Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Шарамета: забойства зрабілі на палітычную замову


Машына, у якой ехаў Павал Шарамет, пасьля выбуху.
Машына, у якой ехаў Павал Шарамет, пасьля выбуху.

У Кіеве сьледчая група, якая расьсьледуе справу пра забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета, абвясьціла першыя вынікі: падазраваныя ёсьць, але абвінавачаньні супраць іх ня вылучаныя.

«Калі мы гаворым пра працэсуальны статус падазраваных, то на сёньняшні дзень ніводнай асобе не вынесена адпаведнага працэсуальнага дакумэнту. Мы над гэтым працуем. Асобы, якія абгрунтавана падазраюцца і могуць быць датычнымі, разуменьне пра замоўнікаў і выканаўцаў, іхных пасобнікаў — ёсьць, але гэта сёньня нельга агучваць», — заявіў кіраўнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Аляксандар Вакуленка.

Міністар унутраных спраў Арсен Авакаў адразу папярэдзіў журналістаў, што інфармацыя пра дэталі расьсьледаваньня будзе абмежаванаю і толькі ў тым аб’ёме, што дазволена сьледзтвам.

Якія ж новыя дэталі сталі вядомыя?

Сьледзтва на падставе экспэрымэнтаў устанавіла, што самаробная выбуховая прылада, усталяваная на машыне Паўла Шарамета, была зробленая на аснове часткі супрацьпяхотнай міны МОН-50, а ў дзеяньне яе прывяла жанчына, якая зьмяніла сваю зьнешнасьць пры дапамозе парыка і сонечных акуляраў. На ўсіх відэаматэрыялах, што прадэманстравалі журналістам, твары падазраваных былі «размытыя». Міністар Арсен Авакаў таксама мяркуе, што пакуль ня час распаўсюджваць фотаробаты падазраваных.

Вэрсіі забойства не зьмяніліся, але прыярытэтныя вызначаны

Ад пачатку дасудовага расьсьледаваньня сьледзтва спынілася на чатырох асноўных вэрсіях забойства Паўла Шарамета — прафэсійная дзейнасьць, памылка ў абʼекце злачынства (рыхтавалася забойства ўласьніцы выданьня «Ўкраінская праўда» Алены Прытулы, дэстабілізацыя сытуацыі ў дзяржаве і канфліктныя сытуацыі ў асабістым жыцьці журналіста.

«Усе гэтыя вэрсія застаюцца ў распрацоўцы, у тым ліку асобным блёкам сьледзтва вывучае журналісцкую і апазыцыйную дзейнасьць Паўла Шарамета ў Расеі ды Беларусі», — удакладніў Авакаў.

«Беларускі сьлед» не галоўны

Разам з тым, у пераліку фактаў, якія вывучае сьледзтва ў комплексе, «беларускі сьлед» згубіўся — на месца забойства Паўла Шарамета першай прыехала група прарасейскага «17 каналу» (гэтаксама, як і годам раней, у 2015 годзе, на месца забойства ўкраінскага журналіста Алеся Бузіны), а на момант выбуху аўтамабіля журналіста на прылеглай тэрыторыі былі зафіксаваныя 1193 злучэньні мабільных апэратараў з расейскімі абанэнтамі. «Злучэньні мабільных тэлефонаў гэтай групы зафіксаваны каля месца жыхарства і працы Паўла Шарамета за некалькі дзён да злачынства і раніцай 20 ліпеня ў раёне выбуху, пасьля гэтага яны былі дзіўным чынам лякалізаваныя і зьніклі», — паведаміў міністар унутраных спраў Украіны.

Украіна зьвярнулася да 14 іншых краін, у тым ліку суседзяў, па прававую дапамогу, каб атрымаць доступ да дадзеных пра замежных тэлефонных абанэнтаў, а, як вядома з судовых пастаноў, у справе фігуруюць некалькі нумароў зь Беларусі, Польшчы, Нямеччыны, Літвы і з Расеі. «Мы чакаем інфармацыю, якая, як мы спадзяемся, будзе нам карыснай. А больш дэталёвую інфармацыю ў інтарэсах сьледзтва не магу паведаміць», — адзначыў кіраўнік галоўнага сьледчага ўпраўленьня Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Аляксандар Вакуленка.

«Расейская» вэрсія — асноўная

Сьледзтва разглядае забойства Паўла Шарамета празь некалькі іншых падзеяў — літаральна за некалькі дзён да гібелі ён у Маскве сустракаўся з былым міністрам Украіны па даходах і зборах Аляксандрам Кліменкам па пытаньні магчымага пераходу на працу на радыё «Вести» ў якасьці галоўнага рэдактара. Ва Ўкраіне гэтае СМІ разглядаюць як складнік прапагандысцкай працы Расеі на ўкраінскай тэрыторыі.

Апроч таго, сьледчыя вывучаюць факты па сьлядах публікацый Паўла Шарамета на тэму вярбоўкі ўкраінскіх грамадзян для дывэрсій на тэрыторыі Ўкраіны, а таксама артыкулы, якія так і не былі апублікаваныя. Іх тэмы таксама пакуль не агучваюць.

Арсен Авакаў мяркуе, што трэба ўлічваць і факт сяброўства Шарамета з расейскім апазыцыянэрам Барысам Нямцовым, забітым у лютым 2015 года ў Расеі, і зь ягоным паплечнікам Уладзімерам Кара-Мурзом-малодшым, якога некалькі дзён шпіталізавалі з атручэньнем.

«Такім чынам, вынікі дасудовага расьсьледаваньня наўмыснага забойства Паўла Шарамета дазваляюць меркаваць, што гэтае злачынства грунтоўна рыхтавалася групай асоб — замоўнае забойства. Сьледзтва таксама не выключае вэрсію замоўнага палітычнага забойства, заказ на якое паступіў менавіта з Расейскай Фэдэрацыі. Сьледзтва працягваецца», — рэзюмаваў міністар унутраных спраў Арсен Авакаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG