Міністэрства прамысловасьці Беларусі разьмясьціла на сваім сайце пералік гаспадарчых таварыстваў, якія належаць дзяржаве і акцыі якіх прапаноўваюцца да продажу ў 2017 годзе.
Усяго ў пераліку 19 прадпрыемстваў. У дачыненьні да 16 зь іх да продажу прапаноўваецца ўвесь пакет акцыяў, які належыць дзяржаве, гэта, у прыватнасьці, Гарадзенскі завод гандлёвага машынабудаваньня, Давыд-Гарадоцкі электрамэханічны завод, Менскі завод ацяпляльнага абсталяваньня, Віцебскі прыборабудаўнічы завод, Брэсцкі радыётэхнічны завод, Брэсцкі электрамэханічны завод, Гомельскі завод вымяральных прыбораў і іншыя прадпрыемствы.
У дачыненьні да ААТ «Бабруйскі машынабудаўнічы завод» і ААТ «Баранавіцкі завод станкапрыладаў» гаворка ідзе аб продажы акцыяў асноўнаму акцыянэру паводле індывідуальнага праекту нарматыўнага прававога акту кіраўніка дзяржавы з заключэньнем інвэстыцыйнай дамовы.
У пералік таксама ўключаныя ААТ «БАТЭ» — кіруючая кампанія холдынгу «Аўтакампаненты», ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Гарызонт», ААТ «Гомсельмаш». Па гэтых прадпрыемствах мяркуецца продаж да кантрольнага пакета акцыяў стратэгічнаму інвэстару пад канкрэтныя інвэстпраекты паводле індывідуальнага праекту нарматыўнага прававога акту кіраўніка дзяржавы з заключэньнем інвэстыцыйнай дамовы.