Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандар Лукашэнка не прымае рынкавай эканомікі


Сем гадзін дваццаць адна хвіліна — новы рэкорд працягласьці выступаў Аляксандра Лукашэнкі. 3 лютага на «Вялікай размове з прэзыдэнтам» быў пабіты рэкорд 2015 году.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Глод: Валер Карбалевіч ужо згадваў сёньня Яраслава Раманчука. І сапраўды, другой паводле папулярнасьці фігурай пасьля самога Лукашэнкі на сёньняшняй сустрэчы з журналістамі і экспэртамі стаў кіраўнік фонду Мізэса. Яшчэ па ходзе размовы ў сацыяльных сетках зьявіліся зьедлівыя камэнтары: «Колькі разоў ікнулася Яраславу Раманчуку?» «Там над Яраславам ужо німб сьвеціцца». Фэйсбукаўскага Карла можна замяніць на Яраслава.

І сапраўды, бясконцую колькасьць разоў кіраўнік дзяржавы зьвяртаўся да экспэрта, які вядомы сваёй прынцыповай адданасьцю рынкавай мадэлі эканомікі.

Кіраўнік Беларусі па-ранейшаму лічыць, што ня трэба нічога прынцыпова мяняць.

Але гэта зусім не азначае, што Лукашэнка ўрэшце з падачы Раманчука і ягоных калегаў, як кажуць, пранікся рынкавай ідэалёгіяй. На жаль, кіраўнік Беларусі па-ранейшаму лічыць, што ня трэба нічога прынцыпова мяняць. І сваю пазыцыю ён падмацоўвае тэзамі, добра вядомымі з мноства ранейшых выступаў. Аргумэнты старыя: трэба думаць пра людзей, якія працуюць на дзяржпрадпрыемствах; прыватнік ня больш эфэктыўны, чым дзяржпрадпрыемства; бізнэсоўцы — шмат хто жулікі. Сёньня ён прыводзіў прыклад арыштаванага дырэктара Мураўёва. Раней фігуравалі Марат Новікаў ды некаторыя іншыя.

Лукашэнка сёньня зноўку кажа: «Мяне ўжо не пераробіш. Я лічу, што мадэль для нас і для славянскіх краінаў — гэта сацыяльна арыентаваная эканоміка». А гэта азначае, што кіраўнік Беларусі прызнае, што, пакуль ён прэзыдэнт, ня будзе ў Беларусі лібэральнай рынкавай эканомікі, а будзе толькі «сацыяльная арыентаваная».

А цяпер давайце паглядзім, да чаго Беларусь дайшла праз так званую сацыяльна арыентаваную эканоміку. Можна казаць: да пэўнай мяжы. Бо калі глянуць на пералік прадпрыемстваў, якія дапусьцілі страты — то гэта амаль усё машынабудаваньне, станкабудаваньне, трактарабудаваньне і гэтак далей. Гэта ўсё баляст эканомікі. Але так не павінна быць — гэта тупік. Мы выжываем толькі таму, што перакрываем гэтыя страты за кошт перапрацоўкі расейскай нафты і продажу калійных угнаеньняў.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, вызначаючы дзейную беларускую мадэль, называе яе эканомікай, якая базуецца на замежных крэдытах і іх праяданьні. І яна, паводле здаровага сэнсу, павінна спыніць сваё існаваньне. Аднак сёньня Лукашэнка адкрыта заявіў: такога ня будзе.

Чаму мы працуем горш за іншых? Давайце параўнаем: у нас доля малога і сярэдняга бізнэсу ў валавым унутраным прадукце — 23%, а ў Эстоніі — 74%, у Латвіі — 78%, у Эўразьвязе — каля 70%.

На што разьлічвае Лукашэнка? Мабыць, на тое, што чыноўнікі пачнуць працаваць лепей, цэны на нафту падымуцца, і Расея зноў пачне закупляць беларускую прадукцыю.

Аднак сёньня было выразна бачна і зь некаторых сказаў, і з кантэксту, галоўнае: Лукашэнка лічыць, што зьмена сацыяльнай мадэлі — вялікая рызыка для ягонай улады. Вось чаму Беларусь па-ранейшаму будзе будаваць «сацыяльную дзяржаву».

Цыганкоў: Можна сказаць, што Аляксандар Лукашэнка даволі шчыра выказваўся па шмат якіх сацыяльных і эканамічных пытаньнях. Хоць, безумоўна, вельмі рэзка гэтыя выказваньні не заўсёды гучалі, але далі дастаткова поўнае ўяўленьне пра тое, што погляды яго на сацыяльна-эканамічныя пытаньні ня тое што кардынальным чынам, а наагул не зьмяніліся.

Калі ў нас паводле закону канфіскуюць маёмасьць, то тое ж самае можа адбыцца і зь зямлёй.

Вось калі ішла размова пра прыватную ўласнасьць на зямлю, Лукашэнка сказаў без усялякай аргумэнтацыі, што мы, відаць, яшчэ не дарасьлі. Пры гэтым патлумачыў: чаму вы думаеце, што прыватная ўласнасьць будзе нечым недатыкальным? Калі ў нас паводле закону канфіскуюць маёмасьць, то тое ж самае можа адбыцца і зь зямлёй.

Або пра самыя гарачыя тэмы, напрыклад, пра дэкрэт аб дармаедах. Тут Аляксандар Лукашэнка таксама імкнуўся ня быць ужо вельмі катэгарычным, але ў цэлым паўтарыў меркаваньне, што на самой справе дармаедаў зусім няшмат, іх усяго некалькі тысяч, пры тым яны вельмі актыўныя. Я так разумею, што ён намякаў перш за ўсё на сацыяльныя сеткі, на апазыцыю, маўляў, там крыюцца найбольшыя дармаеды. Хоць гэтыя словы проста кардынальным чынам разыходзіліся з афіцыйнымі дадзенымі. Паводле іх, падатак на дармаедзтва хочуць сабраць прыкладна з 400 тысяч чалавек.

Трэба нагадаць цытату, што мадэль для нас — гэта сацыяльна арыентаваная эканоміка. У адным месцы ён даволі нэгатыўна выказаўся пра прыватызацыю, але так, што — вы ж ведаеце, я гэта нядаўна патлумачыў МВФ, і яны мяне зразумелі, хоць не магу ўслых гаварыць пра ўсе дэталі нашых перамоваў. Маўляў, хто купіць беларускія прадпрыемствы, калі я запушчу іх прыватызацыю? Вы ўсе ведаеце, хто. Лукашэнка ня даў адказу, але відавочна меў на ўвазе перш за ўсё Расею, алігархаў і буйныя групы прамысловасьці і фінансаў. Такім чынам, непрыхільнасьць да прыватызацыі ён патлумачыў і клопатам пра нацыянальную бясьпеку, пра беларускую эканоміку. Маўляў, калі я буду дапускаць такі лібэралізм, то Беларусь толькі раскупяць. Так што ў гэтым сэнсе з новымі прыгожымі цытатамі, але Лукашэнка сёньня ўвесь час пацьвярджаў свае старыя, добра вядомыя нам прынцыпы.

Карбалевіч: Сапраўды, адказваючы на пытаньне Яраслава Раманчука наконт рынкавай эканомікі, ён шукаў аргумэнтацыі, чаму такая рынкавая эканоміка ў Беларусі непатрэбная, немагчымая. Аргумэнтацыя розная, але сутнасьць адна: ня трэба нічога асабліва мяняць.

З аднаго боку, рост заробкаў толькі пры ўмове росту прадукцыйнасьці працы, а зь іншага боку, 500 даляраў — «кроў з носу».

Ягоныя эканамічныя выказваньні былі даволі супярэчлівыя. З аднаго боку, рост заробкаў толькі пры ўмове росту прадукцыйнасьці працы, а зь іншага боку, 500 даляраў — «кроў з носу». З аднаго боку, за рынкавую эканоміку выступае 2/3 насельніцтва, а зь іншага — крытыка багатых, заклік падзяліцца, што, зразумела, супярэчыць прынцыпам рынкавай эканомікі.

Увогуле дыскусія з Раманчуком даволі паказальная. Раманчук і Лукашэнка размаўляюць на розных мовах. Раманчук кажа пра скарачэньне функцыяў дзяржавы. Лукашэнка адказвае пра «аптымізацыю», то бок скарачэньне дзяржапарату, скарачэньне колькасьці чыноўнікаў. Але скарачэньне чыноўнікаў без скарачэньня функцыяў нічога не мяняе. Раманчук кажа пра неэфэктыўнасьць дзяржсэктару. А Лукашэнка кажа, што калі пачнём прыватызацыю, то невядома, дзе гэтыя дзяржпрадпрыемствы апынуцца — можа, у замежнікаў. Пра эфэктыўнасьць гаворка не ідзе. Гэта зусім розны падыход, розныя мэнтальнасьці, розны сьветапогляд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG