У момант выхаду Марціна Сайдзіка да журналістаў два хлопцы і дзьве дзяўчыны пачалі выкрыкваць абразы ў адрас прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, скандаваць «Данбас — у склад Расеі». Таксама яны раскідалі ўлёткі з заклікам да кіраўніцтва Расеі спыніць перамовы з Украінай і накіраваць войскі ў Данецкую і Луганскую вобласьці Ўкраіны. Спадар Сайдзік пакінуў памяшканьне. Як такі інцыдэнт мог адбыцца на мерапрыемстве міжнароднага ўзроўню?
Начальнік службы бясьпекі «Прэзыдэнт-гатэлю» паведаміў Свабодзе, што ахова гатэлю адказвае за бясьпеку толькі гасьцей і наведнікаў:
«З гэтым пытаньнем лепш зьвяртайцеся ў міліцыю. Наша служба бясьпекі адказвае толькі за выкананьне так званага „гатэльнага стандарту“. Гэта значыць, адказваем за бясьпеку гасьцей і наведнікаў гатэлю. А калі праходзяць міжнародныя мерапрыемствы, іншыя службы атрымліваюць асобныя задачы. Арганізатары мерапрыемства павінны прадумаць і гарантаваць захады бясьпекі. Так што пытаньне не да нас».
Прэсавы сакратар Упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі паведаміў Радыё Свабода, што пакуль ня ведае падрабязнасьцяў інцыдэнту:
«Ведаю толькі, што адзін чалавек затрыманы, учора ўвечары ён быў дастаўлены ў Ленінскі РУУС, на яго складзены пратакол паводле двух артыкулаў КоАП: 23.34 і 17.1. Справа яго перададзеная ў суд Ленінскага раёну».
На пытаньне, чаму не затрымалі астатніх траіх удзельнікаў беспарадкаў і наагул, як такое магло здарыцца на мерапрыемстве міжнароднага ўзроўню, дзе было шмат міліцыі, нават АМАП, Аляксандар Ластоўскі адказаў:
«Трэба вывучаць, у чыё распараджэньне паступаў асабісты склад, расстаноўку, ці несьлі яны дзяжурства ўсярэдзіне, ці толькі па пэрымэтры. Будзем вывучаць канкрэтны выпадак. Але я лічу, што калі б СМІ так актыўна не абмяркоўвалі, не раскручвалі падобныя інцыдэнты, не было б такога рэзанансу».
Правакатары заявілі, што яны актывісты партыі «Другая Расея» (былая Нацыянал-бальшавіцкая партыя). На прэсавую канфэрэнцыю прадстаўніка АБСЭ яны прыйшлі з пасьведчаньнямі журналістаў «Русской планеты».