Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Абламейка: «Я напісаў кніжку, якой мне асабіста не хапала ў беларускай літаратуры»


Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

6 лютага ў Галерэі «Ў» у межах моўных курсаў «Мова нанова» адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Сяргея Абламейкі «Дом літаратара. Пісьменьніцкія гісторыі». Гэта 15 кароткіх апавяданьняў пра пісьменьнікаў. На прэзэнтацыі выступяць Міхась Скобла, Ірына Дубянецкая, Зьміцер Бартосік.

«Цяпер у літаратуры модна пісаць раманы і аповесьці. А апавяданьні, як мне здаецца, нямодныя. А я нямодна люблю чытаць апавяданьні і люблю пісаць апавяданьні.

На мой погляд, цяпер якраз час кароткіх формаў. Цяпер людзі пішуць кароткія пасты ў „Фэйсбуку“, чытаюць гэтыя пасты, у сацыяльных сетках папулярныя кароткія відэа, кароткія кліпы. Такое ўражаньне, што літаратура таксама павінна адказаць кароткімі формамі на гэты трэнд.

Ну а зь іншага боку, літаратура — гэта справа густу. Хтосьці піша прыгожа, хтосьці піша аб прыгожым, а хтосьці ставіць прыгожыя мэты, шыфруючы іх у свае сюжэты. Я напісаў такую кніжку, выбраў простую мову і мінімум выяўленчых сродкаў. Частка герояў нават ня маюць партрэтаў, я не апісваю іх. Для мяне галоўнае — расказаць гісторыю так, каб чытач зразумеў, пра што гэтая гісторыя насамрэч.

Некалі савецкія пісьменьнікі-фантасты браты Стругацкія, калі іх пыталі, дзе яны бяруць свае сюжэты і чаму яны пішуць менавіта тое, што пішуць, адказвалі: „Нам якраз гэтага не хапала. Хацелі прачытаць такую кніжку, а яе няма“. Гэта значыць, што ім і самім было цікава гэта пісаць. І, як ні дзіўна, гэта і мая гісторыя. Я таксама пішу пра тое, што мне самому было б цікава прачытаць, чаго мне не хапае ў сучаснай беларускай літаратуры. З майго пункту гледжаньня, я напісаў кніжку, якой нам не хапала. Гэта мой уласны ўзор сучаснай беларускай літаратуры».

Адно апавяданьне фантастычнае. Дзея адбываецца на Маскоўскіх могілках. У ёй бяруць удзел усе пісьменьнікі, што там пахаваныя, а таксама да іх прыйшлі Янка Купала і Якуб Колас з Вайсковых могілак. Сярод герояў Уладзімер Караткевіч, Іван Шамякін, Міхась Лынькоў, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Піліп Пестрак, Фёдар Янкоўскі, Усевалад Краўчанка, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка — цэлы пантэон беларускай літаратуры», — распавядае Сяргей Абламейка.

Сама прэзэнтацыя, як паабяцаў аўтар, будзе таксама кароткай, як і ягоныя апавяданьні з кнігі «Дом літаратара. Пісьменьніцкія гісторыі»:

«Гэта будзе міні-прэзэнтацыя, бліц-прэзэнтацыя ў духу часу. Я — за кароткія формы».

Прэзэнтацыя пачнецца 6 лютага а 18.30 ў Галерэі «Ў» (Менск, праспэкт Незалежнасьці, 37А).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG