У аўторак, 7 лютага, у Партызанскім судзе Менску быў асуджаны на 3 гады калёніі мянчук, які на ўласным аўтамабілі праехаў па пляцоўцы каля Вечнага агню. У некаторых гэты прысуд выклікаў зьдзіўленьне сваёй жорсткасьцю. Свабода згадала, што і раней здараліся выракі, якія, паводле водгукаў, падаваліся надзвычай жорсткімі, ці, наадварот, нечакана мяккімі. Прапануем вашай увазе падборку 5 жорсткіх і 5 мяккіх прысудаў апошніх гадоў.
Жорсткія
1. Справа кіроўцы «Паршэ Каена»
Увосень 2012 году ў двары менскай школы № 23 пад коламі дарагога аўто «Паршэ Каен» загінуў трэцяклясьнік. Кіроўца, бізнэсовец Андрэй Забабура, у судзе не прызнаваў віны, казаў, што ня мог бачыць хлопчыка, калі той выскачыў на дарогу з-за прыпаркаваных аўтамабіляў, і нават наракаў на дарожныя знакі на ўезьдзе ў школьны двор. Абарона запрасіла ў суд незалежнага экспэрта, высновы якога маглі б зьмякчыць прысуд абвінавачанаму. Але, магчыма, якраз гэта дало адваротны вынік — Андрэй Забабура атрымаў 4 гады зьняволеньня. Наступствам здарэньня таксама сталі шматлікія адстаўкі чыноўнікаў у сыстэме адукацыі, кіраўнікоў ДАІ розных узроўняў; двары менскіх школ абгарадзілі адмысловымі платамі. Паводле водгукаў у сацсетках, жорсткі прысуд кіроўцу і захады бясьпекі збольшага былі ўхваленыя грамадзтвам, што не магло не адбіцца на далейшай судовай практыцы.
2. Справа раварыста зь бітай
Інцыдэнт на роварнай дарожцы ў сталіцы Беларусі выглядаў як шараговы вулічны канфлікт, між тым паводле розгаласу ў сацсетках стаў ледзь не чэмпіёнам 2016 году. Здарэньне адбылося ў чэрвені на вуліцы Прытыцкага. Мянчук Анатоль Грынкевіч ехаў на ровары па адмысловай дарожцы і паваліўся ад сутыкненьня зь юнаком, які не пасьпеў саступіць дарогу. За гэта Грынкевіч ударыў хлопца бітай па галаве ды яшчэ пакінуў непрытомнага ляжаць на газоне. І ўсё ж вырак Грынкевічу шмат каго зьдзівіў — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, як і прасіла пракуратура. Атрымаць мякчэйшы прысуд не дапамагло ні тое, што ў сям’і Грынкевіча было зусім малое дзіця, ні станоўчыя характарыстыкі з працы. Апэляцыя таксама не памагла. Экспэрты адзначалі, што справа дайшла да суду дзякуючы фота, якое сьведкі выклалі ў інтэрнэце. Выпадак даў нагоду для вялікай дыскусіі аб праблемах роварнага руху.
3. Справа жывадзёра-алькаголіка
У 2016 годзе ў Менску адбыўся гучны працэс над чалавекам, які забіў сабаку. Шчанюка ў дом прынёс і даглядаў сын 55-гадовага Аляксандра Радкевіча. Але, паводле апошняга, сын не ўзгадніў гэта зь ім як з гаспадаром кватэры. Пасьля чарговай п’янкі мужчына адрэзаў шчанюку галаву і выкінуў труп жывёлы пад лесьвіцу ў пад’езьдзе. Інцыдэнт здарыўся ў канцы лета, а ўжо ў кастрычніку суд прысудзіў Радкевічу-старэйшаму паўтара года пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Адметна, што санкцыя паводле артыкула аб жорсткім абыходжаньні з жывёламі прадугледжвае максымальнае пакараньне ў выглядзе 1 году арышту, але мужчыну прызналі вінаватым і ў хуліганстве, што дало магчымасьць павялічыць тэрмін пакараньня. У дзяржаўных мэдыях падкрэсьлівалі, што ўпершыню ў Беларусі за забойства жывёлы прысудзілі да рэальнага зьняволеньня.
4. Справа байкера на «Судзукі»
На думку назіральнікаў, гэта таксама быў вельмі паказальны працэс з запраграмавана жорсткім прысудам. Інцыдэнт здарыўся 18 красавіка 2016 году ў Менску на скрыжаваньні праспэктаў Незалежнасьці і Машэрава. Байкер Сяргей Шаўцоў на матацыкле «Судзукі», паводле суду, не падпарадкаваўся інспэктару ДАІ і спрабаваў рушыць зь месца. У выніку міліцыянт Уладзімер Таўпінец паваліўся на праежджую частку і атрымаў траўму ад аўтамабіля, які ехаў па ёй. Пасьля выхаду з комы Ўладзімеру Таўпінцу зрабілі некалькі апэрацыяў на чэрапе. Адметна, што, як і іншыя кіроўцы ў гэтым сьпісе, цалкам сваёй віны Шаўцоў не прызнаваў і даводзіў, што гэта з прычыны дзеяньняў пацярпелага міліцыянта ён ня мог кіраваць матацыклам у момант інцыдэнту. Гэтаксама як і ў справе Андрэя Забабуры, абарона Шаўцова спрабавала падключыць да справы незалежную экспэртызу, але гэта не дапамагло. Суд вёў вядомы па працэсах над апазыцыянэрамі судзьдзя Валер Есьман. Ягоны прысуд — 5 гадоў калёніі — байкеру аспрэчыць не ўдалося.
5. Справа «дрыфтэра»
Сьпіс надзвычай жорсткіх прысудаў пазаўчора, 7 лютага, папоўніў вырак менчуку Кірылу Філіпчыку, які ў канцы мінулай восені некалькі разоў праехаўся на сваім «Мэрсе» па пляцоўцы каля помніка Перамогі ў Менску. Відэа з «дрыфтам» (кружэньнем аўто вакол пэўнага месца праз тармажэньне) паблізу Вечнага агню зьняў і выклаў у інтэрнэт сябра Філіпчыка — відаць, меркаваў гэтак падтрымаць таварыша.
Але далей усё пайшло ня так, як бы хацелася Філіпчыку. Хоць ад ДАІ ён уцёк, але вельмі хутка яго вылічылі па нумарах, затрымалі і ўрэшце прыцягнулі ня толькі да адміністрацыйнай, але і да крымінальнай адказнасьці. У тым ліку за зьнявагу гістарычнай каштоўнасьці. Прычым «з асаблівым цынізмам, у нецьвярозым стане», як адзначала пракуратура.
На судзе Філіпчык часткова прызнаў віну, выбачаўся перад вэтэранамі і прасіў суд не пазбаўляць яго волі, але ўсё роўна атрымаў 3 гады рэальнай калёніі — нават не калёніі-пасяленьня, якую звычайна даюць кіроўцам, у тым ліку і тым, хто забіў чалавека па неасьцярожнасьці. Магчыма, Кірыл Філіпчык абскардзіць прысуд, але наўрад ці яму гэта ўдасца. Уражаньне, што нехта нябачны адсочвае працэсы, якія можна назваць «болевымі кропкамі» грамадзкай маралі, і не дазваляе, каб выракі ў іх дэманстравалі «слабіну» дзяржавы.
Між тым часам здараюцца і адваротныя выпадкі — калі суды, а ў іх асобе, верагодна, і дзяржава, даруюць нейкія злачынствы або даюць за іх надзіва малыя пакараньні. Некаторыя з гэтых выракаў выглядаюць выключэньнямі з агульнага правіла, некаторыя, на думку назіральнікаў, дэманструюць палітыку дзяржавы ў той ці іншай галіне.
Мяккія
1. Справа Галіны Жураўковай
Гэтая даўняя справа застаецца лідэрам паводле розьніцы паміж тым, якое злачынства прызнаў суд і якое наклаў за яго пакараньне. Але яшчэ больш зьдзіўленьня выклікае тое, што нават гэтага пакараньня злачынцы ўдалося пазьбегнуць. У 2005 годзе кіраўніца спраў Аляксандра Лукашэнкі Галіна Жураўкова была прызнаная вінаватай у крадзяжы праз службовыя злоўжываньні больш як 2 мільёнаў даляраў дзяржаўных грошай. За значна меншыя сумы растратаў як простыя людзі, гэтак і дзяржаўныя чыноўнікі адпраўляліся ў «месцы ня вельмі аддаленыя» на вялікія тэрміны, але Галіне Жураўковай Вярхоўны суд прысудзіў толькі 4 гады зьняволеньня. Дзіўна, што на абвяшчэньні выраку самой яе не было — нібыта з прычыны хваробы.
Дзівосы працягваліся і далей. У калёнію Галіна Жураўкова так і ня трапіла, бо, як выявілася, кіраўнік дзяржавы яе памілаваў. У выніку з прызначанага тэрміну высокапастаўленая чыноўніца адбыла толькі 4 месяцы ў сьледчым ізалятары і некалькі месяцаў пад падпіскай аб нявыезьдзе. Паводле мэдыяў, Галіна Жураўкова зьехала зь Беларусі ў Расею.
2. Справа аб забойстве Юліі Саламацінай
Гэта гісторыя ў 2014 годзе не магла ня ўразіць грамадзтва сваёй бесчалавечнасьцю. У Менску 18-гадовую Юлю Саламаціну са Смалявічаў ня проста забілі, але фактычна зьнішчылі яе цела: спачатку разрэзалі «балгаркай», потым мяккія тканкі і ўнутраныя органы перакруцілі ў мясарубцы, зварылі і зьлілі ў каналізацыю, а косткі і галаву спалілі на вогнішчы ў лесе. Як высьветліў суд, забіў дзяўчыну 26-гадовы мянчук Павал Цыняўскі, а зьнішчаць цела забітай яму дапамагала маці — Галіна Цыняўская. Прычым выявілася, што зварыць цела і зьліць яго ў каналізацыю прапанавала якраз жанчына, якая раней працавала на кухні ў дзіцячым садку. Цыняўскі атрымаў за забойства 17 год зьняволеньня, а ягоная маці — 2 гады калёніі за зьнішчэньне дакумэнтаў ахвяры.
Маці забітай Юлі Саламацінай наракала пасьля суду, што ў крымінальным законе няма адмысловага артыкула з адказнасьцю за бесчалавечныя дзеяньні зь целам памерлага чалавека.
3. Справа дырэктара гімназіі Бандарэнкі
Гэтая справа з разраду антыкарупцыйных дэманструе, што і да карупцыянэраў у Беларусі ставяцца па-рознаму. У канцы 2016 году былы дырэктар менскай беларускамоўнай гімназіі № 4 Юры Бандарэнка быў асуджаны за хабар у 500 даляраў на 2 гады з адтэрміноўкай цягам 2 гадоў. Таксама ў экс-дырэктара гімназіі суд пастанавіў канфіскаваць маёмасьць. Экспэрты заўважылі, што ўмоўны тэрмін зьняволеньня — даволі рэдкі прысуд чалавеку, прызнанаму вінаватым у карупцыйным злачынстве. Таксама назіральнікі адзначылі, што сьледзтва не знайшло іншых фактаў хабарніцтва з боку Бандарэнкі, а суд паверыў падсуднаму, калі той кляўся, што гэта здарылася зь ім толькі аднойчы. Некаторыя камэнтатары ў сацсетках напісалі, што гэта дзіўна.
4. Справа дырэктаркі птушкафабрыкі Шарэйкі
Часам і ў Беларусі здараецца, што мяккі прысуд выклікае ня прыкрае зьдзіўленьне, а вялікую радасьць усёй судовай залі. Гэтак у 2016 годзе быў сустрэты вырак былой сэнатарцы, дырэктару Віцебскай птушкафабрыкі Ганьне Шарэйцы, якую судзілі за нанясеньне вялікіх стратаў праз службовыя злоўжываньні. Ганна Шарэйка адпачатку не прызнавала сябе вінаватай, актыўна абаранялася і фактычна перамагла — яе прызналі вінаватай па адным з артыкулаў, але далі толькі 2,5 года, ужылі амністыю і вызвалілі ў судзе з жалезнай клеткі, паколькі большую частку тэрміну жанчына ўжо адбыла падчас сьледзтва. Супрацоўнікі адміністрацыі і простыя работніцы птушкафабрыкі, якія прыехалі ў суд, потым казалі журналістам, што на мяккі прысуд амаль не спадзяваліся, думалі, што будзе, як заўсёды. Неўзабаве пасьля суду Ганна Шарэйка аднавілася на працы і надалей кіруе птушкафабрыкай. Працуюць далей і сьледчыя з пракурорамі, якія вялі яе справу і падтрымлівалі абвінавачаньне ў судзе.
5. Справа меркаванага «пэдафіла» Давыдовіча
У сьнежні 2016 году Менскі гарадзкі суд паставіў кропку яшчэ ў адной крымінальнай справе, вынік якой назіральнікам падаецца дзіўным. Гаворка пра былога міліцыянта і былога супрацоўніка адміністрацыі Лукашэнкі, кіраўніка дабрачыннага фонду «Ў дапамогу дзецям-сіротам» Вячаслава Давыдовіча, якога абвінавачвалі ў гвалтоўных дзеяньнях супроць падлеткаў і эканамічных злачынствах. Раней сьледзтва паведамляла, што ў справе Давыдовіча фігуруюць дзясяткі пацярпелых малалетак. Некаторыя прадстаўнікі грамадзкасьці таксама лічылі, што сабраная база доказаў дазволіць спыніць меркаванага сэксуальнага злачынцу. Але вырак суду іх зьдзівіў. Хоць Давыдовіч і атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі, але, улічваючы час ранейшага знаходжаньня пад вартай, на волю выйдзе хутка — ужо ў другой палове 2018 году. Сацыяльныя сеткі і мэдыі адказалі на такі вырак гнеўнымі камэнтамі, у тым ліку пытаньнем: «Навошта нам на волі пэдафіл?».