Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра Туркмэністан і выбары прэзыдэнта Бэрдымухамэдава


У Туркмэністане, адной з найбольш закрытых краінаў сьвету, адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Паводле ЦВК, дзейны кіраўнік дзяржавы Гурбангулы Бэрдымухамэдаў набраў амаль 98 працэнтаў галасоў выбарнікаў у ходзе галасаваньня. Разам з дырэктарам туркмэнскай службы Свабоды (Радыё Азатлык) Фарухам Юсупавым мы сабралі 10 найбольш цікавых фактаў пра Туркмэністан і выбары прэзыдэнта ў гэтай краіне.

Старшыня ЦВК бяз імені

У Туркмэністане няма апазыцыі (яе выкаранілі цалкам), няма свабодных СМІ, няма незалежнай сацыялёгіі. Адметна, што ў паведамленьнях туркмэнскіх інфармацыйных агенцтваў не называецца імя старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. «Ёсьць старшыня, ён мае імя, але ў афіцыйных зводках яго імені няма. Такая практыка ў Туркмэністане — не называць афіцыйных асобаў, каб паказаць, што ёсьць толькі адзін чалавек — прэзыдэнт краіны», — тлумачыць Фарух Юсупаў.

Выбарчыя бюлетэні запаўнялі школьнікі

Незалежных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах не было. У Ашгабаце былі назіральнікі ад СНД і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, якія заўсёды кажуць пра адсутнасьць парушэньняў. І нават гэтыя назіральнікі не даюць ніякіх лічбаў пра выбары. Сусьветныя агенцтвы зьвярталіся ў туркмэнскую рэдакцыю Свабоды па інфармацыю.

Карэспандэнты Азатлык, якія наведалі некалькі ўчасткаў у Ашгабаце, казалі пра нізкую яўку і актыўнасьць: паводле іх, за некалькі гадзінаў прагаласавала толькі некалькі дзясяткаў чалавек. На адным участку за два дні да выбараў вучням сярэдніх клясаў далі заданьне паставіць птушкі ў бюлетэнях насупраць імені дзейнага прэзыдэнта, каб потым іх укінулі за тых, хто ня прыйдзе галасаваць. Гэта распавёў Свабодзе чалавек, задзейнічаны ў арганізацыі выбараў у школе.

Няма зьвестак пра колькасьць жыхароў Туркмэністану

Прагаласавалі, паводле афіцыйных зьвестак, больш за 3 мільёны 100 тысяч чалавек. Але ў Туркмэністане няма дадзеных пра колькасьць насельніцтва, бо перапіс не праводзілі даўно, і заўсёды называюцца прыблізныя лічбы — каля 5 мільёнаў ці больш за 5 мільёнаў чалавек.

Акрамя Бэрдымухамэдава, у выбарах удзельнічалі яшчэ восем кандыдатаў. Паводле дырэктара туркмэнскай службы Свабоды, сам працэс не адрозьніваўся ад папярэдніх выбараў. Гэтым разам у Бэрдымухамэдава было 8 умоўных супернікаў, мінулы раз — 6, да гэтага — 4 супернікі, калі ён абіраўся ўпершыню пасьля сьмерці Сапармурата Ніязава.

Скокі на выбарах прэзыдэнта ў Туркмэністане
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:27 0:00

Выбары на фоне вострага дэфіцыту хлеба, мукі, цукру, алею

Прэзыдэнцкім выбарам папярэднічаў моцны эканамічны крызіс. Людзям месяцамі не выплачваюць заробкі. Існуе востры дэфіцыт хлеба, мукі, цукру, алею. Краіна апынуўся ў цяжкай эканамічнай сытуацыі з прычыны падзеньня коштаў на энэрганосьбіты, што зьяўляецца асноўнай часткай даходу ў дзяржаўны бюджэт. Экспэрты прадказваюць, што бліжэйшыя некалькі гадоў будуць вельмі цяжкія ў эканамічным пляне, і далей невядома, ці палепшыцца сытуацыя. Дзяржаўны бюджэт Туркмэністану трымаецца толькі на экспарце энэрганосьбітаў, у асноўным прыроднага газу.

Прыпыненыя даставы туркмэнскага газу ў Расею і Іран

За апошнія два гады Туркмэністан страціў двух асноўных пакупнікоў прыроднага газу — Расею і Іран. Застаўся толькі Кітай, які купляе 30 мільярдаў кубамэтраў у год па вельмі заніжанай цане, бо Кітай фінансаваў пракладку газаправоду з Туркмэністану праз Узбэкістан і Казахстан у Кітай. Былі ўкладзеныя вялікія грошы, і, у адпаведнасьці з пагадненьнем, была вызначаная нізкая цана для Кітаю, таму цяпер дзяржаўны бюджэт краіны вельмі цярпіць праз гэта, пры тым, што Туркмэністан мае чацьвёртыя паводле велічыні радовішчы прыроднага газу ў сьвеце.

Дэсаветызацыя на фоне жорсткіх рэпрэсіяў

Гады знаходжаньня Туркмэністану ў складзе Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу ў краіне ацэньваюцца вельмі нэгатыўна. У краіне адбылася дэсаветызацыя, але гэта ніяк не паўплывала на жыцьцё звычайнага туркмэна, кажа Фарух Юсупаў.

Манумэнт Сапармурату Ніязаву
Манумэнт Сапармурату Ніязаву

Савецкія назвы замянілі на туркмэнскія, падчас кіраваньня першага прэзыдэнта Сапармурата Ніязава шмат населеных пунктаў назвалі ягоным імем і імёнамі ягоных родных. Пра сталінскія рэпрэсіі туркмэнскія ўлады выказваліся вельмі жорстка, у той жа час у туркмэнскіх турмах знаходзяцца дзясяткі палітзьняволеных, пра лёс якіх нічога не вядома. Зь імі няма ніякай сувязі, родныя даведваюцца пра іх лёс толькі тады, калі іх целы выдаюць пасьля сьмерці. Рэпрэсіі працягваюцца ня менш, чым за сталінскім часам, перакананы дырэктар туркмэнскай службы Свабоды Фарух Юсупаў.

Зьняволеныя журналісты

Двое карэспандэнтаў, якія супрацоўнічалі са Свабодай, цяпер знаходзяцца за кратамі. У нядаўняй заяве прэзыдэнта Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Томаса Кента ёсьць заклік неадкладна вызваліць журналістаў Сапармамэда Нэпэскуліева і Худайбэрды Алашава.

Алашаў, вядомы сваімі крытычным матэрыяламі аб становішчы ў краіне, быў арыштаваны 3 сьнежня 2016 году паводле абвінавачваньня ў захоўваньні жавальнага тытуню насвай. Яму пагражае да васьмі гадоў турмы. Карэспандэнт Радыё Азатлык Сапармамэд Нэпэскуліеў у верасьні 2015 году быў засуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньня ў захоўваньні наркотыкаў. Праваабаронцы ня раз называлі гэтыя абвінавачваньні сфабрыкаванымі па палітычных матывах.

Улады плацяць баевікам за тое, каб не было канфліктаў на мяжы з Аўганістанам

Грамадзяне Туркмэністану ня могуць свабодна падарожнічаць. Калі ёсьць пашпарт, гэта не гарантуе, што грамадзяніна Туркмэністану выпусьцяць за межы краіны, сьведчыць Фарух Юсупаў. Паводле Індэксу візавых абмежаваньняў, Туркмэністан ёсьць самай закрытай краінай СНД. Гэта першая постсавецкая рэспубліка, якая ўвяла візавы рэжым з усімі краінамі былога СССР, у тым ліку з Расеяй.

Туркмэністан у зьнешняй палітыцы ўсяляк падкрэсьлівае свой нэўтралітэт. Акрамя СНД, АБСЭ і ААН краіна не ўваходзіць ні ў якія міжнародныя арганізацыі, саюзы ці блёкі. Адносіны з суседзямі можна назваць нэўтральнымі, не прахалоднымі, але і цёплымі, паводле Юсупава, іх не назавеш таксама. Нядаўна ў Туркмэнабадзе адну вуліцу назвалі ў гонар памерлага прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава. Але эканамічнага і палітычнага супрацоўніцтва з суседзямі амаль няма.

Ёсьць праблемы на мяжы з Аўганістанам, некаторыя ўчасткі стала знаходзяцца пад пагрозай нападу баявікоў. І ёсьць дадзеныя пра тое, што туркмэнскія ўлады адкупляюцца, каб захаваць гэтую мяжу некранутай, і таму проста плацяць групоўкам грошы, каб захаваць статус нэўтралітэту.

Кепскія адносіны з Расеяй

Туркмэнская мова — адзіная дзяржаўная ў Туркмэністане. Паводле розных зьвестак, больш за палову насельніцтва Туркмэністану расейскай мовы ня ведаюць наагул. Усё пісьменства ў дзяржаве пераведзеная на лацінку.

Год таму «Газпром» адмовіўся ад туркмэнскага газу, бо бакі не прыйшлі да згоды ў цане на газ. Пасьля гэтага адносіны паміж Расеяй і Туркмэністанам вельмі сапсаваліся. Летась у лістападзе ў разгар крызісу прэзыдэнт Туркмэністану сустракаўся з прэзыдэнтам Расеі ў Сочы. Афіцыйных заяваў па выніках сустрэчы не было, але неафіцыйных дадзеныя сьведчылі пра тое, што Расея паабяцала даць крэдыт 2 мільярды даляраў, але прыйшлі гэтыя грошы ці не, туркмэнскія ўлады так і не паведамілі, распавядае дырэктар туркмэнскай службы Свабоды.

Перамены могуць прыйсьці са зьменай лідэра

Фарух Юсупаў падкрэсьлівае, што зьмена ўлады ў Туркмэністане дагэтуль адбывалася толькі з прычыны сьмерці лідэра. І сёньня казаць пра перадумовы, што гэта зьменіцца пры цяперашнім прэзыдэнце, не выпадае, зьмены наўрад ці будуць, пакуль гэты лідэр будзе ва ўладзе, перакананы дырэктар туркмэнскай службы Свабоды.

Гурбангулы Бэрдымухамэдаў упершыню стаў прэзыдэнтам Туркмэністану ў 2007 годзе. На выбарах у 2012 годзе за яго, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 97 адсоткаў выбарнікаў. Тады ў ЦВК краіны гэтак жа заяўлялі пра амаль стоадсоткавую яўку. У верасьні 2016 году ў Канстытуцыю Туркмэністану былі ўнесеныя зьмены, якія павялічваюць тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў. Тады ж было адмененае ўзроставае абмежаваньне для абраньня прэзыдэнтам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG