць, што пайшоў у адстаўку памочнік прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Майкл Флін — з той прычыны, што вёў перамовы з амбасадарам РФ. Гэта выклікала скандал.

І падчас перадвыбарчай кампаніі, і цяпер у ЗША на адрас Трампа гучыць шмат абвінавачаньняў у тым пляне, што ён прарасейскі палітык. І цяпер Трамп імкнецца давесьці, што гэта ня так, дэманструючы жорсткасьць у дачыненьні да Масквы.

Каліноўскі: Вось гэты кароткі твіт Дональда Трампа і кароткая заява ягонага прэс-сакратара сапраўды шмат што зьмянілі ў агульных палітычных падыходах і ў Амэрыцы, і ў сьвеце. Жорсткая пазыцыя Трампа па Крыме фактычна вярнула статус-кво ў пытаньні ацэнкі краінамі Захаду расейскай агрэсіі ва Ўкраіне і яе наступстваў. Пляны адміністрацыі Пуціна паціху скончыць вайну на Данбасе, перадаўшы на сваіх умовах акупаваны рэгіён назад у склад Украіны ў абмен на зьняцьцё санкцыяў і прызнаньне Крыму расейскім —гэты кашмар апошніх месяцаў эўрапейскай і асабліва ўкраінскай палітыкі — мяркую, маюць мала шанцаў.

Не сказаць, каб менскія перамовы і санкцыі Захаду дасягнулі сваёй мэты, але працягнуць падобную палітыку — гэта ўсё-ткі значна лепшы варыянт, чым дараваць Расеі вайсковае ўварваньне і анэксію чужой тэрыторыі

Калі Кангрэс на ўсялякі выпадак замацуе санкцыі супраць Расеі адмысловым законам, гэта будзе азначаць, што стаўленьне да расейскай палітыкі і патрабаваньні да яе не памяняліся, глябальнага перавароту, які б пацягнуў за сабой яшчэ больш непрадказальныя дзеяньні Расеі ў рэгіёне, тут не адбудзецца. Не сказаць, каб менскія перамовы і санкцыі Захаду дасягнулі сваёй мэты, але працягнуць падобную палітыку — гэта ўсё-ткі значна лепшы варыянт, чым дараваць Расеі вайсковае ўварваньне і анэксію чужой тэрыторыі, што адкрыла б шлях да перагляду межаў усёй Эўропы.

Расея зьбянтэжаная, яна шмат паставіла на Трампа — і вось табе маеш. Цяпер у Маскве гуляюць у дурня, маўляў, Крым — гэта наша тэрыторыя, і мы наконт гэтага ні з кім гаварыць ня будзем.

У справе Крыму важная пазыцыя ЗША і Захаду, але найбольш важная пазыцыя Ўкраіны, якая застаецца законным гаспадаром анэксаванай тэрыторыі. Расея, якая, паводле Трампа, захапіла гэтую тэрыторыю, перш за ўсё павінна думаць, як замірыцца з калісьці братнім народам. Або яны думаюць варагаваць стагодзьдзямі, або хочуць зусім зьнішчыць Украіну як дзяржаву, адрадзіць СССР? Бо ў галовах расейскіх палітыкаў варацца ўсялякія вар’яцкія пляны. Гэты рэвізіянізм ужо спынены перш за ўсё самой Украінай, яе байцамі, адроджанай арміяй, валянтэрамі, а таксама санкцыямі Захаду. Гэта надае спадзеваў, што Расея не захоча новых авантураў, бо некаторыя экспэрты кажуць, што Масква хацела б анэксаваць і Беларусь.

Глод: Высьветлілася, што жорсткая пазыцыя прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі стала нечаканасьцю для расейскіх палітыкаў. Сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін, у прыватнасьці, доўга адмаўляўся даваць журналістам камэнтары і казаў, што трэба спачатку разабрацца, што Дональд Трамп выказаўся менавіта так. І гэта пацьвярджае зьбянтэжанасьць і разгубленасьць Масквы пасьля знакавай заявы.

Магчыма, гэта адбываецца таму, што раней і сам Трамп, і ягоныя паплечнікі выказвалі сваю пазыцыю вельмі абцякальна. Да перамогі на выбарах Дональд Трамп толькі казаў, што ў выпадку перамогі «вывучыць гэтае пытаньне».

Падобна, што «ўкраінская карта» можа стаць моцным козырам Дональда Трампа на ягоных перамовах з прэзыдэнтам Расе

Цяпер сытуацыя кардынальна зьмяняецца. Што хоча зарабіць сабе заявай пра Крым прэзыдэнт ЗША? Сама меней — падняць каштоўнасьць украінскага пытаньня з мэтай далейшага торгу з Расеяй. Падобна, што «ўкраінская карта» можа стаць моцным козырам Дональда Трампа на ягоных перамовах з прэзыдэнтам Расеі.

Тут я хачу нагадаць пра рэакцыю Крамля на прапанову Трампа, якую той ня раз паўтараў падчас сваёй выбарчай кампаніі. Тады ён празрыста намякаў на тое, што ЗША могуць часткова аслабіць абмежаваньні, накладзеныя на Расею, у выпадку, калі «гэта будзе выгадна абодвум бакам». Трамп тады прапановаў Крамлю абмяняць зьмякчэньне санкцыяў на супольную барацьбу з тэрарызмам. А якая была на гэта рэакцыя Масквы? Барацьба з тэрарыстамі — не прадмет торгу для Расеі. А Міністэрства замежных спраў Расеі фактычна на кожны намёк Трампа рэагавала адной і той жа заявай — «Расея не зьбіраецца нікому вяртаць свае тэрыторыі».

Мне падаецца, Крэмль тут моцна перагнуў палку. І атрымаў яшчэ мацнейшы адказ з Вашынгтону.

Магчыма, расейскія палітыкі спадзяваліся, што Трамп будзе займацца, як ён казаў падчас выбарчай кампаніі, выключна ўнутранымі амэрыканскімі справамі. Але ж без Вашынгтона немагчыма вырашыць ніводнай буйной міжнароднай праблемы. І дзіўна, што ў Маскве пра гэта забыліся. Магчыма, там спадзяваліся, што Трамп ня будзе падтрымліваць украінскія ўлады, бо сымпатыі Кіева выразна былі на баку Клінтан.

Карацей, здаецца, у Масквы сапраўды былі спадзяваньні, што жорсткіх заяваў Трампа пра Крым ня будзе. І тут Крэмль моцна памыліўся. А Белы дом, наадварот, паказаў сваю моц. І словы Трампа шмат каго ва Ўкраіне натуральна акрылілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG