Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На «маліне» ля ерыхонскай мяжы


Павал Касьцюкевіч на прэзэнтацыі кнігі "Плян Бабарозы"
Павал Касьцюкевіч на прэзэнтацыі кнігі "Плян Бабарозы"

1. Першая ахованая мяжа...

Самы першы памежны КПП у гісторыя чалавецтва паўстаў у выніку канфлікту. Яго на мяжы з раем адбудаваў абражаны Госпад:

«Паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага хэрувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця» (Быцьцё 3:24).

Агнём і мячом Госпад адасобіўся ад людзей. Пасьля гісторыі з дрэвам веды сыны чалавечыя могуць, крый Божа, пратачыцца назад у рай і скаштаваць таксама з дрэва жыцьця. Дрэва сярод іншых выгодаў дорыць неўміручасьць, чыста боскую якасьць.

На польска-савецкай мяжы
На польска-савецкай мяжы

Хэрувім — самы засакрэчаны баец у гісторыі памежных войскаў. Біблія толкам не раскрывае яго зьнешні выгляд. Паводле добрай эўрапейскай традыцыі, афармляючы «Чацьвёртую кнігу Царстваў», Скарына высунуў сваю графічную вэрсію гэтых нябесных ахоўнікаў. Больш за тое, няясна, хэрувім — гэта адна істота ці іх некалькі? Канчатак «-ім» у іўрыце ўжо сам па сабе азначае множны лік (адзіночны лік — «херуб»). Але часам з хэрувімамі і сэрафімамі суседнія словы абыходзяцца як з назоўнікам адзіночнага ліку. Такая падвойнасьць мусіць паказаць шматвымерную прыроду гэтых нябесных істотаў. Таму задаволімся больш абцякальным азначэньнем — «вайсковая адзінка „хэрувім“».

2. ...і пашпартны кантроль

Аддаючы ў вакенца пашпарт на «Каменным Логу» ці «Варшаўскім мосьце» і нажахана ўглядаючыся ў высечаныя з каменьня твары нашых і эўразьвязаўскіх памежнікаў, заўжды варта супакойваць сябе: раней было горш. Нашмат-нашмат.

Выява двух херувімаў у малельні. Ілюстрацыя да скарынаўскай Бібліі
Выява двух херувімаў у малельні. Ілюстрацыя да скарынаўскай Бібліі

Адзін зь першых пашпартных кантроляў на мяжы ўвёў старазапаветны судзьдзя Іфтах. На пераправе празь Ярдан замест прад’яўленьня пасьведчаньняў ці здаваньня біямэтрычных адбіткаў галаадзкія памежнікі патрабавалі ў пахаджан вымавіць слова «шыбалет». Рэч у тым, што варожы клян яфрэмлянаў праз адсутнасьць «ш» у сваёй гаворцы вымаўляў гэтае слова як «сыбалет». Сыканьне замест шыпеньня азначала ня толькі забарону на ўезд, але і сьмяротнае пакараньне на месцы.

Ужо тады памежнае ведамства прадэманстравала не абы-якую выхітраванасьць. Каб не выклікаць падазрэньняў, памылку выяўлялі ў слове, якое мела дачыненьне да памежных працэдураў. «Шыбалет» азначае «пераправу».

Ці бралі ў старазапаветныя часы памежнікі і мытнікі хабар? Біблія не выказваецца на гэты конт наўпрост, але дакладна вядома, што памер мыта ды іншых збораў задавальняў ня ўсіх. Вось з царом пасярэдняй дзяржавы Эдом вядзе перамовы Майсей. З Эгіпту ў Ханаан праз эдомскі калідор ён хоча правесьці «невялічкую» групку гастарбайтэраў (600 тысяч мужчын, ня лічачы дзяцей), прыдбаўшы транзытную візу за паўцаны:

«Сказалі яму сыны Ізраілевыя: мы пойдзем вялікаю дарогаю, і калі будзем піць тваю ваду, я і быдла маё, дык будзем плаціць за яе; толькі нагамі маімі прайду, што нічога не каштуе».

Цар Эдомскі трымаўся іншага меркаваньня стасоўна транзытных коштаў для таптуноў ягонай зямлі. Дамовіцца не атрымалася.

3. Амаль што Сяргей Пясэцкі

Ханаанская мяжа майсеевых часоў вельмі нагадвае паўпразрыстую польска-бэсэсэраўскую мяжу 20 гадоў ХХ стагодзьдзя. Усё роўна, як у рамане Сяргея Пясэцкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы», тут і незаконны транзыт гастарбайтарэў, і кантрабанда (згадаем вываз вінаграду і яблык дванаццацю выведнікамі), і тут-сюднае гойсаньне шпіёнаў. І шум пагоні з удзелам памежнікаў, і панадны бляск чаўнакоўскіх «малін»-хованак... У Бібліі нават ужыты ўлюбёны прыём Пясэцкага: зоркамі ханаанскага памежжа робяцца ўладальнікі несамавітых прафэсій, сярод якіх зырка зіхціць вобраз блудніцы Рааў.

Марк Шагал, «Рааў і ерыхонскія шпіёны»
Марк Шагал, «Рааў і ерыхонскія шпіёны»

Гісторыя такая. Перад вайсковым наступам на Ерыхон павадыр габрэяў Ісус Навін паслаў двух шпіёнаў аблазіць горад. Каб не выклікаць падазрэньняў, шпіёны спыняюцца ў блудніцы, чыя кватэрка заходзіцца ўнутры гарадзкіх муроў. Гэта зручна — можна вылазіць за межы Ерыхона нават калі гарадзкая брама замкнутая.

Але контрвыведка працуе эфэктыўна, і салдаты ерыхонскага цара завітваюць да Рааў з ператрусам. Шпіёнам удаецца даць драла ў горы на захад. Вынаходлівая Рааў пасылае царскіх салдат у процілеглым кірунку — на ўсход.

Біблія малюе Рааў (ад «рахаў» — «шырокі») жанчынай ня толькі шырокай душы, але і кругагляду. Рааў добра абазнаная ў асновах касмагоніі: «Бо Госпад Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе» (Навін 1:11). Яна цьвяроза ацэньвае расстаноўку палітычных і вайсковых сіл у рэгіёне: «Я ведаю, што Госпад аддаў гэтую зямлю вам».

У падзяку за паратунак заваёўнікі захавалі Рааў жыцьцё і дазволілі застацца ў Ерыхоне. Яе нашчадкі праз некалькі пакаленьняў нават уплывалі на палітыку ерусалімскіх цароў. Пасьля перамогі габрэяў гасьцінная «маліна» Рааў, трэба меркаваць, не ацалела. Абрынулася разам з гарадзкім мурам пад напорам гукаў сакрэтнай зброі Ісуса Навіна —"ерыхонскай трубы«.

Дарэчы, любае героям Пясэцкага слова «маліна» паходзіць не ад ягады, а ад старазапаветнага кораня «л-і-н», «ночыць». Першапачаткова іўрыцкае слова «маліна» (ў заходнебеларускім вымаўленьні «мэліна») азначала амаль тое самае: «начлег, заезны дом» — праўда, без крымінальнага налёту. У ХХ стагодзьдзі праз чацьвёртую дзяржаўную мову Беларусі, ідыш, «маліну» кантрабандай занесла ў слэнг ракаўскіх тарбэчнікаў і фартавікоў.

Павал Касьцюкевіч, перакладчык ізраільскай літаратуры

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG