Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс музэю Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы вырашаць увесну


Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка. Малая Багацькаўка, 16 лістапада 2015 году
Літаратурны музэй Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка. Малая Багацькаўка, 16 лістапада 2015 году

Перанос літаратурнага музэю імя Максіма Гарэцкага зь вёскі Малая Багацькаўка ў Мсьціслаў могуць распачаць ужо ўвесну. Такое меркаваньне выказала ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-4» начальніца аддзелу ідэалягічнай працы Мсьціслаўскага райвыканкаму Натальля Біскуп.

Яна сказала, што такія працы пачнуць, калі высьветліцца, што грамадзкасьць раёну і родныя пісьменьніка ня супраць таго, каб музэй разьмясьцілі ў райцэнтры.

Пазыцыю грамадзкасьці высьвятляюць праз адмысловае анкетаваньне. На перанос музэю спатрэбіцца, паводле падлікаў чыноўнікаў, 40 тысяч рублёў.

«Мы не абумоўлівалі тэрмінаў, але, думаю, да пачатку вясны гэтае пытаньне варта вырашыць, каб у выпадку станоўчага рашэньня нашых мясцовых жыхароў і наагул родзічаў Максіма Гарэцкага ўвесну распачаць працы», — сказала Натальля Біскуп.

Шыльда на сьцяне музэю імя Максіма Гарэцкага
Шыльда на сьцяне музэю імя Максіма Гарэцкага

Прычынамі, якія вымагаюць перанесьці музэй з роднай вёскі клясыка беларускай літаратуры ў Мсьціслаў, называюць яго слабую наведвальнасьць — бо ён за тры дзясяткі кілямэтраў ад райцэнтру, — а таксама тое, што дом не ацяпляецца, і таму немагчыма захоўваць экспазыцыю. Летась музэй наведалі паўтары сотні чалавек.

Замест дому-музэю мяркуюць паставіць памятны знак. Сам жа музэй разьмясьціць у гістарычнай частцы Мсьціслава, побач з будынкам мужчынскай гімназіі, у якой выкладаў Гарэцкі.

Пляменьнік беларускага літаратара акадэмік Радзім Гарэцкі ведае пра намеры раённых уладаў. Ён сказаў, што чыноўнікі зь ім ня раіліся, як трэба абысьціся з музэем. Зь ім гутарыла загадчыца раённага музэю, якая выклала пазыцыю райвыканкаму. Тэлефанавалі яму і журналісты дзяржаўных выданьняў.

Радзім Гарэцкі
Радзім Гарэцкі

Радзім Гарэцкі не ў захапленьні ад ідэі перанесьці музэй зь вёскі ў райцэнтар. Ён задае пытаньне: чаму ў Расеі музэі Пушкіна, Талстога, Тургенева — у вёсках, і адтуль іх не перавозяць у людныя месцы, а ў Беларусі так абыходзяцца з памяцьцю нацыянальных творцаў?

Ён сумняваецца, што на месцы музэю зьявіцца памятны знак, і прыгадвае сытуацыю ў Горках. Там таксама некалі абяцалі паставіць інфармацыйны знак на месцы зьнесенага дому, у якім жыў Гарэцкі.

Сумняваецца Радзім Гарэцкі, што стары дом, у якім цяпер музэй, вытрымае пераезд:

«Бярвёны даўно патачыў шашаль, таму яны рассыплюцца».

Літаратурны музэй у Малой Багацькаўцы адкрылі ў 1993 годзе. У адной палове сялянскай хаты — экспазыцыя пра творчы і жыцьцёвы шлях Максіма Гарэцкага і ягоных блізкіх. Другая, этнаграфічная палова дае магчымасьць уявіць сабе сялянскае жыцьцё, якое вялі Гарэцкія.

У Малой Багацькаўцы нарадзіўся Максім Гарэцкі. На тутэйшых могілках пахаваныя ягоныя бацькі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG