Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне прагназуюць адключэньні сьвятла ды ацяпленьня з-за нястачы вугалю з акупаванага Данбасу


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Міністэрства паліва і энэргетыкі Ўкраіны разам з дзяржаўнай кампаніяй «Укрэнэрга» прапануюць ураду абвясьціць надзвычайны стан у энэргетычным сэктары ў сувязі з блякаваньнем паставак антрацытавага вугалю з акупаваных тэрыторый Данбасу.

«Улічваючы дэфіцыт антрацытавай групы вугалю і адсутнасьць альтэрнатыўных яго паставак міністэрства ініцыюе ўвядзеньне надзвычайнага стану ў энэргетычнай сфэры», — паведаміў сёньня ў Кіеве міністар паліва ды энэргетыкі Ўкраіны Ігар Насалік на пасяджэньні антыкрызіснага энэргетычнага штабу.

Выканаўца абавязкаў дырэктара «Укрэнэрга» Ўсевалад Кавальчук адзначыў, што пры звычайных нормах спажываньня вугалю на цеплаэлектрастанцыях хопіць толькі на 40 дзён. «Сярэдняе спажываньне вугалю антрацытавай групы ў тых рэжымах, якія мы назіраем у апошні час, складае каля 30 тысяч тон у суткі. Калі ў найбліжэйшыя дні ня будуць адноўленыя пастаўкі антрацытавага паліва, то неабходным зьяўляецца ўвядзеньне надзвычайнага стану ў электраэнэргетыцы», — патлумачыў Усевалад Кавальчук.

Мы маем разумець, што пяройдзем да веерных адключэньняў.

«Мы маем разумець, што пяройдзем да веерных адключэньняў. Гэта будзе тычыцца і эканамічных працэсаў, і прамысловых аб’ектаў. Таму мы падрыхтавалі распараджэньне пра часовыя надзвычайныя захады на рынку электраэнэргіі і ў найбліжэйшы час будзем яго ўносіць на разгляд Кабінэту Міністраў», — дадаў Ігар Насалік.

Спэцыялісты мяркуюць, што на пераразьмеркаваньне энэргетычных патокаў з выкарыстаньнем атамнай энэргіі спатрэбіцца да 100 дзён.

Пастаўкі антрацытавага вугалю з акупаванага Данбасу летась ў сьнежні заблякавалі вэтэраны добраахвотніцкіх батальёнаў, патрабуючы вызваленьня сваіх байцоў з палону гэтак званых «ЛНР-ДНР». Сёлета ў студзені добраахвотнікі заблякавалі некалькі чыгуначных вузлоў, празь якія перавозіўся вугаль на падкантрольную тэрыторыю Ўкраіны.

Калі губляецца вугаль, спыняюцца энэргаблёкі, якія працуюць на вугалі, гэта азначае, што 30 адсоткаў энэргетыкі краіны проста спыняецца.

«Калі губляецца вугаль, спыняюцца энэргаблёкі, якія працуюць на вугалі, гэта азначае, што 30 адсоткаў энэргетыкі краіны проста спыняецца. Я хачу паставіць пытаньне пра Кіеў, Харкаў. Я не разумею, чаму нехта хоча давесьці да таго, каб памяшканьні засталіся без ацяпленьня. Гэта проста недапушчальна. Калі хто-небудзь з тых, хто блякуе, ведае, што прыдумаць замест вугалю, калі ласка, прыйдзіце і скажыце», — сказаў сёньня прэм’ер-міністар Украіны Уладзімер Гройсман, камэнтуючы блякаваньне паставак вугалю з Данбасу.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ва Ўкраіне 30 адсоткаў электраэнэргіі вырабляецца на вугальных цеплавых станцыях. Асноўнымі спажыўцамі гэтай энэргіі зьяўляюцца Кіеў, Харкаў, Чарнігаў і Чаркасы. «Перавесьці гэтыя гарады на іншы від паліва немагчыма», — падкрэсьліў кіраўнік украінскага ўраду.

Прадстаўнікі ўраду таксама зьвяртаюць увагу, што вугаль з Данбасу здабываюць на шахтах, якія зарэгістраваныя і сплачваюць падаткі на кантраляванай украінскімі уладамі тэрыторыі.

У той жа час, ва ўрадзе пакуль не камэнтуюць, якім чынам гэтая сытуацыя адаб’ецца на перамовах пра аднаўленьне паставак электраэнэргіі ў Беларусь. Летась Нацыянальная атамная энергагенэрыруючая кампанія «Энэргаатам» (Украіна) і дзяржаўнае прадпрыемства «Белэнэрга» падпісалі адпаведнае рамачнае пагадненьне. Дагэтуль бакі працягваюць перамовы пра тэрміны, аб’ёмы і кошт паставак, якія мусяць быць вызначаныя дадатковым пагадненьнем.

У Міністэрстве энэргетыкі ды вугальнай прамысловасьці падкрэсьлілі, што пытаньне пра аднаўленьне экспарту ў Беларусь будзе разглядацца толькі ў тым выпадку, калі ва ўкраінскай энэргетычнай сыстэме будуць лішкі электраэнэргіі. «Тарыфы паставак будуць вызначацца рынкавай каньюнктурай, бо ўкраінскае заканадаўства прадугледжвае продаж электраэнэргіі па аптовых рынкавых цэнах», — адзначыў прадстаўнік дэпартамэнту электраэнэргетычнага комплексу Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны ў размове з Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG